Партыя БНФ » Слонімцы патрабуюць новыя выбары без Лукашэнкі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Слонімцы патрабуюць новыя выбары без Лукашэнкі

Дададзена 15.01.2021 12:37:19 | 285 праглядаў

Са Слонімшчыны на так званы „Усебеларускі народны сход”, які Лукашэнка плануе правесці 11-12 лютага, абраны 15 чалавек. Хто паедзе на сход і як выбіралі дэлегатаў – ніхто не ведае. Выбралі, каго хацелі. Карэспандэнт Радыё Рацыя задаў пытанне сябрам Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл: калі б вы трапілі на гэты сход і вам далі мажлівасць выступіць, што вы сказалі б з трыбуны людзям?

слонімКажа кіраўнік Слонімскай суполкі БНФ Павал Севасцьян: – Наогул, я лічу гэты сход незаконным, бо пасля дзяржаўнага перавароту ў 1996 годзе, няма легітымнасці самой улады, ніводнай галіны ўлады, а значыць няма месца палітыцы.

Калі ўмоўна ўсё ж такі выступіць з трыбуны, то, безумоўна, я б звярнуўся да цяперашняй “улады” і патрабаваў бы адпусціць усіх палітзняволеных, спыніць гвалт у адносінах да грамадзян, спыніць пераслед беларусаў за выкарыстанне бел-чырвона- белай сімволікі ў сваіх дамах, кватэрах, машынах, дварах, у нашым жыцці, а таксама тэрмінова спыніць усе крымінальныя справы і зняць абвінавачванні, пакаранні і адміністрацыйныя спагнанні з усіх удзельнікаў выбарчай кампаніі, мірных пратэстоўцаў, блогераў, праваабаронцаў, прадпрымальнікаў, журналістаў, пісьменнікаў, пенсіянераў, моладзі і іншых пацярпелых ад рэпрэсій беларусаў. Распавёў бы і прапанаваў бы ўзбудзіць крымінальныя справы і правесці расследванні забойстваў і катаваняў, што адбыліся падчас выбарчай кампаніі і пасля выбараў.

Лічу ўжо без выступлення на трыбуне, што перш за ўсё трэба спыніць гэты штодзённы тэрор на вуліцах краіны. Гэта павінна быць агульным патрабаваннем усіх людзей. І толькі пасля гэтага мы можам выносіць пытанні на абмеркаванне пра выбары ці пра Канстытуцыю. Разам з тым я цвёрда стаю на пазіцыі вяртання да Канстытуцыі 1994 года ў ранейшай рэдакцыі без аніякіх зменаў, бо Канстытуцыя 1994 года з’яўляецца легітымным прававым актам.

Актывіст БХД Алесь Масюк: – Сход гэты нічога не вырашае і не вырашыць, таму няма сэнсу туды нікому ехаць. Але, каб я туды патрапіў, то з трыбуны сказаў бы, што мы, жыхары Беларусі, хочам жыць у міры і спакою, разам талакою будаваць лепшае жыццё. Таму трэба тэрмінова спыніць рэпрэсіі, выпусціць палітзняволеных, прыцягнуць да адказнасці ўсіх тых, хто тварыў і творыць у Беларусі беззаконне, і тэрмінова правесці новыя выбары без Лукашэнкі.

Актывіст БНФ Уладзімір Літвін: – Мяне гэты сход зусім не цікавіць. І я на гэты сход не паехаў бы ні за якія грошы. Бо гэты сход да беларускага народа і лёсу нашых людзей ніякага дачынення не мае.

Сябра Партыі БНФ Віктар Марчык: – Спачатку сказаў бы там з трыбуны пра “дасягненні” прэзідэнства Лукашэнкі за 26 гадоў. А гэта пра знішчаныя прадпрыемствы, пра інфляцыю, пра рост цэн, пра нізкія заробкі і пенсіі, пра разваленыя калгасы і падзенне жыццёвага роўню насельніцтва краіны. Нагадаў бы і пра выбары 9 жніўня, пасля якіх збівалі і працягваюць біць і забіваць людзей на мірных мітынгах і сходах, а таксама пра невінаватых асуджаных і пра тых, якія прапалі без звестак. А ў канцы сваёй прамовы патрабаваў бы тэрмінова выпусціць ўсіх палітзняволеных, выплаціць ім кампенсацыі за час, які быў праведзены ў турме. А таксама ў самы бліжэйшы тэрмін прызначыць новыя выбары без Лукашэнкі.

12-4

Паводле Беларускага Радыё Рацыя

 

Сакавік 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Лют    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.