Партыя БНФ » Пабыць масоўкай — не дыялог: апазіцыя не пойдзе на “народны сход”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Пабыць масоўкай — не дыялог: апазіцыя не пойдзе на “народны сход”

Дададзена 16.01.2021 12:49:01 | 342 праглядаў

Менш за месяц заcтаецца да VI Усебеларускага народнага сходу. І чым бліжэй дата правядзення, тым больш чутак пра яго ходзіць – паведамляе Эўрарадыё. Самая свежая — запрасіць туды збіраюцца і прадстаўнікоў апазіцыі, каб паказаць выгляд дыялогу ў час палітычнага крызісу.

 

Ці атрымлівалі беларускія апазіцыянеры запрашэнне на Усебеларускі народны сход і ці збіраюцца яго прыняць? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася непасрэдна да апанентаў улады.

Кастусёў: “Такое запрашэнне не з’явіцца”

Кіраўнік БНФ Рыгор Кастусёў таксама ў курсе чутак, але кажа, што ў партыю ніякіх запрашэнняў таксама не паступала. І не паступіць, перакананы палітык:

“Такое запрашэнне не з’явіцца, гэта я дакладна ведаю. Я асабіста туды не планую хадзіць”.  

Еўрарадыё: Чаму? 

“Ёсць шэраг патрабаванняў, пры выкананні якіх партыя БНФ гатова сесці за стол перамоваў з беларускімі ўладамі. Па-першае, гэта вызваленне ўсіх палітзняволеных. Па-другое, гэта расследаванне ўсіх фактаў гвалту да ўдзельнікаў мірных акцыяў. Па-трэцяе, распачаць крымінальныя справы ў дачыненні да тых, хто гэты гвалт учыніў. І гэтак далей. Усё гэта было накіравана і ў Палату прадстаўнікоў, і ў Савет Рэспублікі, а таксама агучана мною ў эфіры нацыянальнага тэлебачання, куды мяне запрашалі. Але з боку ўладаў я атрымаў адказ, што гэта не прапановы, а ўльтыматум, які для ўладаў невыканальны. Калі яны так гэта ўспрымаюць, то зразумела, што ніякіх перамоўных працэсаў там адбывацца не можа”.

Чэрачэнь: “Гэта дыскрэдытацыя і сябе, і пратэсту”

На ўзроўні чутак інфармацыя наконт магчымага запрашэння паступала, але канкрэтных дзеянняў у адносінах да партыі “Грамада” не было, кажа яе лідар і экс-кандыдат у прэзідэнты Сяргей Чэрачэнь.

“Асабіста маё меркаванне, што гэта шырма, каб задобрыць усе пратэсты, якія цяпер ідуць. Я лічу, што без магчымасці сказаць слова на дадзеным мерапрыемстве ўдзел у ім — гэта дыскрэдытацыя і сябе, і пратэсту, які зараз праходзіць”.

Еўрарадыё: А калі разам з запрашэннем будзе абяцанне магчымасці выступіць?

“Трэба будзе больш сур’ёзна абдумаць гэтае пытанне, але 99,9 адсотка, што нікому з альтэрнатыўных і апазіцыйных палітыкаў там слова не дадуць — гэта з разраду фантастыкі”, — мяркуе Чэрачэнь.

Дзмітрыеў: “Гэта —  трыбуна для аднаго чалавека, прыхільнікам якога не з’яўляюся”

Андрэй Дзмітрыеў з “Гавары праўду” называе мерапрыемтва не інакш, як “Усебаларускі сход чыноўнікаў і начальнікаў”:

“Ад імя “Гавары праўды” я дасылаў у іх аргкамітэт тры прапановы, каб зрабіць гэты сход сапраўды народным. Першае — увесці ў аркамітэт прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў і грамадскіх арганізацыяў. Другое — сфармаваць разам агульны парадак дня праз інтэрнэт, які будзе разглядацца. І трэцяе — зрабіць магчымымі працэдуры вылучэння ад грамадства, якога на сённяшні дзень няма. Без усяго гэтага гэта сход прыхільнікаў Лукашэнкі. І паколькі я не прадстаўнік улады і не прыхільнік Лукашэнкі, то такое запрашэнне не атрымліваў”. 

Еўрарадыё: Але ўявім, што такое запрашэнне ўсё-ткі атрымаеце, то пойдзеце туды?

“Калі запрашэнне атрымаем, то там паглядзім. Зараз мая пазіцыя: гэта не народны сход. Гэта — трыбуна для аднаго чалавека, прыхільнікам якога не з’яўляюся”. 

Губарэвіч: “Дапускаю магчымасць прыняць удзел пры выкананні трох простых умоваў…”

Юрась Губарэвіч з Руху “За Свабоду” і чуткамі не цікавіцца, і запрашэння не атрымліваў:

“Я дапускаю магчымасць прыняць удзел (у сходзе. — Еўрарадыё) пры выкананні трох простых умоваў: гэта — вызваленне ўсіх палітвязняў, расследаванне па справах ужывання гвалту ды прызначэнне даты новых прэзідэнцкіх выбараў. Пасля гэтага можна весці дыялог”. 

Раманчук: “Пасядзець там, папіць каву ці гарэлку, пабыць масоўкай — гэта ж не дыялог”. 

