Партыя БНФ » Рыгор Кастусёў сустрэў дзень народзінаў у СІЗА КДБ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рыгор Кастусёў сустрэў дзень народзінаў у СІЗА КДБ

Дададзена 17.04.2021 6:16:12 | 1,686 праглядаў

17 красавіка старшыня Партыі БНФ сустрэў свой дзень народзінаў у зьняволеньні, у сьледчым ізалятары КДБ.

Рыгор Кастусёў 2020 - 2Палітык быў затрыманы 12 красавіка. Падставай для зьняволеньня Рыгора Кастусёва стала крымінальная справа, паводле інфармацыі КДБ затрыманьне адбылося  “па непасрэдным падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства”.

У першыя дні пасьля затрыманьня ў сьледчым ізалятары безпадстаўна адмовіліся прымаць перадачу, якую падрыхтавалі для Рыгора Кастусёва паплечнікі па партыі, але ў наступныя дні перадачу ад блізкіх сваякоў пагадзіліся прыняць. Адвакат затрыманага пакуль не можа сустрэцца са сваім падабаронным – пра гэта паведаміў зяць палітыка Зьміцер Антончык. Ён кажа, што адвакату паабяцалі паведаміць, калі ён зможа сустрэцца з кліентам.

З нагоды дня народзінаў старшыні БНФ яго намесьнік у партыі Аляксей Янукевіч напісаў:

Спадар Рыгор ёсьць адным з найбольш шчырых і простых у стасунках людзей, каго я ведаю. У ім рэдкім чынам спалучаюцца прынцыповасьць і здольнасьць выслухоўваць, шукаць кампраміс і згоду. Словы і справы спадара Рыгора заўсёды супадаюць (вельмі рэдкі выпадак у палітыцы), і спадар Рыгор заўсёды гаворыць і робіць тое, у што верыць, не пераймаючыся тым, што пра яго скажуць або напішуць.

Жадаю спадару Рыгору моцы і найхутчэйшага вызваленьня!

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў

Нарадзіўся 17 красавіка 1957 году ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1982), інжынэр-мэханік.

Служыў у войску (1975-1977).

Працаваў галоўным інжынэрам у гаспадарцы “Друць” Бялыніцкага раёну (1983-1988), дырэктарам гаспадаркі “Іскра” Бялыніцкага раёну (1988-1991), дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (1995-2001).

Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства “Гідрасіла ─ Белая Русь” у Магілёве (2002-2004).

Ад 1989 году удзельнічае ў палітычнай дзейнасьці.

У 1993 годзе абраны старшынём Шклоўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ. З 1996 году — сябра Сойму БНФ. З 2002 па 2009 г. — старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ. У пэрыяд ад 2009 году да 2017 году быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ.

Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў.

У 2004, 2008, 2016 гадах на выбарах дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь быў кандыдатам у дэпутаты ад Партыі БНФ па Шклоўскай выбарчай акрузе, у 2019 годзе вылучаўся ў Менску. У 2012 годзе зьняў сваю кандыдатуру з парлямэнцкіх выбараў у адпаведнасьці з рашэньнем Зьезду Партыі БНФ.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, ад 2008 году узначальваў Магілёўскую абласную кааліцыю АДС.

Рашэньнем Зьезду Партыі БНФ 2010 году быў вылучаны кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад Партыі БНФ. Паводле афіцыйных зьвестак заняў на выбарах чацьвёртае месца з  10 кандыдатаў: паводле абвешчаных Цэнтральнай камісіяй вынікаў, за Рыгора Кастусёва прагаласавалі 126 999 выбаршчыкаў (1,97% галасоў). Заявіў пра нязгоду з вынікамі выбараў, абвінаваціўшы ўлады ў парушэньні выбарчага заканадаўства і незаконных маніпуляцыях пры падліку галасоў. Узяў удзел у акцыі пратэсту пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году, быў зьбіты спецслужбамі, арыштаваны і кінуты ў сьледчы ізалятар КДБ. Адзіны з кандыдатаў, які падаў скаргу ў Цэнтральную камісію з патрабаваньнем прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.

30 верасьня 2017 года на XVIII Зьездзе Партыі БНФ (XV Зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”) быў абраны старшынём Партыі БНФ і старшынём Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Пераабраны на новы трохгадовы  тэрмін у лістападзе 2020 году.

Беларус. Праваслаўны. Жанаты. Трое дзяцей.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Снежань 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.