Партыя БНФ » Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў затрыманы і зьмешчаны ў СІЗА КДБ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў затрыманы і зьмешчаны ў СІЗА КДБ

Дададзена 13.04.2021 12:01:04 | 1,541 праглядаў

Увечары 12 красавіка быў затрыманы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

kastusiouПалітык быў арыштаваны ў Шклове і дастаўлены ў Менск, дзе яго зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ (“Амерыканка”). Падставай для зьняволеньня Рыгора Кастусёва стала крымінальная справа, артыкул і абставіны якой пакуль застаюцца невядомыя.

Пра гэта паведаміў зяць палітыка, шклоўскі актывіст Зьміцер Антончык. Паводле ягонай інфармацыі, пра затрыманьне палітыка сям’я даведалася з тэлефоннага званка супрацоўнікаў КДБ – яны патэлефанавалі дачцэ Рыгора Кастусёва.

З нагоды арышту старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва намесьнік старшыні Партыі Вадзім Саранчукоў заявіў:

- Мы абураныя затрыманьнем старшыні БНФ Рыгора Кастусёва і разглядаем гэты факт як працяг кампаніі перасьледу дзеячоў легальнай апазыцыі ў Беларусі. Ціск на палітычныя партыі ёсьць працягам ціску на ўсе незалежныя ад уладаў асяродкі, на грамадзянскую супольнасьць і іншадумцаў. 

Партыя БНФ, як легальная палітычная партыя, і яе старшыня, як кіраўнік афіцыйна зарэгістраванай палітычнай партыі, вядуць сваю дзейнасьць ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Мы рашуча асуджаем затрыманьне лідэра Партыі БНФ як безпрадстаўнае, як праяву палітычнага перасьледу апанентаў цяперашніх уладаў. Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня старшыні БНФ Рыгора Кастусёва!

- сказаў намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў

Кастусёў 32Нарадзіўся 17 красавіка 1957 году ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1982), інжынэр-мэханік.

Служыў у войску (1975-1977).

Працаваў галоўным інжынэрам у гаспадарцы “Друць” Бялыніцкага раёну (1983-1988), дырэктарам гаспадаркі “Іскра” Бялыніцкага раёну (1988-1991), дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (1995-2001).

Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства “Гідрасіла ─ Белая Русь” у Магілёве (2002-2004).

Ад 1989 году удзельнічае ў палітычнай дзейнасьці.

У 1993 годзе абраны старшынём Шклоўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ. З 1996 году — сябра Сойму БНФ. З 2002 па 2009 г. — старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ. У пэрыяд ад 2009 году да 2017 году быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ.

Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў.

У 2004, 2008, 2016 гадах на выбарах дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь быў кандыдатам у дэпутаты ад Партыі БНФ па Шклоўскай выбарчай акрузе, у 2019 годзе вылучаўся ў Менску. У 2012 годзе зьняў сваю кандыдатуру з парлямэнцкіх выбараў у адпаведнасьці з рашэньнем Зьезду Партыі БНФ.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, ад 2008 году узначальваў Магілёўскую абласную кааліцыю АДС.

Рашэньнем Зьезду Партыі БНФ 2010 году быў вылучаны кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад Партыі БНФ. Паводле афіцыйных зьвестак заняў на выбарах чацьвёртае месца з  10 кандыдатаў: паводле абвешчаных Цэнтральнай камісіяй вынікаў, за Рыгора Кастусёва прагаласавалі 126 999 выбаршчыкаў (1,97% галасоў). Заявіў пра нязгоду з вынікамі выбараў, абвінаваціўшы ўлады ў парушэньні выбарчага заканадаўства і незаконных маніпуляцыях пры падліку галасоў. Узяў удзел у акцыі пратэсту пасля выбараў 19 сьнежня 2010 году, быў зьбіты спецслужбамі, арыштаваны і кінуты ў сьледчы ізалятар КДБ. Адзіны з кандыдатаў, які падаў скаргу ў Цэнтральную камісію з патрабаваньнем прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.

30 верасьня 2017 года на XVIII Зьездзе Партыі БНФ (XV Зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”) быў абраны старшынём Партыі БНФ і старшынём Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Пераабраны на новы трохгадовы  тэрмін у лістападзе 2020 году.

Беларус. Праваслаўны. Жанаты. Трое дзяцей.

 

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.