- Тое, што падчас сёняшняй нарады са сваімі памагатымі (і нешматлікімі прыхільнікамі) Лукашэнка абрынуўся на праграму БНФ, выдаючы яе за праграму ўсёй апазыцыі – для мяне навіной не стала. Я салідарызуюся з аргументам спадара Карбалевіча, што Лукашэнка такім чынам вымушана прызнае сілу нашых праграмных палажэнняў. Ён і ягоныя спічрайтэры ўсведамляюць, што праграма нацыянальна-дэмакратычных сілаў – галоўная каштоўнасная альтэрнатыва лукашызму.
Нацыянальная дэмакратычная дзяржава беларускага народу, дзе людзі вырашаюць як ім будаваць сваё жыццё – гэта галоўная альтэрнатыва тыраніі, альтэрнатыва карупцыйнаму свавольству самапрызначаных правадыроў, якіх ніхто не выбіраў.
Разам з тым я б хацеў падзякваць Лукашэнку за такі піяр. Пры тым узроўні падтрымкі, які гэты чалавек мае цяпер, яго плявузганне на адрас беларускай мовы, на адрас нацыянальных каштоўнасцяў – гэта найлепшая рэклама. Спадзяюся, тыя людзі, якія цяпер смела выступаюць супраць дыктататарскага рэжыму, ахвяруюць сабой дзеля свабоды і годнасці – пачуюць гэта. Калі дыктатар нападае на беларускую мову – то менавіта і толькі таму, што дэнацыяналізаваным народам яму прасцей кіраваць.
У тым ліку, спадзяюся, гэта падштурхне сілы так званай “новай апазыцыі” смялей рушыць у бок менавіта нацыянальна-дэмакратычнай праграмы. Мы ўжо бачылі, што не варта было ім саромецца нацыянальных сцягоў, бо Бел-Чырвона-Белы сцяг і Пагоня натуральным чынам, без аніякіх рашэнняў паліттэхнолагаў сталі сымбалямі цяперашніх пратэстаў. Іншыя нацыяльна-дэмакратычныя прынцыпы, каштоўнасць беларускай мовы, прынцыпы ўмацавання беларускай дзяржаўнасці, выхаду з пад расійскага дыктату, на якім заснаваны цяперашні рэжым – таксама павінныя быць усвядомленыя.
Без гэтага перамога немагчымая, без гэтага замест Лукашэнкі прыйдзе наступны такі ж альбо горшы.