Сябра Сойму БНФ Сяргей Пантус: “Улада павінная пайсьці на кампраміс”
Дададзена 10.02.2021 12:08:30 | 301 праглядаў
Грамадскі актывіст з Лідчыны, сябра Сойму Партыі БНФ Сяргей Пантус быў выкліканы на 9 лютага на допыт ў Следчы камітэт у якасці сведкі ў сувязі са справай па перашкодзе праезду цягнікоў на Лідчыне.
Напярэдадні ў доме Сяргея Пантуса ў горадзе Бярозаўка прайшоў ператрус, былі забраныя кампутар і мабільныя тэлефоны.
Актывіст лічыць гэты выклік псіхалагічным ціскам і запалохваннем. На думку Сяргея Пантуса, пратэстныя выступы на Лідчыне суцішыліся, але хутчэй гэта звязана з надвор’ем, чым з запужваннем актывістаў:
– Не думаю, што гэта звязана толькі з тым, што людзі баяцца. Яшчэ якое надвор’е, бачыце. Такім надвор’ем асабліва нічога не паробіш. Гэта збег абставінаў. Але, я думаю, што кропка незвароту пройдзена. Людзі не хочуць, каб было так, як было раней. Людзі не чакаюць, а ўжо прагнуць пераменаў.
Спадар Пантус упэўнены, што ўлада павінна пайсці на кампраміс, а не толькі рэагаваць сілаю:
– Улада павінна рэагаваць не толькі дручкамі міліцэйскімі, але і нейкія захады рабіць, каб усё ж такі грамадства супакойвалася, знайшоўшы кансэнсус. А не так што адна частка грамадства проста закрыла ў турмах, прыглушыла, забіла іншую частку грамадства.
Цягам апошніх некалькіх дзён прадстаўнікі сілавых органаў прыходзілі на Лідчыне з ператрусам да амаль дзесяці актывістаў, а таксама шукалі актывіста БНФ і журналіста Юрыя Дзешука.
Паводле Беларускага Радыё Рацыя