Партыя БНФ » Выставы суполкі “Пагоня” і Алеся Мары – у Палацы мастацтва да 11 красавіка
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Выставы суполкі “Пагоня” і Алеся Мары – у Палацы мастацтва да 11 красавіка

Дададзена 02.04.2021 1:43:14 | 308 праглядаў

1 красавіка ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» (Мінск, вул. Казлова, 3) адбылося адкрыццё выставы графікі «АкваАрэлі+» вядомага беларускага мастака, сябра творчай суполкі «Пагоня» і сябры Сойму БНФ Алеся Мары (Аляксея Марачкіна).

167588493_4098763460169090_8918832320093045862_nТамсама ж пачала працу юбілейная, 30-я выстава мастацкай суполкі “Пагоня”.

На ўрачыстым адкрыцці выставаў у Палацы Мастацтваў прысутнічаў старшыня Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” Рыгор Кастусёў.

Абедзьве выставы будуць працаваць да 11 красавіка.

Фотарэпартаж з адкрыцьця выставаў – тут:

Упершыню Алесь Мара паказвае сталічным гледачам графічныя творы, пераважна акварэлі. Адсюль і такая назва — «АкваАрэлі+». Слова складваецца з двух частак: «аква» — вада, «арэлі» – фантазійная гушкалка на белай паперы, па якой расцякаюцца падуладныя мастаку каляровыя вадзяныя плямы.

У экспазіцыі прадстаўлена розная тэматыка: ад успамінаў дзяцінства да сённяшняга дня, які складаецца не толькі з аптымістычных фарбаў расперазанага пазітыву. Мастак не абмінае вострых вуглоў, гэтым характэрная яго творчасць, пра гэта прамаўляюць яго творы.

На думку мастака, акварэлі, гэтыя фарбы-пігменты — найбольш натуральны матэрыял для мастака, які сягае ў далёкае мінулае. Як сцвярджае Алесь Мара, «вада – Божая субстанцыя, а ў Беларусі яна асаблівая». Як напісаў Алесь Разанаў у сваіх паэтычных радках «Напачатку было балота».

“…каб жыла Бацькаўшчына”: Да 30-годдзя суполкі “Пагоня”

2021-04-02_Kauniarovicz_Pahonia_fota130 гадоў назад, у сакавіку 1991 г., у Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў “Палац мастацтва” адбылася выстава “Адраджэнне” – першая вялікая выстава суполкі “Пагоня”. Гэта творчае аб’яднанне было ўтворана за год да таго, на пачатку 1990 г., і аформлена як структурная адзінка ў складзе грамадскага аб’яднання беларускіх мастакоў у лютым 1990 г. на ХІІІ з’ездзе Саюза мастакоў Беларусі. За трыццаць гадоў творчая суполка “Пагоня” здзейсніла больш за сотню мастацкіх імпрэз – гэта і шматразовыя выставы “Адраджэнне” ў “Палацы мастацтва”, і выставы, прысвечаныя выдатным асобам і знакавым падзеям беларускай гісторыі і культуры, мастацкія пленэры і выставы, прысвечаныя мастакам Язэпу Драздовічу, Фердынанту Рушчыцу, паэтам і пісьменнікам Яну Вісліцкаму, Рыгору Барадуліну, Уладзіміру Караткевічу, Васілю Быкаву. Сумесныя і персанальныя выставы сябраў суполкі “Пагоня” ладзіліся не толькі ў Мінску і іншых гарадах нашай краіны, але і за яе межамі – у Эстоніі, Літве, Польшчы, Германіі, ЗША, Бельгіі, Расіі, Украіне, Чарнагорыі і іншых краінах.

Мастакі, сябры суполкі “Пагоня”, зрабілі вялікі ўнёсак у скарбонку мастацкага і культурнага жыцця Беларусі апошних дзесяцігоддзяў ХХ – першых дзесяцігоддзяў ХХІ стагоддзя: – гэта і капліца Святой Еўфрасінні Полацкай у Рэчыцы, створаная па праекту Эдуарда Агуновіча, і мемарыяльныя знакі і капліцы, збудаваныя Алесем Цыркуновым, і роспісы цэркваў у Докшыцах і Заслаўі, выкананыя Віктарам Маркаўцом, сценапіс царквы ў Бабры і касцёлаў у Магілёве і Вішневе, зроблены Алесем Пушкіным, абраз Божай Маці Чарнобыльскай, створаны Алесем Марачкіным, абразы, выкананыя Юрыем Піскуном для цэркваў у Грэску і Вольна, касцёлаў у Жодзіна і Росіцы, больш за 20 іканастасаў, выкананых Аляксандрам Лосем для беларускіх цэркваў у Польшчы. Мастакі, сябры суполкі “Пагоня” стварылі на працягу гэтых гадоў шэраг музейна-выставачных праектаў (адзін з апошніх – мемарыяльная экспазіцыя ў мінскім Саборы ўсіх святых, ствараная Лявонам Бартлавым), габеленаў і дэкаратыўных пано, рэканструкцый гістарычных партрэтаў, рыцарскай зброі, старажытных касцюмаў, зробленых для экспазіцый Мірскага і Нясвіжскага замка, музея-сядзібы ў Лошыцы.

