Аргкамітэт Чарнобыльскага Шляху-2021 сабраўся ў Менску
Дададзена 03.04.2021 5:08:50 | 271 праглядаў Першае пасяджэнне аргкамітэту па арганізацыі традыцыйнага Чарнобыльскага шляху прайшло 1 красавіка ў Менску. Ад імя Партыі БНФ у нарадзе ўзяў удзел старшыня партыі Рыгор Кастусёў.
У пасяджэнні ўдзельнічалі Партыя “Зялёных”, БСДП (Грамада), Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Рух салідарнасці “Разам”, а таксама прадстаўнікі ад партыі левых “Справядлівы свет”, руху “За свабоду” і ад аргкамітэту БХД.
У гэтым годзе з моманту катастрофы – 35 гадоў. Таму сябры аргкамітэту, нягледзячы на супрацьдзеянне ўладаў, якое выявілася пры падрыхтоўцы Дня Волі, маюць намер дабівацца годнага адзначэння гадавіны катастрофы: вырашана спрабаваць правесці масавае мерапрыемства ў парадку, які вызначаны драконаўскім “Законам аб масавых мерапрыемствах”.
Вырашана, што заяўка будзе рыхтавацца да падачы ад імя фізічных асобаў – прадстаўнікоў партый і рухаў. Арганізатары як фізічныя асобы будуць намагацца заключыць усе неабходныя дамовы з дзяржаўнымі арганізацыямі, без якіх паводле закону немагчыма падаваць заяўку альбо паведамленьне аб масавым мерапрыемстве.
Паводле папярэдняга плану арганізатараў акцыі, заяўка ў Менгарвыканкам на правядзенне мерапрыемства будзе пададзена 10 красавіка.
|