Партыя БНФ » Былы дарадца расейскага ўраду Андэрс Ослунд пра грошы Лукашэнкі, «Беларуськалій» і КДБ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Былы дарадца расейскага ўраду Андэрс Ослунд пра грошы Лукашэнкі, «Беларуськалій» і КДБ

Дададзена 03.02.2021 7:29:04 | 448 праглядаў

Андэрс Ослунд, швэдзкі эканаміст, дарадца расейскага ўраду на пачатку 1990-х, старшы навуковы супрацоўнік амэрыканскага аналітычнага цэнтру «Атлянтычная рада» (Atlantic Council) стаў адным з аўтараў дакумэнту «Байдэн і Беларусь: стратэгія для новай адміністрацыі». Ослунд расказаў Радыё Свабода пра эканамічныя аспэкты стратэгіі, якую прапануюць новай амэрыканскай адміністрацыі.


usa belarus

  • Злучаныя Штаты павінны папярэдзіць расейскія кампаніі і бізнэсоўцаў, што супраць іх увядуць санкцыі, калі яны захочуць скарыстацца цяперашняй сытуацыяй у Беларусі і танна купіць беларускія прадпрыемствы ці калі яны будуць падтрымліваць рэжым Лукашэнкі фінансава альбо палітычна.
  • Уладальнік расейскіх кампаній «Уралкалий» і «Уралхим» Дзьмітры Мазепін атрымлівае агулам 6 мільярдаў даляраў дзяржаўных грошай у крэдыт праз банкі ВТБ і «Сбербанк». Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін хоча, каб «Уралкалий» і «Уралхим» набылі «Беларуськалій» і «Гродна-Азот». Гэта павінна быць танна, бо альтэрнатыўных пакупнікоў няма.
  • Адзін з самых багатых людзей Расеі Міхаіл Гуцэрыеў, з дапамогай якога «Славнефть» у свой час набыла 42 працэнты ў Мазырскім НПЗ, відавочна, хацеў бы купіць Наваполацкі «Нафтан».
  • Варта загадзя іх папярэдзіць, што калі такое здарыцца, ЗША ўвядуць санкцыі. Яны маюць вялікія грошы і партнэраў у розных краінах сьвету і яны шмат страцілі б у такім выпадку.
  • Беларусі сёлета трэба каля 6 мільярдаў замежнага фінансаваньня. Калі Лукашэнка ня знойдзе, дзе ўзяць такія грошы, верагодна паўтарэньне фінансавага крызісу 2011 году з абвалам рубля.
  • Злучаныя Штаты павінны санкцыянаваць кампаніі, якія займаюцца прыватнымі фінансамі Лукашэнкі. Вызначыць такія кампаніі могуць дапамагчы амэрыканскія спэцслужбы. Новыя правілы адносна фінансавай празрыстасьці ў Эўразьвязе і ЗША маюць гэтаму спрыяць.
  • У ЗША прынялі новы закон супраць адмываньня грошай, які абавязвае называць сапраўднага ўладальніка фінансавых актываў. Людзі, якія выводзяць грошы са сваіх краін, шукаюць месцы з трыма ўмовамі — добрае правасудзьдзе (а гэта краіны Захаду і былыя брытанскія тэрыторыі), магчымасьць ананімных прадпрыемстваў, а таксама вялікія і глыбокія фінансавыя рынкі, каб можна было хаваць шмат грошай. У прынцыпе, усё гэта магчыма толькі ў дзьвюх краінах — ЗША і Брытаніі.
  • Раней грошы з постсавецкіх краін звычайна выводзілі праз Кіпр, цяпер гэта ня так відавочна. Потым грошы ідуць на Карыбскія астравы, каб арганізаваць больш прадпрыемстваў, а адтуль у ЗША. Да прыкладу, Кайманавы астравы [уладаньне Брытаніі] маюць у ЗША фонды на 1 трыльён 900 мільярдаў даляраў. І там даволі шмат расейскіх грошай. Цяпер ім трэба будзе назваць сапраўдных уласьнікаў.
  • Гэта значыць, што для такіх беларускіх грошай таксама застаецца мала месцаў. Практычна адзінай «чорнай дзіркай» застаецца Дубай, дзе Лукашэнка, імаверна, мае свае грошы. Але калі за гэта сапраўды возьмецца амэрыканскі ўрад, яны гэта знойдуць.
  • Правільней уводзіць санкцыі супраць расейскіх прадпрыемстваў, якія фактычна выступаюць як агрэсары, а ня супраць беларускіх прадпрыемстваў. Калі санкцыі ўведзеныя, іх цяжка зьняць. Можа стацца так, што Беларусь будзе мець прадпрыемствы пад санкцыямі і пасьля вызваленьня ад Лукашэнкі.
  • Судовая сыстэма працуе неэфэктыўна ва ўсіх постсавецкіх краінах, акрамя, магчыма, Грузіі. Пры гэтым, нягледзячы на ўдзел судоў у рэпрэсіях, шмат хто зь бізнэсоўцаў называў сыстэму эканамічных судоў у Беларусі лепшай, чым у Расеі і Ўкраіне — там лягчэй абараняць правы ўласнасьці.
  • Галоўная парада для рэформы ў Беларусі пасьля зьмены рэжыму: звольніць людзей, які займаюцца рэпрэсіямі. У Расеі на пачатку 1990-х Ельцын звольніў палову такіх людзей і падзяліў былы савецкі КГБ на пяць розных арганізацый. Але гэтага было недастаткова. Трэба закрыць такую ўстанову, як КГБ. Таксама цягам некалькіх месяцаў трэба будзе арганізаваць парлямэнцкія выбары і памяняць Канстытуцыю, каб прэзыдэнт ня меў так шмат улады.

Цалкам даклад можна прачытаць на сайце “Атлантычнай рады”

Паводле Радыё Свабода

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Сакавік 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Лют    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.