У Слоніме “невядомыя” вялі відэаназіраньне за тым, як дэмакратычныя актывісты ўшаноўвалі памяць доктара Івана Шэгі
Дададзена 26.03.2021 11:11:59 | 389 праглядаў 25 сакавіка для слонімцаў не толькі Дзень Волі, але і дзень ушанавання Івана Шэгі (1953-2016) – вядомага слонімскага грамадскага-палітычнага дзеяча і доктара, шматгадовага кіраўніка мясцовай арганізацыі БНФ “Адраджэньне” і сябры Сойму Партыі БНФ.
25 сакавіка – дзень нараджэння Івана Іванавіча.
У гэты дзень слонімцы наведалі гарадскія могілкі і ўсклалі кветкі на яго магілу. Міхась Варанец зачытаў асобныя радкі з кнігі Івана Шэгі “Пра краіну і пра нас” (Менск, 2016), прысвечаныя 25 сакавіку. Пра Івана Іванавіча згадалі таксама яго жонка Маргарыта Шэга, Павел Севасцьян, Віктар Марчык. А Алесь Масюк, калі купляў кветкі, і папрасіў гандлярку зрабіць бел-чырвона-белы букет на магілу Івана Іванавіча, дык дзяўчына, якая прадавала кветкі, грошай не ўзяла. А, наадварот, павіншавала ўсіх з Днём Волі.
Дзіўна тое, што за ўшанаваннем вядомага слонімца з машыны назіралі дзве невядомыя асобы ў антыкавідных масках і здымалі ўсё на відэакамеру – паведамляе Радыё Рацыя.
Відаць, да сённяшніх дзён імя Іван Шэгі не дае ўладам спакою.








|