Партыя БНФ » Аб неабходнасьці вяртаньня сытуацыі ў Беларусі ў прававое поле – пазыцыя Партыі БНФ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Аб неабходнасьці вяртаньня сытуацыі ў Беларусі ў прававое поле – пазыцыя Партыі БНФ

Дададзена 21.02.2021 3:12:47 | 828 праглядаў

Пастанова Сойму Партыі БНФ 20 лютага 2021 году

Пазыцыя БНФ аб неабходнасьці вяртаньня сытуацыі ў Беларусі ў прававое поле

 

БНФ логоАд часоў мінулагодняй кампаніі па выбарах прэзыдэнта грамадзка-палітычная сытуацыя ў Беларусі апынулася ў стане глыбокага крызысу. Жорсткае супрацьстаяньне суправаджаецца выбухам гвалту і палітычным перасьледам, які, нажаль, у апошнія месяцы займеў дагэтуль нечуваныя памеры.

Ад самага пачатку супрацьстаяньня Партыя БНФ выказвала занепакоенасьць тым, што палітычна матываваныя захады ўладаў дзеля ўдушэньня мірных пратэстаў не маюць нічога агульнага з падтрыманьнем законнасьці ў краіне, а наадварот, скіраваныя на дэмантаж тых інстытутаў, на якіх грунтуецца ўстойлівасьць дзяржавы.

У кастрычніку мінулага году Партыя БНФ прапанавала дарожную мапу дзеля выхаду з крызысу і наладжваньня нацыянальнага дыялёгу, што дазволіла б уладам і апазыцыі перайсьці ад сілавога мэханізму нарошчваньня інтэнсіўнасьці канфлікту да цывілізаванага шляху мірнага вырашэньня спрэчак. Прапанаваныя ў дарожнай мапе крокі (спыненьне перасьледу ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту, спыненьне крымінальных справаў супраць удзельнікаў выбарчай кампаніі і журналістаў, расьледваньне катаваньняў і сьмяротных выпадкаў, зьвязаных з выбарчай кампаніяй і наступнымі пратэстамі, гарантыі бясьпекі дзеля вяртаньня з эміграцыі тых палітыкаў, якія былі вымушаныя з’ехаць з краіны пад ціскам і з улікам абгрунтаваных апасеньняў за сваё жыцьцё).

На той момант азначаныя крокі дзеля выхаду з крызысу не мелі альтэрнатывы – гэта было тое, што было запатрабаванае народам і магло бы спыніць спаўзаньне сытуацыі да небясьпечнай рысы.

Нажаль, прапанаваныя намі крокі былі адкінутыя ўладамі: адзіны магчымы алгарытм выхаду з крызысу быў залічаны да катэгорыі “ультыматумаў”, а выбар быў зроблены на карысьць нарошчваньня рэпрэсіяў, распальваньня ўзаемнай нянавісьці сярод беларусаў і правакаваньня далейшых і больш небясьпечных канфліктаў. Дзеля рэпрэсіўных органаў былі зьнятыя ўсе магчымыя прававыя абмежаваньні, а іх дзейнасьць ператварылася ў суцэльнае свавольства, скіраванае на тое каб пакараць усіх нязгодных з палітыкай рэжыму.

Першыя справы па абвінавачаньнях у тэрарызме, выпадкі блякаваньня чыгуначных шляхоў, каля трох соцень палітычных зьняволеных (і тысячы падазраваных і абвінавачаных у межах двух тысяч крымінальных справаў), масавыя ператрусы ў арганізацыях грамадзянскай супольнасьці, абсурдныя прапановы заканадаўчых зьменаў у закон аб барацьбе з экстрэмізмам, ганебная падтрымка ініцыятываў аб забароне беларускай нацыянальнай сымболікі, заклікі да насільля супраць апазыцыі ў дзяржаўных СМІ, публічныя дамоўленасьці аб супрацы з расейскай нацыянальнай гвардыяй – усё гэта сьведчыць пра радыкалізацыю супрацьстаяньня і сасьпяваньне канфлікту да ўзроўню грамадзянскай вайны, з вялікай рызыкай замежнай інтэрвэнцыі.

Змагаючыся са справядлівым абурэньнем людзей шляхам неправавога ўдушэньня грамадзянскіх свабодаў улады гуляюцца з агнём і могуць справакаваць сацыяльны выбух у новых, больш небясьпечных формах.  Рэжым імкнецца ўцягнуць у неправавую дзейнасьць, і такім чынам запэцкаць, максымальную колькасьць супрацоўнікаў праваахоўных органаў і дзяржслужбоўцаў.

Пры гэтым замест запатрабаваных жыцьцём крокаў па наладжваньні сапраўднага дыялёгу ўлады прапанавалі грамадзтву эрзац у выглядзе гэтак званага “усебеларускага народнага сходу”, які не карыстаецца даверам беларускага народу і спосаб правядзеньня якога вельмі далёкі ад дэмакратыі і народаўладдзя. Сам сход і падрыхтоўка да яго выклікалі справядлівае абурэньне грамадзтва.

