Партыя БНФ » Сябра Сойму БНФ Павал Батуеў: “Як я правёў 25 сакавіка”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сябра Сойму БНФ Павал Батуеў: “Як я правёў 25 сакавіка”

Дададзена 26.03.2021 10:45:18 | 385 праглядаў

Салігорскі актывіст і сябра Сойму Партыі БНФ Павал Батуеў распавядае, як на Дзень Волі яму зладзілі «тур выхаднога дня» па праваахоўных установах горада.

Пра тое, што адбылося з ім 25 сакавіка, актывіст напісаў у Фэйсбуку.

Паавл БатуеўЗавёў дачку ў садок. Вяртаюся дахаты. Сустрэліся з жонкай. Разам падышлі да пад’езда. Закурыў.

Тут з машыны выйшлі два чэлы. Памахалі корачкамі, сказалі, што супраць мяне пачаты адміністрацыйны працэс. Павезьлі мяне ў РАУС.

Забралі тэлефон і пашпарт, а пасьля банкаўскую картку і цыгарэты (мабыць, каб не курыў і псаваў здароўе). Прывялі ў актавую залю. Перадалі маёру.

Той папытаў, ці бачыў я новы ролік стачкаму. Чэсна сказаў, што не чытаю дэструктыўныя тэлеграм-каналы. Далей запыталі, хто такія два чалавекі са стачкаму і што я пра іх ведаю. Сказаў, што магу загугліць, але тэлефона няма. Таксама супрацоўнік ветліва запытаў, як у мяне прайшоў мінулы дзень, і пайшоў па справах, а замест маёра прыйшоў капітан. Ніхто мне не казаў, за што я затрыманы, таму я проста боўтаўся па актавай залі з кута ў кут.

Пасля мяне вырашылі пракаціць у пракуратуру, куды мяне «пригласили предупредить об изменениях в КоАП», і распавядалі якія цяпер штрафы, на колькі можна прысесці, крымінальная адказнасьць там і ўсё такое.

Пасля мяне зноў прывезьлі ў РАУС і там адзін з супрацоўнікаў не ў форме ветліва папрасіў уключыць тэлефон, а ён пераканаецца, ці няма там нідзе экстрэмізму. Я не вельмі хацеў, але ён быў такі ветлівы, а я такі законапаслухмяны, што мы сышліся на варыянце, калі я трымаю тэлефон у руках і паказваю, што ніякай крымінальнай дзічы ў мяне няма.

Так мы праглядзелі мой ТГ. Пасьля супрацоўнік ветліва папрасіў паглядзець vk. Трохі папытаў пра лакальны паблік і пайшоў. Вярнуўся і кажа, я хацеў б скапіраваць зьвесткі з вашага тэлеграму. Я адмовіўся, ён прапанаваў больш настойліва і сказаў, што мне ня варта адмаўляцца, бо ў адваротным выпадку мяне перададуць іншым людзям.

Гучала ніба як трохі пагроза, і я нават збіраўся падарваць сябе апошняй гранатай, каб тэлеграма не дасталася ворагу, але па выніку ворагі па мяне так і не прыйшлі, а мы яшчэ болей за гадзіну гаварылі пра высокія матэрыі.

Пасля мяне павялі ў Следчы камітэт. Там не вельмі спачатку зразумелі, нафіга я там, але калі ўжо там, дык пачалі апытваць па 5 ці 6 крымінальных справах.

Ці ведаю я, хто абразіў у каментах супрацоўніка міліцыі. Ці не ведаю, хто зрабіў надпісы палітычнага зьместу на сьценах будынкаў. Паглядзелі фоткі надпісаў. Сапраўды, палітычнага зьместу, ніводнай фоткі з надпісам «х…» ці нешта такое. Усё гэта заняло нямала часу.

Пасля супрацоўнік СК павёў мяне ў крымінальны вышук. Там мне прапанавалі палову снікерса. Пасядзелі, пагутарылі за філасофію больш за гадзіну.

Потым павялі ў кабінет да міліцыянта, з якім мы перасякаліся яшчэ на пачатку 2000-х. Ён ветліва і з усьмешкай папытаў, як у мяне здароўе, і параіў яго берагчы, не вадзіць сяброўства з кепскімі кампаніямі і больш да іх не трапляць.

І выпусьцілі без пратаколаў і штрафаў. Так і не зразумеў, за што мне гэты тур выхаднога дня. Ужо калі выйшаў, даведаўся, што ў Салігорску затрымлівалі некалькіх чалавек (ня ўсе выйшлі на волю) і ў некаторых прайшлі дома вобшукі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Красавік 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.