Гісторыку з Полацкага ўніверсітэта пасля 15 сутак арышту далі яшчэ столькі ж. Абодва разы — па 23.34Дададзена 23.01.2021 1:17:42 | 379 праглядаў Дацэнт кафедры сацыяльных камунікацый Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук Віктар Якубаў правядзе месяц пад арыштам.
Першы раз сябра БНФ Віктара Якубава затрымалі яшчэ 20 снежня — пасля дзіцячага свята каля ёлкі ў Наваполацку. Выкладчыка абвінавачвалі ва ўдзеле ў ланцугу салідарнасці, які ў той жа дзень адбыўся ў горадзе: у ім стаяў больш за дзесятак гараджан з БЧБ-сцягамі. — Віктар не быў ў тым ланцугу салідарнасці, ён нават не ведаў пра гэту акцыю. Мы з дзецьмі — а ў нас іх двое, чатырох і сямі гадоў, — былі на свяце каля елкі. Адтуль Віктара і забралі ў міліцыю, — тлумачыць Юлія Якубава. Трое сутак Якубаў знаходзіўся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у мясцовым ГАУС. 23 снежня адбыўся суд, справу адправілі ў міліцыю на дапрацоўку. Паўторны разгляд прайшоў 5 студзеня. Суддзя Зінаіда Балаболава дала выкладчыку 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Паколькі трое сутак ён ужо правёў у ЦІП, засталося 12. Выкладчык павінен быў выйсці на свабоду 18 студзеня. Аднак гэтага не адбылося. — Вечерам 18 студзеня на мужа склалі новы пратакол і зноў затрымалі. На гэты раз яго абвінавачвалі ў шэсці, якое адбылося ў Наваполацку таксама ў мінулым годзе — 5 снежня. Я бачыла відэа з гэтай акцыі. На ім — цьмяныя сілуэты людзей, і ўдзел у шэсці можна прыпісаць каму заўгодна. Суд адбыўся 20 студзеня, і тая ж суддзя Зінаіда Балаболава дала Віктару зноў 15 сутак. Адзін з міліцыянтаў нібыта пазнаў сярод удзельнікаў шэсця майго мужа — па паходцы і акулярах. Юлію Якубаву таксама 25 студзеня будуць судзіць па абвінавачванні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці ў Наваполацку 5 снежня. — Міліцыянты перакананы, што я там была. На скрыншоце з відэа адзін чалавечы цень абведзены кружочкам — і стаіць подпіс «Якубава». Юлія перажывае за мужа: — Невядома, каго пакаралі — Віктара ці мяне. Цяжка. Але я ведаю, што мой муж усё вытрымае. Віктар Якубаў скончыў ПДУ па спецыяльнасці «Гісторыя», навучаўся ў аспірантуры Інстытута гісторыі НАН Беларусі. З 2007 года працуе ў родным універсітэце. Прайшоў шэраг навуковых стажыровак ва ўніверсітэтах у Польшчы, Расіі, Венгрыі. Мае публікацыі, артыкулы ў часопісах і навуковых зборніках, энцыклапедычным зборніку, даклады на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях. |
|
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|