Віктар Шматаў, доктар мастацтвазнаўства, вядомы даследчык мастацкага аздаблення беларускіх старадрукаў, сябра суполкі “Пагоня”, застанецца ў гісторыі беларускага мастацтва і як адзін з пачынальнікаў мастацкага асэнсавання Чарнобыльскай трагедыі. Напісаны ім цыкл жывапісных палотнаў на тэму наступстваў Чарнобыля не страчвае сваёй мастацка-дакументальнай каштоўнасці і сёння, у 35-ыя ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы. Віктар Шматаў разам з Рыгорам Данчанка, так сама сябрам суполкі, стварылі ў Музеіі старажытнабеларускай культуры першую у краіне музейную экспазіцыю этнаграфіі і народнага мастацтва адселеных вёсак чарнобыльскай зоны.

Адзін пералік гэтых мастацкіх здабыткаў указвае на асаблівы, унікальны характар суполкі “Пагоня” ў складзе Беларускага саюза мастакоў. Творчае аб’яднанне – суполка “Пагоня” – яднае ў сваіх шэрагах мастакоў самых розных напрамкаў, мастацкіх плыняў і відаў дзейнасці. Сябры суполкі – і мастакі, прыхільнікі класічнага мастацтва, і мастакі-авангардысты. Сярод іх – жывапісцы, графікі, мастакі, якія працуюць у галіне керамікі, мастацкага ткацтва, металапластыкі, мастацкай апрацоўкі дрэва, касцюма, дызайна, шрыфтавой графікі, плаката, інтэр’ера, фотамастацтва. У склад суполкі ўваходзяць і мастацтвазнаўцы Таццяна Маркавец-Гаранская, адзін з аўтараў-складальнікаў альбома “Творчая суполка “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў”, выдадзенага ў 2016 г., і Мая Яніцкая – вядомая даследчыца беларускага мастацкага шкла і слуцкіх паясоў, старэйшы сябра суполкі “Пагоня”, яна адзначае ў гэтым годдзе свой 90-гадовы юбілей.

У складзе суполкі “Пагоня” аб’яднаны творцы розных пакаленняў. Гэта і мастакі паважанага ўзросту і больш маладыя асобы. Адметная рыса “Пагоні” ў тым, што ўслед за бацькамі ў склад “Пагоні” ўліліся іх дзеці, мастакі новага пакалення – Ігар Марачкін, Усевалад Свентахоўскі, Вольга Бычко, Ян Бусел, Ганна Раманоўская, Марыся Лось. У складзе “Пагоні” не толькі мастакі Мінска, але і творцы з іншых мясцін Беларусі – Магілёва і Пінска, Моталя і Бабра, Жодзіна, Маладзечна і Заслаўя. Кола маладзечанскіх мастакоў, сябраў суполкі “Пагоня” – адметна сваёй вялікай творчай актыўнасцю. На прыканцы мінулага – пачатку 2021 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь з поспехам прайшла выстава маладзечанскіх мастакоў з іх ўдзелам. У сакавіку гэтага года маладзечанскія мастакі стварылі у сваім горадзе мастацкую выставу, прысвечаную памяці свайго зямляка, вядомага беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча.

Спіс сябраў суполкі “Пагоня” ўключае 86 прозвішчаў. Кожны з іх – унікальная творчая асоба. Многія з поспехам працуюць (ці працавалі, бо 32 сябра “Пагоні” ўжо няма ў жывых) у розных відах і жанрах мастацтва: у графіцы, жывапісу і мастацтвазнаўстве, у жывапісу і скульптурных інсталяцыях, у графіцы і дызайне, пішуць вершы, ствараюць музычныя інструменты. Таму, натуральна, што менавіта суполка “Пагоня”, у адрозненне ад іншых творчых падраздзяленняў Беларускага саюза мастакоў, з уласцівай “Пагоні” адсутнасцю абмежаавання пэўным відам мастацтва, злучыла разам гэтых унікальных, універсальных творчых асоб.

Юбілейная выстава суполкі “Пагоня” мае рэтраспектыўны характар. На ёй прадстаўлены тыя творы сябраў суполкі, якія выразна раскрываюць стрыжневыя тэмы яе творчых памкненняў, ідэйныя, грамадзянскія і мастацкія прыарытэты служэння Беларусі, адраджэння вялікай беларускай культурнай спадчыны.

У экспазіцыю ўключаны творы сяброў “Пагоні”, якіх, на вялікі жаль, ужо няма сярод нас, але памяць пра якіх назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах. Гэтыя творы прадастаўлены з фондаў Беларускага саюза мастакоў і з уласнасці нашчадкаў і сяброў 32 спачылых сябраў суполкі “Пагоня”.Разам з імі прадстаўлены работы дзейсных сябраў суполкі “Пагоня – як новыя творы, так і творы, выкананыя раней, важныя для гісторыі суполкі. Усе творы выставы раскрываюць творчае крэда суполкі “Пагоня” – мастакоўскае служэнне ідэі вольнай, свабоднай Беларусі,захапленне яе багатай гісторычнай і культурнай спадчынай, адданасць незалежнасці нашай краіны.

Адначасова з юбілейнай выставай разгорнута экспазіцыя, падрыхтаваная сябрамі суполкі “Пагоня”, прымеркаваная да 100-годдзя Слуцкага збройнага чына, і персанальная выстава акварэляў старэйшага сябра, аднаго з заснавальнікаў суполкі “Пагоня”, Алеся Марачкіна.

Выставы будуць працаваць да 11 красавіка 2021 года.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак — выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288 15 49;+375 (29) 264 68 48 (МТС).

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Красавік 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.