Суд пакараў арыштам віцяблян, што былі затрыманыя на Дзень воліДададзена 31.03.2021 11:45:58 | 330 праглядаў У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 30 сакавіка прайшоў судовы працэс у дачыненні да трох віцяблян, затрыманых на Дзень волі ля помніку князю Альгерду. Іх вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні (арт. 24.23 КаАП). Суд пакараў мужчын адміністрацыйнымі арыштамі – агулам на 35 сутак.
«25 сакавіка з бела-чырвоным шалікам з надпісам «Жыве Беларусь! Беларусь за Мілінкевіча!» ўзяў удзел у пікетаванні: на знак абвяшчэння незалежнасці БНР знаходзіўся каля помніку Вялікаму князю ВКЛ Альгерду разам з Казловым і Смолікавым», – напісалі міліцыянты ў пратаколе Алеся Вендта. У дачыненні да іншых удзельнікаў працэсу пратаколы ўтрымлівалі такія ж фармулёўкі, але ўдакладнялася, што шалік быў не ў iх. Як патлумачыў на судзе Алесь Вендт, ён хацеў сустрэцца ў цэнтры з Кастусём Смолікавым і пайсці ў кавярню, каб пагутарыць і адзначыць свята. «Мы хацелі паразмаўляць, прысесці на лаўку каля Альгерда. Прыпынак быў поўны, і там няма дзе было прысесці», – сказаў Алесь. Каля прыпынку ж ён выпадкова сустрэў свайго знаёмага Івана Казлова, які проста падышоў павітацца – і быў затрыманы «прычэпам».
Пры аглядзе асабістых рэчаў у Алеся Вендта сапраўды быў знойдзены БЧБ-сцяг, які ляжаў у падарункавы пакеце. Па словах Алеся, і гэта пацвярджае відэазапіс, прагледжаны ў судзе, сцяг з пакету не даставаўся. Якім чынам «неўстаноўленая асоба» ведала пра знаходжанне ў пакеце сцяга, засталося загадкай. Сам жа Віталь Праліч на суд не з’явіўся, хаця суддзя на пачатку працэсу казаў пра заяўленых сведкаў-міліцыянтаў.
Суддзя Уладзімір Царыкаў прызнаў мужчын вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні (арт. 24.23 КаАП). Кіраўнік абласной філіі БНФ Кастусь Смолікаў асуджаны на 12 сутак, Алесь Вендт – на 13, а Іван Казлоў – на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Рашэнне суду не набыло законнай моцы. Суддзя даў віцяблянам 5 сутак на абскарджанне пастановы. Пасля суду іх не затрымалі. |
|
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|