Партыя БНФ » Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў не пойдзе на “усебеларускі народны сход”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў не пойдзе на “усебеларускі народны сход”

Дададзена 05.02.2021 12:27:57 | 1,173 праглядаў

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў атрымаў запрашэнне на Усебеларускі народны сход, але адмаўляецца на яго ісці. Пра прычыны, якія перашкаджаюць узяць удзел у гэтым мерапрыемстве, палітык распавёў у камэнтары Беларускаму Радыё Рацыя.

Кастусёў 17Рыгор Кастусёў: Сёння, 4 лютага, я атрымаў запрашэнне на сход, хаця ў ім не сказана, у якой якасці запрошаны – удзельніка мерапрыемства ці госця без права голасу. Трэба пацвердзіць удзел, але мне гэта не патрэбна – яшчэ раней было прынята партыйнае рашэнне не ўдзельнічаць у гэтым сходзе, таму я на яго не пайду.

Радыё Рацыя: А можа варта было б скарыстацца магчымасцю патрапіць на гэты форум? Магчыма, з’явілася б магчымасць выступіць і выказаць тое, што праўладныя дэлегаты не скажуць?

Рыгор Кастусёў: Па-першае, я мяркую, што нікому з прадстаўнікоў апазіцыйных партый трыбуну не прадставяць, некаторым пра гэта ўжо паведамілі. Па-другое, адразу пасля выбараў 9 жніўня многія актывісты нашай партыі ў розных гарадах краіны выходзілі да ўладаў з прапановай арганізацыі перамоўнага працэса, каб спыніць гвалт. У адказ мясцовыя ўлады ўжылі рэпрэсіі да тых самых актывістаў – у Гародні, у Віцебску, у Магілёве, у Лідзе, у Берасьці ды іншых гарадах. Многія патрапілі на “суткі”, камусьці далі вялікі штраф, а сябра Партыі БНФ з Бярозаўкі Вітольда Ашурка наогул асудзілі да 5 год зняволення. Дык пра што можна весці размову з гэтым рэжымам?

Радыё Рацыя: Ведаю, што вас запрашалі ўдзельнічаць і ў дыялогавых пляцоўках…

Рыгор Кастусёў: Так, але найперш мы таксама заявілі, што гэтаму павінна папярэднічаць. А гэта – вызваленне палітвязняў, правядзенне расследавання па фактах гвалту сілавікамі над людзьмі і гэтак далей. Мы прапанавалі дарожную мапу па выхадзе краіны з палітычнага крызісу. Мы давялі гэтую інфармацыю да ўладных структураў, адтуль прыйшоў адказ: маўляў, мы не прапаноўваем, а ставім ультыматум. Адным словам, дыялогу не атрымалася.

Таму для нас непрымальны ўдзел і ў так званым Усебеларускім народным сходзе, бо не трэба, каб яшчэ і лідары апазіцыйных партый дапамагалі легітымізаваць гэтае мерапрыемства і тыя рашэнні, што там будуць прыняты. Я не выключаю, што менавіта на гэтым сходзе прымуць рашэнне па забароне бел-чырвона-белага сцяга і прызнанні яго “экстрэмісцкім”. Удзельнічаць у гэтым – як брудам абліцца.

Паводле Беларускага Радыё Рацыя

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.