Партыя БНФ » Заява шасці партый Беларусі з нагоды прысуду Вітольду Ашурку
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Заява шасці партый Беларусі з нагоды прысуду Вітольду Ашурку

Дададзена 21.01.2021 9:17:01 | 941 праглядаў

Шэсць палітычных партый Беларусі выступілі з супольнай заявай з нагоды выкарыстаньня ў крымінальнай судовай справе супраць сябры БНФ Вітольда Ашурка ў якасці доказа абвінавачання сяброўскага пасьведчання пра прыналежнасьць да партыі.

Шэсць партыяўНагадаем, што 18 студзеня суд Лідскага раёна прысудзіў сябру Сойму Партыі БНФ пяць гадоў зьняволеньня паводле  артыкулаў 342 і 364 Крымінальнага кодэкса. Сярод доказаў па справе ў судзе было разгледжанае сяброўскае пасьведчаньне (членскі білет), выдадзены Вітольду Ашурку як сябры Партыі БНФ.

Лідэры партый БСДП (Грамада), АГП, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет»,  партыі «Зялёныя», Партыі БНФ ды Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады выказваюць абурэнне выкарыстаннем факта прыналежнасці да афіцыйнай палітычнай партыі ў якасці доказа па крымінальнай справе і дзеля стварэньня новай формы палітычных рэпрэсіяў на падставе сяброўства людзей ў зарэгістраваных палітычных партыях. Палітыкі падкрэсліваюць, што закон «Аб палітычных партыях» забараняе выкарыстоўваць прыналежнасьць альбо непрыналежнасьць грамадзяніна да партыі ў якасьці падставы для абмежаваньня яго правоў і свабодаў. Пастанову пра зьнішчэньне сяброўскага пасьведчаньня партыі называюць парушэньнем нормаў Крымінальна-працэсульнага кодэкса, датычных ацэнкі і выкарыстаньня доказаў у крымінальным працэсе.

«Гэты прысуд выклікае асаблівую трывогу ў сувязі з тым, што органы юстыцыі цяпер працягваюць маштабную праверку беларускіх партыяў, у тым ліку запатрабаваўшы персанальныя спісы сябраў партый» -гаворыцца ў заяве.

Ігар Барысаў, Мікалай Казлоў, Сяргей Калякін, Рыгор Кастусёў, Зьміцер Кучук, Сяргей Чэрачэнь патрабуюць вызваленьня Вітольда Ашурка і ўсіх палітычных вязняў.

Поўны тэкст заявы кіраўніоў шасці беларускіх палітычных партыяў падаецца ніжэй.

Нагадаем, што напярэдадні судовага працэсу з заявай пра прызнаньне Вітольда Ашурка палітычным вязьнем і з патрабаваньямі яго вызваленьня выступілі Партыі БНФ і Міжнародны дэмакратычны зьвяз (IDU) – сусьветны інтэрнацыянал правацэнтрысцкіх партыяў, у які ўваходзяць Кансэрватыўная партыя Вялікай Брытаніі, Рэспубліканская партыя ЗША, нямецкая ХДС/ХСС ды больш за 70 вядучых палітычных партыяў з розных краінаў сьвету.

Супольная заява палітычных партый Беларусі супраць палітычна матываванага крымінальнага пераследу на падставе членства ў партыях

18 студзеня суд Лідскага раёну вынес абвінаваўчы прысуд у дачыненні да сябры Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка, прысудзіўшы яму пяць гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у жнівеньскіх акцыях пратэсту.

Справа Вітольда Ашурка стала працягам маштабнай кампаніі рэпрэсіяў супраць палітычных апанентаў аўтарытарнай улады, іншадумцаў і дзеячоў грамадзянскай супольнасці. Разам з журналістамі, праваабронцамі, блогерамі і ўдзельнікамі мірных акцыяў пратэсту, актывісты палітычных партыяў сталіся мішэнню для рэпрэсіяў ад самага пачатку мінулагодняй выбарчай кампаніі. Лідэры і актывісты шэрагу партыяў рознага ідэалагічнага кірунку знаходзяцца за кратамі паводле палітычна матываваных прысудаў. Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў і спынення рэпрэсіяў.

