Рыгор Кастусёў: “У Сочы Лукашэнка можа абмяняць незалежнасьць на датацыі”Дададзена 21.02.2021 11:18:32 | 291 праглядаў Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў пра небясьпеку перамоваў, якія прызначаныя паміж Аляксандрам Лукашэнкам і расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным на бліжэйшы панядзелак у Сочы.
Пра гэта лідэр Партыі БНФ заявіў у сваім дакладзе аб палітычнай сытуацыі, выступаючы на Сойме Партыі БНФ, які адбыўся 20 лютага ў Менску: - Лукашэнку патрэбныя крэдыты, паколькі старая расейская падтрымка ўжо праедзеная. Становішча ў эканоміцы надзвычай дрэннае, таму тэрмінова патрэбныя грошы – па іх Лукашэнка і едзе ў Сочы, бо цяпер апроч як у Расеі крэдытаў яму ніхто не дасьць. Эўрапэйскія крэдытныя лініі зачыненыя з-за ўнутранай палітыкі рэпрэсіяў, выкалачваць грошы з бізнэсу і насельніцтва да бясконцасьці немагчыма, а з Пуціным можна дамовіцца на новую падтрымку, ці, прынамсі, на растэрміноўку ранейшых крэдытаў. Але пытаньне – які будзе кошт такой дамовы для беларускага народа і беларускай дзяржавы. Адрозьненьне цяперашняй сытуацыі ў тым, што Расеі цяпер мала завярэньняў ў братэрстве і саюзніцкіх стасунках – ім патрэбныя рэальныя саступкі, у тым ліку рэальныя кавалкі беларускага сувэрэнітэту. Іх мэта кантраляваць не толькі цяперашнюю Беларусь (што ажыцьцяўляецца надзейна менавіта праз прарасейскую палітыку Лукашэнкі) але і важней – кантраляваць будучыню нашай краіны. Расея пасьля Крыму адчувае патрэбу ў новых тэрытарыяльных захопах – і Беларусь, відавочна, адзін з патэнцыйных напрамкаў захопніцкай экспансіі.
У вачах Лукашэнкі Канстытуцыя, таксама як і любы закон – гэта нікчэмная паперка, ён яе неаднаразова нахабна парушаў, перапісваў пад сабе, нават тую рэдакцыю, якую яму ў 1996 годзе напісалі. Таму ёсьць небясьпека, што ён бяздумна пагодзіцца на інсцэніроўку канстытуцыйнай рэформы і замацаваньне ў канстытуцыі падпарадкаванага статусу Беларусі як расейскай калёніі, пагадзіўшыся на гэта ў абмен на падтрымку цяперашняга рэжыму ў гэты складаны для яго момант. Аляксандр Лукашэнка хутчэй за ўсё ўжо пагадзіўся на падпісаньне той 31-й сакрэтнай дарожнай мапы, пра якую стала вядома год таму. Падпісаньне гэтай дарожнай мапы пацягне за сабой вельмі негатыўныя наступствы для Беларусі. Ужо вядома, што падрыхтаваныя дакументы на працяг разьмяшчэньня ў Беларусі расейскіх вайсковых аб’ектаў (станцыі сувязі і радыёлякацыйнай станцыі). Цалкам верагодна, што ў бліжэйшы час паўстане пытанне пра прыняццё адзінай валюты – расейскай валюты на тэрыторыі Беларусі, адмова ад эканамічнага сувэрэнітэту. Ёсьць меркаваньне, што разглядаюцца пытаньні па размяшчэньню двух паўнавартасных вайсковых базаў Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Беларусі, датычных як авіяцыі, так і сухапутных, танкавых войскаў. Сытуацыя надзвычай сур’ёзная, і пагроза для незалежнасьці Беларусі цяпер як ніколі вялікая – сказаў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
|
|
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|