Партыя БНФ » Пайшоў з жыцьця дэпутат Апазыцыі БНФ Лявон Дзейка
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Пайшоў з жыцьця дэпутат Апазыцыі БНФ Лявон Дзейка

Дададзена 15.02.2021 5:14:39 | 268 праглядаў

Ад каранавіруса памёр дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання Лявон Дзейка. Зусім нядаўна яму споўніўся 71 год.

Управа БНФ смуткуе з прычыны смерці патрыёта і паплечніка па нацыянальна-дэмакратычным руху.

Лявон Дзейка нарадзіўся 2 лютага 1950 году, ён вядомы як беларускі палітык і грамадзкі дзеяч, дэпутат Вярхоўнага Савету БССР 12-га скліканьня. Інжынэр-электронік, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), быў дзеячом сацыял-дэмакратычнага руху.

Дзейка працаваў на Клецкім мэханічным заводзе, быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету ад Клецкай выбарчай акругі № 62, далучыўся да парлямэнцкай Апазыцыі БНФ «Адраджэньне».

Ён удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў Апазіцыі БНФ у красавіку 1995-га, якую жорстка спынілі сілавікі, якія ўначы ўвайшлі ў парламент.

Ён удзельнічаў у распрацоўцы Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, у галадоўцы дэпутатаў апазыцыі 11–12 красавіка 1995 году супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнай сымболікі, скасаваньні статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, праве прэзыдэнта распускаць Вярхоўны Савет і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.

Пра беларускага палітыка, які адыйшоў з жыцьця, прыгадвае Сяргей Навумчык на Радыё Свабода.

На шмат якіх здымках галадоўкі дэпутатаў Апазыцыі БНФ 11-12 красавіка 1995 году Лявона Дзейкі няма.

Няма, таму што гэтыя здымкі рабіў ён.

Так атрымалася, што ён меў пры сабе фотаапарат («мыльніцу», як тады казалі) і рабіў здымкі. Увечары ён даў камусьці апарат і папрасіў сфатаграфаваць яго — на адным са здымкаў мы слухаем Радыё Свабода. Ну а калі ўвечары журналістаў выдалілі з залі, і ўвайшлі супрацоўнікі службы аховы Лукашэнкі, каб выцягнуць і нас — Лявон сфатаграфаваў гэтыя эпізоды. Не зусім рэзкія, гэтая кадры зрабіліся ўнікальным гістарычным дакумэнтам.

C0A798F0-9A13-4A75-AB4B-3FE458E6A7DF_w650_r0_s

Галадоўка дэпутатаў 12 красавіка 1995 году. Алег Трусаў, Барыс Гюнтэр, Валянцін Голубеў, Сяргей Навумчык, Лявон Дзейка, Уладзімер Заблоцкі.

Напад, праз дзьве гадзіны, дзясяткаў «гарылаў» у чорных масках і спэцназаўцаў з аўтаматамі, ён ужо не здымаў — як і ўсіх дэпутатаў, яго зьбілі, выцягнулі з залі і закінулі ў «варанок».

Лявон Дзейка быў адным з найбольш актыўных дэпутатаў, удзельнічаў у распрацоўцы Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, законапраектаў для абвяшчэньня незалежнасьці на сэсіі 24-25 жніўня 1991 году, працаваў у парлямэнцкай камісіі па культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны. Быў сузаснавальнікам Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ).

24A008D5-9EB0-4E5C-BC14-FF8EA0FB0822_w650_r0_s

Кіраўніцтва Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, лета 1995 г. Зьлева направа: Анатоль Гурыновіч, Лявон Дзейка, Мікола Статкевіч, Алесь Станкевіч, Сяргей Чыслаў (стаіць), Мікола Бірукоў. У форме — сябры ДРАБ (дружыны рэгіянальнай аховы і бясьпекі).

Ён быў інтэлектуалам. Інжынэр паводле адукацыі, ён зьдзіўляў мяне глыбокім веданьнем і беларускай, і сусьветнай літаратуры. Быў востры на язык.

Ягоныя веды, парлямэнцкі, палітычны і жыцьцёвы досьвед не спатрэбіліся ў той краіне, якой зрабілася Беларусь пасьля 1994 году.

З дня спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня (9 студзеня 1996) Лявон нідзе ня мог уладкавацца на працу (як і шмат хто з апанэнтаў Лукашэнкі), хаця закон гарантаваў як мінімум працоўнае месца, раўназначнае таму, якое было да дэпутацтва. Але, як кажа наш колішні калега па парлямэнце, «часам не да законаў»…

Уражваюць апошнія запісы Лявона ў фэйсбуку — пра сыход з жыцьця. Перапошчваў песьні пра сьмерць, пазначыў — «Нешта ніхто не разумее, зь якое нагоды мае апошнiя песьнi…», над фотаздымкам у гадавіну сьмерці Генадзя Грушавога напісаў — «Мне ёсьць за кiм пастукацца ў дзьверы…».

Сёньня пастукаўся. Вечная памяць.

8823707727619832305228798033177972829585408n

Пасведчанні Лявона Дзейкі

29366387_1657740390947174_7244266431301287936_n

Лявон Дзейка (справа), 1993 год

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Сакавік 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Лют    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.