Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў абвінавачвае Лукашэнку ў мааізмеДададзена 11.02.2021 12:13:58 | 272 праглядаў Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў – пра сход чыноўнікаў рэжыму, які рыхтуецца неўзабаве ў Менску пад шыльдай гэтак званага “усебеларускага народнага сходу”:
УНС мне нагадвае не з’езд КПСС часоў Савецкага Саюза, а больш – з’езд Кампартыі Кітая пад кіраўніцтвам “вялікага кормчага” Маа Цзэдуна. Бо і паводзіны беларускага чынавенства, гатовага выканаць любы капрыз А.Лукашэнкі, нагадваюць больш паводзіны падначаленых былога кіраўніка КПК. Беларускае чынавенства заўсёды гатовае выконваць любое не прадуманае распараджэнне Лукашэнкі, як гэта было з укладаннем фінансавых сродкаў у сельскую гаспадарку, у дрэваперапрацоўку, у прадпрыемствы па вытворчасці цэменту, што ў выніку прывяло да вялікіх фінансавых стратаў для краіны. Калі раптам Лукашэнка загадае, як гэта было ў Кітаі па загадзе Маа Цзэдуна, будаваць доменныя печы па вытворчасці сталі і чугуна на сялянскіх агародах, беларускія чыноўнікі возьмуцца за выкананне і гэтага распараджэння. Або, як распарадзіўся ў свой час Маа, возьмуцца і за знішчэння вераб’ёў для павышэння ўраджайнасці зернявых культур. На 6-ы УНС запрошаны, нават, лідар Кампартыі РФ Зюганаў і іншыя замежныя госці, якія плануюць прыняць удзел у мерапрыемстве. А.Лукашэнку вельмі хацелася, каб ва УНС прынялі ўдзел і кіраўнікі апазіцыйных партый Беларусі, якія таксама атрымалі запрашэнні, за выключэннем старшыні АГП М.Казлова і старшыні партыі “Зялёныя” З.Кучука. Але, згодна рашэнняў кіруючых органаў, кіраўнікі партый БНФ, СС, БСДП Г, БСДГ адмовіліся ад удзелу ва УНС. Так што ў уладаў Беларусі не атрымаецца ператварыць УНС ў падобнасць такой “пляцоўкі для агульнанацыянальнага дыялога” як быў з’езд КПК часоў Маа.
|
|
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|