Партыя БНФ » Палітвязень Ашурак, які атрымаў 5 гадоў зняволення – у лісьце да журналіста: “Галадранцы і нас хочуць зрабіць галадранцамі”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Палітвязень Ашурак, які атрымаў 5 гадоў зняволення – у лісьце да журналіста: “Галадранцы і нас хочуць зрабіць галадранцамі”

Дададзена 20.01.2021 12:15:48 | 209 праглядаў

«Нічога нелагічнага не атрымалася: я ведаў, што апынуся ў турме, калі наш пратэст не дасягне сваёй мэты», — напісаў палітвязень Вітольд Ашурак у лісце журналісту «Нашай Нівы».

Так супала, што журналіст атрымаў гэтае пісьмо напярэдадні прысуду, які быў вынесены 18 студзеня. Закрыты суд прайшоў у Лідзе.

Жыхара Бярозаўкі Лідскага раёна Вітольда Ашурка абвінавачвалі па артыкулах 342 ч.1 (Удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі).

Суддзя Максім Філатаў вынес прысуд — пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

«Зразумела, што нічога прыемнага за кратамі няма, але няма і шоку! — піша Вітольд Ашурак у лісце. — Проста мне трэба перажыць гэты перыяд свайго жыцця. Зыходзячы з гэтага, адсутнасць віравання эмоцый выглядае цалкам лагічнай і больш за тое — натуральнай. Усё тое, што было са мной у маёй памяці да турмы, са мной і засталося, як гэта ні дзіўна з першага погляду. А калі не адбылося пераасэнсавання, то гэта азначае, што мая свядомасць засталася на тых самых пазіцыях, што і была да турмы.

photo_2021-01-18_12-57-45-upusc

Адзінае, з чым я сутыкнуўся, — сны. Безумоўна, сны бывалі і раней. Гэта ж натуральна для чалавека — бачыць сны. Але такіх пяшчотных і пранізлівых, бадай што, і не было.

У снах да мяне прыходзілі маці, брат, жонка, мае пляменнікі… Гэта было шчымліва прыемна, выклікала боль, супакойвала — цэлая палітра эмоцый.

Калі я яшчэ сядзеў у лідскім ЦІПе, то звярнуў увагу на тое, што пры рэгістрацыі і мяне, і іншых пратэстоўцаў міліцыянты з задавальненнем запісваюць у графе «занятак» — «не работает».

І я прыгадаў тады словы маёй бабы Мані, якая была сведкай прыходу на нашу зямлю камуністаў. Яна часта казала нам з братам, калі мы былі дзецьмі і хадзілі ў школу: «Дзеткі, не верце бальшавікам. Яны — галадранцы. І яны нас хочуць зрабіць галадранцамі».

І вось прайшлі дзесяцігоддзі — і я разумею, што мая любая баба Маня мела рацыю: міліцыянты свядома запісваюць нас «неработаюшчымі», каб дыскрэдытаваць, выставіць нас «галадранцамі». Хоць самі ў жыцці ніколі не працавалі. Гэта, бадай, адзінае, што ўразіла мяне ў апошнія месяцы», — піша Вітольд Ашурак.

Сканчае свой ліст ён купалаўскімі словамі «Жыве Беларусь!».

Паводле сайта “Наша Ніва

 

Люты 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.