Аляксей Янукевіч: “усебеларускі сход” не мае нічога агульнага з дыялогам
Дададзена 11.02.2021 12:22:38 | 436 праглядаў
Напярэдадні арганізаванага Аляксандрасм Лукашэнкам зборышча пад шыльдай “усебеларускага народнага сходу” намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч яшчэ раз патлумачыў стаўленьне партыі да гэтага мерапрыемства:
— Гэта будзе агітацыйна-прапагандыскае мерапрыемства прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі і таго курсу, які ажыццяўляе цяперашняя адміністрацыя.
Натуральна, БНФ катэгарычна ня згодны з рэпрэсіямі і гвалтам, з нападкамі на нацыянальную сымболіку, з заангажаваннем Расеі ва ўнутраныя беларускія справы.
Таму няма ніякіх падставаў нам накіроўваць сваіх прадстаўнікоў на гэтае мерапрыемства. Пры гэтым мы за агульнанацыянальны дыялог і заклікаем да яго. Аднак сход 11−12 лютага, відавочна, ня будзе і нават не плянуецца арганізатарамі як нейкая форма дыялогу, — сказаў TUT.BY намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Раней старшыня БНФ Рыгор Кастусёў казаў, што “Лукашэнкаўскі сход – антыканстытуцыйная гаварыльня чыноўнікаў”:
- Ёсць шэраг патрабаванняў, пры выкананні якіх партыя БНФ гатова сесці за стол перамоваў з беларускімі ўладамі. Па-першае, гэта вызваленне ўсіх палітзняволеных. Па-другое, гэта расследаванне ўсіх фактаў гвалту да ўдзельнікаў мірных акцыяў. Па-трэцяе, распачаць крымінальныя справы ў дачыненні да тых, хто гэты гвалт учыніў. І гэтак далей. Усё гэта было накіравана і ў Палату прадстаўнікоў, і ў Савет Рэспублікі, а таксама агучана мною ў эфіры нацыянальнага тэлебачання, куды мяне запрашалі. Але з боку ўладаў я атрымаў адказ, што гэта не прапановы, а ўльтыматум, які для ўладаў невыканальны. Калі яны так гэта ўспрымаюць, то зразумела, што ніякіх перамоўных працэсаў там адбывацца не можа” – казаў Рыгор Кастусёў.
Афіцыйна ў сходзе возьме ўдзел амаль 2700 чалавек, з якіх 2400 дэлегаты, а астатнія – госці. У гэтым годзе на сход запрасілі і прадстаўнікоў некалькіх апазіцыйных партый (БНФ, БСДП, БСДГ, Справядлівы сьвет), але ўсе яны ўдзельнічаць у сходзе адмовіліся і патлумачылі чаму.