Партыя БНФ » «Мы праз паўгадзіны вас выпусьцім». Юрась Дзяшук распавёў, як яго затрымалі за воклічы «Ганьба» ў судзе
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


«Мы праз паўгадзіны вас выпусьцім». Юрась Дзяшук распавёў, як яго затрымалі за воклічы «Ганьба» ў судзе

Дададзена 26.01.2021 12:18:54 | 358 праглядаў

Журналіст-фрылансэр, сябра Партыі БНФ зь Бярозаўкі Юрась Дзяшук расказаў, як яго затрымалі за працу падчас абвяшчэньня прысуду сябру Сойму БНФ Вітольду Ашурку. На вуліцы да яго падышлі людзі ў цывільным і прапанавалі пагаварыць па іншай справе.

«Нічога страшнага. Мы праз паўгадзіны вас выпусьцім»

Дзешука затрымалі на вуліцы Бярозаўкі Лідзкага раёну 20 студзеня. Падышлі людзі ў цывільным, на ягоную просьбу паказалі міліцэйскія пасьведчаньні. Патлумачылі, што хочуць праехаць разам у Лідзкі РАУС і пагутарыць пра выпадак у Лідзкім раёне, калі невядомыя паклалі на рэйкі чыгункі бэтонныя слупы.

«Нічога страшнага. Мы праз паўгадзіны вас выпусьцім», — прыгадвае словы міліцыянтаў Дзяшук.

photo_2021-01-22_11-49-11

Аднак ён выйшаў толькі праз трое сутак у статусе падазраванага па іншай справе. Яго падазраюць у злосным хуліганстве (частка 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Нібыта Дзяшук разам з групай асобаў падчас агучваньня прысуду Вітольду Ашурку 18 студзеня ў судзе Лідзкага раёну «груба парушаў грамадзкі парадак сваімі дзеяньнямі, выкрыкваў цынічныя фразы». Па гэтым артыкуле прадугледжанае пакараньне да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Суд над Ашуркам праходзіў у закрытым рэжыме. Аднак на прысуд у апошні момант дазволілі прыйсьці ўсім ахвотным. Сабралася каля 50 чалавек. Калі людзі пачулі, што Ашурку далі 5 гадоў калёніі, пачалі гукаць у судовай залі «Ганьба», «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам».

 

«Здымаў відэа, каб маці паглядзела, што сын жывы, здаровы»

Юрась Дзяшук прыйшоў на суд як журналіст. Яго відаць са сьпіны на відэа Вольгі Быкоўскай, якое яна разьмясьціла ў сваім Фэйсбуку. Юрась у правай частцы кадра ў бела-чырвоным шаліку здымае на відэа Вітольда, а таксама ўсё, што адбывалася ў залі пасьля прысуду. Ён адмаўляе, што нешта выгукваў або неяк парушаў закон.

«Тых дзеяньняў, якія мне інкрымінуюць, я не рабіў… Я проста здымаў на відэа. Падышоў да клеткі зь Вітольдам. Адзінае, што я прамовіў у залі суду, гэта паклікаў Вітольда і сказаў яму словы падтрымкі, сказаў: „Вітольд, трымайся. Мы цябе дастанем“. У гэты час людзі крычалі. Калі Вітольда выводзілі з клеткі, я яшчэ раз сказаў: „Вітольд, трымайся“», — успамінае суразмоўца.

Дзяшук здымаў відэа ня толькі для працы, але і сабе на памяць. Яны з Ашуркам добрыя прыяцелі.

«Вітольда на 5 гадоў пасадзілі. Невядома, калі ён выйдзе. Проста на памяць, каб зафіксаваць таго Вітольда, якога я ведаю зараз… Паказаць маме ягонай. Ёй 82 гады, каб яна паглядзела, што сын жывы, здаровы, што зь ім усё ў парадку», — кажа Юрась.

На гутарцы ў РАУС пра бэтонныя слупы на чыгунцы гаварылі толькі першыя паўгадзіны. Потым Дзешука перадалі іншым супрацоўнікам і пачалі яго дапытваць, ці мае ён дачыненьне да справы аб хуліганстве ў судзе.

Журналіст мяркуе, што няма ніякіх доказаў ягонай віны. Ён бачыў, што двое міліцыянтаў з розных бакоў вялі відэаздымку, калі абвяшчалі прысуд Ашурку. Яму гэтых ролікаў не паказвалі. Аднак Дзяшук упэўнены, што на відэа відаць: у судзе ён не рабіў нічога супрацьзаконнага. Ён папрасіў далучыць да справы сваё відэа, якое здымаў у судзе.

Іншых падазраваных па справе ён ня ведае.

«Мне сказаў сьледчы, што я адзін [падазраваны]», — узгадвае Юрась.

Як 20 студзеня камэнтаваў «Нашай Ніве» прадстаўнік МУС па Горадзенскай вобласьці Яўген Дудко, па выпадку на тым судзе затрымалі 8 чалавек, пяцярых зь іх адпусьцілі без пратаколаў. Трох апытаных у межах крымінальнай справы таксама адпусьцілі.

«Вітольд сказаў, што сёлета ўсе разам убачымся»

Сваякі здолелі перадаць Дзешуку ў ізалятар цёплыя рэчы і ежу. Сам ён кажа, што супрацоўнікі ІЧУ ставіліся да іх карэктна. Сядзеў у камэры 2,5×3,5 мэтра. Разам зь ім былі яшчэ два «непалітычныя крымінальнікі». Пасьцельную бялізну ім на 72 гадзіны не выдавалі, былі стары матрац, падушка і плед. Спалі ў адзеньні, накрываліся курткамі. У маразы ў камэры было холадна, потым пацяплела. На прагулкі не выводзілі. Кармілі нармальна.

«Там, дзе ясі, там і ў туалет ходзіш», — кажа пра ўмовы Юрась.

Дзяшук даведаўся, што ў суседняй камэры перад этапам у Горадню сядзеў Вітольд Ашурак. Ім удалося паразмаўляць. Юрась расказаў прыяцелю пра тое, што адбывалася пасьля прысуду, і пра сваё затрыманьне. Вітольд тады пачаў хварэць, але запэўніў, што адчувае сябе нармальна.

«Ён перадаваў усім прывітаньне, сказаў, што сёлета ўсе разам убачымся», — пераказвае Дзяшук у камэнтары Радыё Свабода.

Сакавік 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Лют    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.