Ніякіх запрашэнняў не атрымліваў, а каментаваць чуткі — гэта не справа навукоўца і даследчыка — як адразае Еўрарадыё эканаміст, самы заўважны лібертарыянскі палітык Беларусі і экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Яраслаў Раманчук.

“Безумоўна, што без вызвалення ўсіх палітзняволеных, без пачатку нейкага сур’ёзнага дыялогу паміж грамадскасцю і ўладамі ўдзел у гэтым сходзе немэтазгодны і маральна таксічны. Навошта? Пасядзець там, папіць каву ці гарэлку, пабыць масоўкай — гэта ж не дыялог. Дыялог быў у Польшчы з “Салідарнасцю” ў другой палове 80-х гадоў, бо бакі чулі адзін аднаго. А тут — ніхто нікога не чуе”, — завочна адмаўляецца ад запрашэння Раманчук.

Казлоў: “Да чутак не стаўлюся сур’ёзна, як і да гэтага сходу”

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў не ставіцца сур’ёзна ні да чутак пра запрашэнне на сход, ні да самога мерапрыемства:

“Мне здаецца, гэта тое ж самае, як вас запісваюць ва ўчастковую выбарчую камісію пад кіраўніцтвам Ярмошынай. То-бок патрэбны пэўныя патрабаванні, якім я не адпавядаю”.

Еўрарадыё: Але ж калі такое запрашэнне атрымаеце, ці пагодзіцеся прыняць удзел?

“Не, бо ўсё відавочна: ім [уладам. — Еўрарадыё] хацелася б разбавіць увесь гэты цырк прадстаўнікамі апазіцыі, каб выдаць гэта за нейкае дасягненне і пацвердзіць гэтае дзіўнае суджэнне Лукашэнкі, што ў яго ўжо ўсё добра — ён з усімі дамовіўся, ён перагарнуў старонку. Я не магу з гэтым пагадзіцца, я не хочу перагортваць старонку. Я хочу, каб нарэшце адбылося правасуддзе, каб адбыліся сумленныя выбары, каб былі вызваленныя ўсе палітзняволеныя. А бяз гэтага мне няма пра што гаварыць”. 

Барысаў: “Не зусім правільна з маральнага пункту гледжання”

Кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Ігар Барысаў мяркуе гэтаксама, як і яго калегі па апазіцыйным цэху:

“Асабіста маё меркаванне, што ўдзельчаць у гэтым сходзе да таго моманту, пакуль знаходзяцца людзі і працягваецца гвалт, не зусім правільна з маральнага пункту гледжання. Калі такое запрашэнне, то партыйнымі органамі будзем яго абмяркоўваць і прымаць адпаведнае рашэнне. Якім будзе гэтае рашэнне? Я не выключаю, што яно будзе блізкае да маёй пазіцыі”. 

Кучук: “Легалізаваць гэты сход мы не лічым канструктыўным”

“Афіцыйнага запрашэння нам не прыходзіла, — расказвае кіраўнік партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук. — Гэтае мерапрыемства мы праігнаруем, бо лічым, яно нічога не вырашае і не з’яўляецца канстытуцыйным органам, які можа змяніць Канстытуцыю. Мы знаходзімся ў апазіцыі да дзейнай улады, таму легалізаваць гэты сход мы не лічым канструктыўным. На сходзе проста будзе праходзіць забалбатанне ўсіх гэтых праблемаў, якія існуюць у грамадска-палітычным крызісе Беларусі”. 

Канапацкая: “Выкарыстоўваць Усебаларускі сход як трыбуну, каб данесці пункт гледжання пра сітуацыю ў краіне, неабходна”

А вось эпатажная Ганна Канапацкая адразу ўдакладняе, што як кандыдат у прэзідэнты яна не павінна нейкія чуткі абмяркоўваць, але дзеліцца з Еўрарадыё сваім стаўленнем да сходу:

“Гэта спроба ўлад зрабіць выгляд дыялогу і адцягуць увагу грамадскасці ад тых рэальных праблем, якія цяпер існуюць у грамадстве. Трэба разумець, што гэта не з’яўляецца нейкім законатворчым органам ці органам улады альбо кіравання”. 

Еўрарадыё: Але калі вас запросяць, то пойдзеце туды?

“Канчатковага рашэння не прыняла, але я лічу, што выкарыстоўваць Усебаларускі сход як трыбуну, каб данесці пункт гледжання пра сітуацыю ў краіне, неабходна. І выкарыстоўваць не толькі як трыбуну, але для стварэння груп уплыву ў тых ці іншых пытаннях, бо цяпер вельмі адраджаецца грамадзянская і палітычная актыўнасць беларусаў, і гэта безумоўна трэба выкарыстоўваць, каб прыйшлі сапраўдныя перамены для захавання беларускіх дзяржаўнасці і незалежнасці. А таксама мы ні ў якім разе не павінны даваць уладам у рукі чарговы козыр, каб ёй казаць, што апазіцыя не гатовая да дыялогу і супрацоўніцтва”, — кажа Канапацкая.

Усё-ткі як мінімум на аднаго альтэрнатыўнага палітыка на Усебеларускім народным сходзе ўлады могуць разлічваць. Іншых вядомых апазіцыянераў мы, хутчэй за ўсё, там не ўбачым – падсумоўвае Еўрарадыё.

Сакавік 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Лют    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.