Партыя БНФ » “У снах да мяне прыходзіць маці”: гісторыя палітвязня Вітольда Ашурка
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


“У снах да мяне прыходзіць маці”: гісторыя палітвязня Вітольда Ашурка

Дададзена 19.01.2021 12:14:29 | 328 праглядаў

Вітольд Ашурак, актывіст Партыі БНФ з Ліды, 18 студзеня асуджаны на пяць гадоў калоніі. На цяперашні момант гэта адзін з найбольшых тэрмінаў, што былі прысуджаныя за ўдзел у пратэстах летам 2020 года.

За што Ашурка так жорстка пакаралі — мы не ведаем, піша Эўрарадыё: суд праходзіў у закрытым рэжыме “праз пагрозу дзяржаўнай бяспецы“.

Суддзя Максім Філатаў распарадзіўся знішчыць пасведчанне БНФ на імя Вітольда Ашурка — ён палічыў яго доказам злачынства.

Людзі, якія сабраліся ў зале суда на абвяшчэнне прысуду, скандавалі “Ганьба!” і “Верым, можам, пераможам!”. Актывіст усміхаўся ім са шкляной клеткі і паказваў знак перамогі. Выглядае на тое, што навіна пра гады, якія давядзецца правесці за кратамі, яго не зламала.

Еўрарадыё вырашыла больш падрабязна расказаць вам пра гэтага незвычайнага чалавека.

“Проста на вуліцы спыняюцца і паціскаюць руку”

Вітольд Ашурак нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 года. Ён жыве ў Бярозаўцы — невялікім горадзе на поўдзень ад Ліды, вядомым сваім шклозаводам.

У 2019 годзе вылучаўся ад Партыі БНФ кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і нават быў зарэгістраваны, але “прайграў” Уладзіміру Сіняку з “Гроднааблгаза”.

У пратэставым руху Ашурак ужо шмат гадоў. Ён быў затрыманы пасля разгону “Плошчы-2010″ і адседзеў суткі. А апошняя акцыя перад арыштам — адзіночны пікет 26 красавіка 2020 года. Тады ён выйшаў да прахадной завода “Нёман” з плакатам “Шклавата — наш Чарнобыль” — і быў за гэта аштрафаваны на 35 базавых велічынь.

Адзіночныя пікеты — фірмовы стыль пратэстаў Вітольда Ашурка. Напрыклад, у самым канцы 2019 года ён правёў адзіночны пікет супраць інтэграцыі з Расіяй: 29 снежня выйшаў да помніка Гедыміну ў Лідзе з плакатам “Беларусь не Расея”.

7 лістапада 2019 года Ашурак усклаў да помніка Леніну ў Бярозаўцы вянок з чарапамі і прымацаваным да яго надпісам: “Гори в аду, палач”. Пасля гэтага на яго завялі справу аб дробным хуліганстве, але пазней спынілі. “За акцыю людзі мне тэлефанавалі і выказвалі падзяку, проста на вуліцы спыняюцца і ціснуць руку“, — расказваў актывіст.

photo2020-04-2615-37-51

“Яны не маюць магчымасці прыставіць міліцыянта да думак”

“Вось ужо тры месяцы я ў турме. І я ўважліва прыслухоўваюся да сябе — ці не стаў я менш свабодны ў інтэр’ерах з тоўстымі сценамі і жалезнымі дзвярыма з “кармушкай”? Ці пазбавіў мяне будынак былога езуіцкага калегіума свабоды маіх думак? Мае ворагі забралі ў мяне магчымасць бачыцца з роднымі, з жонкай, з сябрамі, але яны не маюць магчымасці прыставіць міліцыянта да маіх думак! Я па-ранейшаму свабодны адрозніваць чорнае ад белага і любіць сваю Айчыну Беларусь!” — так напісаў Вітольд у лісце ў рэдакцыю газеты “Новы час”.

У лісце газеце “Наша Ніва” Вітольд расказвае, што нічога дзіўнага ў тым, што ён у турме, — няма:

“Адзінае, з чым я сутыкнуўся, — сны. Безумоўна, сны бывалі і раней. Гэта ж натуральна для чалавека — бачыць сны. Але такіх пяшчотных і пранізлівых, бадай што, і не было.

У снах да мяне прыходзілі маці, брат, жонка, мае пляменнікі… Гэта было шчымліва прыемна, выклікала боль, супакойвала — цэлая палітра эмоцый”.
Сустрэў 50-годдзе за кратамі

Ашурка затрымалі ўжо ўвечары 9 жніўня. Ён правёў за кратамі некалькі сутак і быў адпушчаны, калі ўлады вырашылі вызваліць большасць затрыманых. За наступны месяц актывіст паспеў паўдзельнічаць як мінімум у васьмі мітынгах — менавіта столькі яму прад’явілі ў судзе пасля наступнага затрымання.

Вітольд Ашурак быў асуджаны на 30 сутак, але суды прайшлі ў таямніцы ад родных і паплечнікаў актывіста. Ніхто не разумеў, калі менавіта яго трэба чакаць на волі і ў прынцыпе колькі пратаколаў на яго складзена.

Зрэшты, пасля гэтых “сутак” ён так і не выйшаў — а стаў падазраваным ужо па крымінальнай справе аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса) і гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі.

13 кастрычніка Вітольд Ашурак сустрэў за кратамі 50-годдзе. Як ён пісаў у лісце сваім сябрам, “гэта было адно з самых яркіх святкаванняў у жыцці”.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Люты 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.