Сябра Сойму БНФ Вітольд Ашурак асуджаны на пяць год зьняволеньняДададзена 18.01.2021 9:21:37 | 585 праглядаў 8 студзеня суд Лідзкага раёну вынес прысуд па справе сябры Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка. Актывіста асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму за ўдзел у пратэстах супраць сфальшаваных выбараў прэзыдэнта.
Паводле артыкулу 342 ён пакараны на два гады чатыры месяцы калоніі, па 364 — чатыры гады калоніі. Агулам па сукупнасьці ягонае пакараньне склала пяць гадоў калёніі агульнага рэжыму. Суд пастанавіў таксама кампэнсаваць пацярпеламу міліцыянту на прозьвішча Каціла 1000 рублёў маральнай шкоды і 80 рублёў кампэнсацыі за лекі – паведамляе Радыё Свабода. Пасьведчаньне сябры Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка, якое фігуравала ў справе ў якасьці рэчавага доказу, суд пастанавіў зьнішчыць, таксама як і нацыянальныя сьцягі ды налёпкі з беларускім гербам Пагоня.
«Прысуд больш чым жорсткі. Таму што ніякіх дзеяньняў з пункту гледжаньня чалавека, які бачыў падзеі 9 жніўня, ніякіх парушэньняў грамадзкага парадку ці заклікаў да іх – не было ў прынцыпе. Мегафон выкарыстоўваўся, каб заклікаць тысячы людзей, якія сабраліся каля гарсавета, выконваць правілы дарожнага руху», – заявіў БелаПАН Андрэй Ашурак, брат Вітольда Ашурка. На яго думку, гэта быў не суд, а «ганебнае судзілішча». «Ніхто не чакаў такога жорсткага прысуду», – адзначыў у каментары БелаПАН мясцовы актывіст, сябра сойму Партыі БНФ Сяргей Пантус. Паводле яго слоў, падчас акцыі пратэсту парушэньняў не было, а «Вітольд з дружынай сачылі за парадкам». Пантус адзначыў, што ў Ашурка, па яго назіраннях, быў адзін з самых доўгіх працэсаў па падобных справах – сем дзён. «Працэс увесь час быў закрыты, адвакат была пад падпіскай пра неразгалошваньне, гэта давала падставу абмяркоўваць неверагодныя вэрсіі пра прысуд. Калі б там было так усё відавочна, яны б арганізавалі адкрыты суд», – лічыць актывіст. Паводле яго словаў, у апошнім слове Ашурак заявіў, што на відэазапісе няма доказаў гвалту над міліцыянтам. Працэс над Вітольдам Ашуркам доўжыўся ад 28 сьнежня. Суд быў ад пачатку закрыты, хоць падтрымаць актывіста прыходзілі дзясяткі чалавек. Спачатку такое рашэньне тлумачылі эпідэмічнай сытуацыяй, потым — «дзяржаўнай тайнай». Суддзя Максім Філатаў абвясціў суд закрытым, спаслаўшыся на 23 артыкул Канстытуцыі і “пагрозу дзяржаўнай бяспецы”. Нягледзячы на абурэнне вялікай колькасці сабраўшыхся гледачоў, ён адмовіўся размаўляць па-за межамі працэсуальных дзеянняў і хутка зайшоў у судовую залу. Супрацоўнікі міліцыі зачынілі за ім дзверы. Раней Праваабарончы цэнтар «Вясна» крытыкаваў правядзеньне закрытага працэсу па гэтай справе. Вітольда Ашурка спачатку затрымалі ўвечары 9 жніўня, але празь некалькі дзён адпусьцілі, калі па ўсёй краіне пасьля хвалі пратэстаў вызвалялі зьняволеных удзельнікаў пратэстаў. Потым яго забралі 19 верасьня і асудзілі на 30 дзён арышту ў адміністрацыйных справах за ўдзел у 8 мітынгах. Аднак празь месяц Ашурка ня выпусьцілі, бо завялі на яго крымінальныя справы. «Я зрабіў тое, што мусіў зрабіць, што патрабавала ад мяне мая грамадзянская пазіцыя. Я добра ўсведамляў, чым мне гэта пагражала», – напісаў Вітольд у адным са сваіх лістоў з турмы. Свой 50-гадовы юбілей Вітольд Ашурак сустрэў за кратамі. ДАВЕДКА: Хто такі Вітольд Ашурак