Разам з тым у справе Вітольда Ашурка паўстала акалічнасць, якая можа сведчыць пра надыход новай, яшчэ больш абуральнай і непрыймальнай рэпрэсіўнай практыкі. У межах судовага разбору ў якасці аднаго з доказаў узгадвалася сяброўскае пасведчанне, выдадзенае Вітольду Ашурку як сябры Партыі БНФ згодна з патрабваннем часткі 10 артыкула 13 Закона “Аб палітычных партыях”. Азначанае сяброўскае пасведчанне было ўзгаданае ў прысудзе ў якасці рэчавага доказу. Суд пастанавіў знішчыць сяброўскае пасведчанне сябры Партыі БНФ Вітольда Ашурка.

Судовы працэс па справе Вітольда Ашурка разглядаўся ў закрытым рэжыме, хоць для таго не было законных падставаў. У сілу гэтага грамадзкасць не можа даць поўную ацэнку таго, якім чынам і дзеля якой мэты абвінавачанне прадставіла для судовага разгляду сяброўскае пасведчанне члена партыі, якія абставіны абвінавачанне даказвала гэтым дакументам, якая ацэнка гэтаму была дадзеная судом з пункту гледжання крытэраў датычнасці, дапушчальнасці, дастатковасці і законнасці атрымання доказаў.

Згодна з артыкулам 3 Закона “Аб палітычных партыях”, прыналежнасць альбо непрыналежнасць грамадзяніна да палітычнай партыі не могуць служыць падставай для абмежавання яго правоў і свабодаў.

Уключэнне ў склад доказаў па справе дакумента пра сяброўства абвінавачанага ў палітычнай  партыі з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем палітычнай скіраванасці гэтай крымінальнай справы і можа сведчыць пра з’яўленне новай формы палітычных рэпрэсіяў, калі прыналежнасць чалавека да легальнай палітычнай партыі можа служыць падставай для крымінальнага пераследу, для выстаўлення абвінавачання ў палітычным злачынстве альбо для пацверджання абцяжарваючых абставінаў.

Гэты прысуд выклікае асаблівую трывогу ў сувязі з тым, што органы юстыцыі цяпер працягваюць маштабную праверку беларускіх партыяў, у тым ліку запатрабаваўшы персанальныя спісы сябраў партый.

З улікам выкладзенага, мы, прадстаўнікі палітычных партыяў Беларусі,

  • заяўляем, што выкарыстанне факта сяброўства ў палітычнай партыі ў межах крымінальнай справы, вывучэнне ў якасці доказу абвінавачання па судовай справе сяброўскага пасведчання і вынясенне судом пастановы пра знішчэнне сяброўскага пастведчання сябры партыі супярэчыць патрабаванням Закона “Аб палітычных партыях” і нормам артыкулаў 98 і 105 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса;
  • перасцерагаем улады ад разгортвання новай формы палітычных рэпрэсіяў у сувязі з прыналежнасцю людзей да палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку са злоўжываннем фармальнымі патрабаваннямі закона датычна абавязковасці фіксаванага сяброўства ў аб’яднаннях і парадку ўліку сябраў партыяў і рухаў.

Свабоду Вітольду Ашурку! Свабоду ўсім палітычным вязням!

 

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады)     Ігар БАРЫСАЎ

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі                                                       Мікалай КАЗЛОЎ

Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет»                              Сяргей КАЛЯКІН

Старшыня Партыі БНФ                                                                                            Рыгор КАСТУСЁЎ

Старшыня Беларускай партыі «Зялёныя»                                                            Зміцер КУЧУК

Старшыня ЦР Партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада          Сяргей ЧЭРАЧЭНЬ

 

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.