Партыя БНФ » “Наша Слова”: Ветэран і паэт Фэлікс Шкірманкоў пакінуў свой запавет у вершах
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


“Наша Слова”: Ветэран і паэт Фэлікс Шкірманкоў пакінуў свой запавет у вершах

Дададзена 21.01.2021 3:32:49 | 184 праглядаў

Газэта Таварыства Беларускай Мовы “Наша Словапублікуе нэкралёг па Фэліксу Шкірманкову, сябры ТБМ і БНФ, які пайшоў з жыцьця 4 студзеня.

Назаўжды ў сэрцах сяброў ТБМ застанецца мужны і верны сябар арганізацыі, адданы сын Беларусі, які з пашанай ставіўся да роднай мовы і лічыў яе адным са сваіх галоўных скарбаў і які да апошніх часоў дзяліўся з паплечнікамі і аднадумцамі сваімі здабыткамі як духоўнымі, так і матэрыяльнымі.

4 студзеня з прычыны каронавіруса пайшоў з жыцця ветэран Другой сусветнай вайны, геолаг, паэт і пісьменнік, адзін з найстарэйшых сябраў БНФ і ТБМ, Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў.

Фелікс Шкірманкоў нарадзіўся 27 траўня 1926 года ў былым Прапойску, сённяшнім Слаўгарадзе. Ён быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, сябрам Партыі БНФ, сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў і Таварыства беларускай мовы. У 2005 годзе Фелікс Уладзіміравіч быў найстарэйшым дэлегатам Кангрэса дэмакратычных сілаў Беларусі.

Пятнаццацігадовым падлеткам Фелікс Шкірманкоў стаў у шэрагі абаронцаў Айчыны, прайшоў праз 2 гады партызанскай барацьбы, меў тры раненні, пасля заканчэння Маскоўскай ваенна-інжынернай вучэльні атрымаў пасаду камандзіра сапёрнага звяза, апошнія дні вайны сустрэў у Мараўскай Астраве…

Пасля вайны доўгі час ён  працаваў геолагам на Далёкім Усходзе. Яго вяртанне на Беларусь супала з бурлівымі падзеямі распаду СССР. Землякі абралі Фелікса Шкірманкова старшынём Слаўгарадскага гарадскога савета народных дэпутатаў. У гэтыя часы ён з асаблівай увагай звярнуўся да вывучэння гісторыі роднага края.

Фелікс Шкірманкоў многія гады плённа працаваў на літаратурнай ніве, сябраваў і ліставаўся  з Нілам Гілевічам і іншымі творцамі.  Ён выдаў некалькі дзясяткаў кніг рознага літаратурнага жанру. Сярод яго твораў засталіся ўспаміны, замалёўкі, абразкі, “ваенныя” і “геалагічныя” апавяданні, кнігі вершаў па-беларуску.

Ф. Шкірманкоў, выступаючы на святах у родным горадзе як старэйшы ўдзельнік вайны, заўсёды прамаўляў па-беларуску і засяроджваў увагу моладзі на неабходнасці вывучэння і шанавання роднай мовы.

І кожны месяц на працягу многіх гадоў – ахвяраванні на ТБМ.

Больш пяцідзесяці гадоў пражыў Фелікс Уладзіміравіч у шлюбе з каханай жонкай Верай Васільеўнай. Яе памяці ён прысвяціў асобную кнігу. Гэта быў чалавек вялікай і шчырай душы, які пранёс каханне праз усё жыццё і захоўваў у сваім сэрцы пасля сыходу роднай палавінкі. У Фелікса Уладзіміравіча засталося двое дзяцей і чацвёра ўнукаў, праўнукі.

Вясной гэтага года ветэран і паэт падзяліўся з сябрамі сваёй апошняй кнігай “Бегущая из памяти строка”, прысвечанай Вялікай Перамозе. У кнізе ёсць вельмі эмацыйныя творы, напоўненыя свежымі пачуццямі і пераасэнсаваннем перажытага. Паэт свята ўшаноўваў памяць тых, хто перамог фашызм, імкнуўся зберагчы памяць пра франтавікоў-пабрацімаў. Ні дня ён не мог пражыць без новага радка.

У менскай сядзібе ТБМ і ў асабістых біблітэках яго сяброў і паплечнікаў на добры ўспамін застануцца яго кнігі вершаў і прозы: “Дарогай памяці”, “Смотрю, слушаю, размышляю”, “Тропой мамонтов”, “Папараць-кветка”, “Ты осталась со мной”, ” На финишной прямой”, “Дажынкі”  і іншыя.

6 студзеня ў Слаўгарадзе на мясцовыя могілкі на вечны спачын памерлага разам з роднымі праводзіў праваслаўны святар.

Нізкі паклон і вечная памяць сапраўднаму герою Беларусі, вернаму сыну роднай зямлі!

Эла Дзвінская, 

фота аўтара і

з архіва Ф. Шкірманкова.

 

Ва ўвесь голас

 

Я – сын твой, Радзіма, а ты – мая Маці.

Мяне не разлучаць ніколі  з табой.

Хачу за спрадвечнае слова трымацца,

Пакуль не сыду ў незваротны спакой.

А сёння, калі недавумкі спрабуюць

Зняважыць твой Гонар, цябе абылгаць,

Я тым, хто табой бессаромна гандлюе,

Хачу ва ўвесь голас рашуча сказаць:

– Прэч брудныя рукі ад Маці-Радзімы!

Вы, д’яблавы служкі! Куды вас нясе,

Ніколі вам, як бы ўпарта не пнуліся,

Радзіму маю не адняць  у мяне!

Фелікс Шкірманкоў,

25 траўня 2009 года.

Люты 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.