Дзеяньні дзяржслужбоўцаў па нарошчваньні палітычных рэпрэсіяў прывялі да ўвядзеньня супраць іх замежных санкцыяў, якія на доўгі час ставяць краіну ў стан “дзяржавы-ізгоя” на міжнароднай арэне. Адказнасьць за шкодныя для Беларусі наступствы крызысу ў міжнародных дачыненьнях палягае на цяперашнім кіраўніцтве краіны.

Азначаныя падзеі адбываюцца на тле вартай жалю эканамічнай сытуацыі, скарачэньня ВУП і зьніжэньня ўзроўню жыцьця. Пры гэтым улады дэкляравалі новы наступ на прыватны сэктар, абвесьціўшы новы фронт канфлікту – гэтым разам супраць нацыянальнага бізнэсу. Анансаваныя захады па павелічэньні падаткаў, узмацненні праверак і кантролю за прыватнымі фірмамі, пашырэньня практыкі ліцэнзаваньня, павелічэньні бюракратычных бар’ераў для заснаваньня бізнэсу і дзеля дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў – усё гэта можа адкінуць народную гаспадарку на дзесяцігодзьдзі назад. Ужо і пазначаная мэта гэтага рэгрэсу – вяртаньне да гэтак званай “плянавай эканомікі” на камуністычны ўзор, што паставіць нашую краіну ў адзін шэраг з найбольш змрочнымі дыктатурамі сучаснасьці. Мы лічым недапушчальным працяг грэбаваньня прававымі нормамі і дэманстратыўнага вываду рэпрэсіўных органаў са сферы, рэгуляванай прававымі нормамі.

Гэты палітычны курс нэа-сталінізму і рэстаўрацыі таталітарнай сыстэмы не адпавядае інтарэсам беларускай нацыі, нясе пагрозу самому існаваньню незалежнай беларускай дзяржавы, пагражае асабістаму жыцьцю і бясьпецы жыхароў Беларусі. Карані гэтага палітычнага курсу палягаюць у прававым нігілізме, які яскрава праяўляе2ца ў анасаваным пакеце эканамічных і палітычных рэпрэсіўных актаў заканадаўства.

Не здымаючы ўласных праграмных мэтаў і захоўваючы безумоўныя патрабваньні спыненьня палітычных рэпрэсіяў, мы лічым, што любое вырашэньне сытуацыі ў краіне на карысьць беларускай дзяржавы і грамадзтва магчымае толькі пры адной рамкавай умове: вяртаньне сытуацыі ў прававое поле. Дзеля гэтага лічым неабходнымі наступныя крокі:

-      Спыненьне рэйдаў МУС, ДФР ды іншых сілавых структураў супраць СМІ, арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і ўдзельнікаў мірных пратэстаў (уключна з недапушчэньнем арышту грамадзянаў на падставе ўдзелу ў масавых мерапрыемствах, якія не суправаджаюцца гвалтам), у тым ліку спыненьне аблаваў на дваравых акцыях і нападаў на дамы і кватэры грамадзян.

-      Выкараненьне практыкі катаваньняў у дачыненьні да арыштаваных і зьняволеных, расьледваньне выпадкаў катаваньняў і сьмерцьцяў пратэстоўцаў.

-      Запрашэньне міжнародных экспэртаў ААН і АБСЭ дзеля назіраньня за сьледствам і судовымі працэсамі па справах, якія зьвязаныя з абвінавачваньнем у тэрарызме, у тым ліку запрашэньне спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб заахвочваньні і абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам.

-      Адмова ад плянаў рэпрэсіўных паправак у законы і практыку, у тым ліку ад абвяшчэньня перараэгістрацыі палітычных партыяў, ад анансаванай дыскрымінацыі апанентаў дзеючай улады праз закон аб экстрэмізме ды ад забароны нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцягу, а таксама мараторый на ўвядзенне новых падаткаў ды бюракратычных абмежаванняў для бізнэсу, уключна з індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

-      Адмова ад канстытуцыйнай рэформы (у тым ліку ад якога-кольвек рэферэндума) як немагчымай у цяперашняй сытуацыі паўсюдных рэпрэсіяў і ігнараваньня прававых нормаў.

-      Прызначыць правядзеньне мясцовых выбараў на тэрмін не пазьней за лета 2021 года і правесьці іх ва ўмовах поўнай празрыстасьці і ў адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі

Партыя БНФ заўжды будавала сваю дзейнасьць зыходзячы з прынцыпу законнасьці. У сёняшніх умовах мы заклікаем да гэтага ж усе бакі грамадзкага супрацьстаяньня, і ў першую чаргу – органы дзяржаўнай улады. Працяг курсу на руйнаваньне законнасьці і інстытутаў нацыянальнае дзяржавы будзе азначаць пагрозу самому існаваньню беларускай дзяржаўнасьці.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.