Вітольд Ашурак вядомы таксама сваімі крэатыўнымі акцыямі. Так, 7 лістапада 2017 года актывіст усклаў да помніку Леніну ў Бярозаўцы вянок з чарапамі і надпісам «Гары ў пекле, кат». Ён тады патлумачыў журналістам, што зрабіў гэта, каб нагадаць пра мільёны людзей, якіх забілі бальшавікі. У снежні 2019 года Вітольд Ашурак ладзіў адзіночны пікет у Лідзе супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. Накінуўшы на плечы бел-чырвона-белы сцяг, ён трымаў у руках плакат з надпісам «Беларусь не Расея». На 8 студзеня вядома пра больш за 1000 крымінальных справаў, распачатых у сувязі з выбарчаю кампаніяй і пратэстамі ў Беларусі. 182 чалавек прызнаныя палітычнымі вязнямі. Больш за 100 чалавек ужо былі асуджаныя. Аднак гэтыя лічбы вельмі ўмоўныя: рэальныя паказнікі рэпрэсіяў могуць быць значна вышэйшыя. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на дзень 5 студзеня ў Беларусі паводле палітычна матываваных справаў былі асуджаныя 103 асобы. У тым ліку 40 чалавек асудзілі ў Менску (з іх 18 атрымалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінамі ад 2 да 5 гадоў), 7 – на Магілёўшчыне (пяцёра – ад 1 да 4 гадоў калоніі), 11 – на Віцебшчыне (шасцёра – ад 1,5 да 4,5 года калоніі), 13 – на Гомельшчыне (шасцёра – ад 1 да 5 гадоў калоніі), 13 – на Гарадзеншчыне (трое пакараныя пазбаўленнем волі), 11 – на Берасцейшчыне (трое пакараныя пазбаўленнем волі) і 8 – на Меншчыне. «Некаторыя суды мы нават не адсочвалі, бо проста пра іх не ведалі, – канстатуе намеснік ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч. – Вельмі часта мы даведваемся пра суды постфактум, бо сваякі баяцца публічнасці, баяцца звяртацца да праваабаронцаў, бо думаюць, што гэта кепска паўплывае на лёс іхных блізкіх і суд праявіць літасць, калі справа будзе непублічнаю». «Людзей, якія патэнцыйна ёсць палітзняволенымі, значна болей. Напрыклад, ёсць дастаткова вялікая колькасць людзей, якія асуджаныя да абмежавання волі, але мы іх яшчэ не прызналі палітвязнямі з чыста тэхнічнай прычыны, бо яны абскарджваюць прысуды і пакуль застаюцца на волі. Як толькі прысуды набудуць законную моц і гэтых людзей накіруюць у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу, то яны аўтаматычна стануць палітзняволенымі. Таму ў хуткім часе гэтая лічба зменіцца. Колькасць палітзняволеных будзе ісці на сотні», – перакананы ён. Самыя распаўсюджаныя артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх былі ўзбуджаны крымінальныя справы назваў Праваабарончы цэнтар «Вясна»:
Таксама вядома пра пачатак крымінальных справаў за паклёп, абразу прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў міліцыі пераважна па арт. 188, 369 Крымінальнага кодэксу. Па дадзеных, апублікаваных ГУУС МУС, на пачатак студзеня 2021 года заведзена 332 крымінальныя справы па гэтых дыфамацыйных артыкулах. |
|
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|