Старшыня Віцебскай арганізацыі БНФ застаецца за кратамі ад 25 сакавіка
Дададзена 28.03.2021 12:37:22 | 385 праглядаў
25 сакавіка ў Вцебску былі затрыманыя грамадзяне, якіх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Сярод затрыманых – старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў.
Пра затрыманьне актывіст пасьпеў паведаміць у сацыяльных сетках, размясціўшы выяву ўтрыманьня ў аўтазаку.
Як паведамілі відавочцы, затрыманьні ў Віцебску адбыліся каля помніка князю Альгерду.
Суд над затрыманай на Дзень волі ў Віцебску Крысцінай Юдзінай прайшоў на тэрыторыі ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ). Ёй прысудзілі 25 сутак арышту. Ці адбыліся суды над іншымі віцяблянамі, якіх затрымалі 25 сакавіка, у тым ліку над кіраўніком абласной арганізацыі БНФ Кастусём Смолікавым, пакуль невядома. З пэўнасцю можна сказаць толькі тое, што яны не на волі – паведамляе віцебская філія Праваабарончага цэнтру “Вясна”.
25 сакавіка ў Віцебску быў затрыманы кіраўнік абласной арганізацыі БНФ Кастусь Смолікаў, разам з ім – віцябляне Алесь Вендт і Іван Казлоў. Затрымалі таксама 18-гадовага Руслана Яневіча і 21-гадовую Крысціну Юдзіну. У той жа дзень усіх кінулі ў ІЧУ. Прозвішчы іншых затрыманых высвятляюцца.
Інфармацыі пра тое, за што былі затрыманыя грамадзяне і ў чым іх абвінавачваюць, здабыць не ўдалося.
26 сакавіка, віцебскія журналісты спрабавалі даведацца, калі і дзе адбудуцца суды над затрыманымі, але ні ў водны раённы суд справы віцяблян не паступалі.
Толькі пасля абеду стала вядома пра вынік суду над Крысцінай Юдзінай, які прайшоў у будынку віцебскага СІЗА-2. Як стала вядома, суддзя Вераніка Барысава (суд Першамайскага раёну) на выязным паседжанні пакарала Юдзіну адміністрацыйным арыштам на 25 сутак. Меркавана – за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 24.23 КаАП).
Ці прайшлі суды над іншымі затрыманымі – невядома.