Заява Партыі БНФ з нагоды затрыманьня старшыні партыі Рыгора Кастусёва
Дададзена 19.04.2021 10:13:28 | 2,021 праглядаў Аб недапушчальнасьці гвалту і палітычных правакацыяў
Заява Партыі БНФ з нагоды затрыманьня старшыні Партыі Рыгора Кастусёва і далейшай прапагандыскай кампаніі ўладаў
Партыя БНФ пасьлядоўна трымаецца прынцыпаў законнай і празрыстай палітычнай дзейнасьці, прынцыпова адмаўляе і асуджае любыя формы гвалту або экстрэмізму як сродкаў дасягненьня палітычных мэтаў, у тым ліку — з боку цяперашняй ўлады або яе прыхільнікаў. Партыя БНФ дзейнічае выключна законнымі мэтадамі, і неаднаразова заяўляла аб шырокім грамадзка-палітычным дыялёгу як адзіна магчымым шляху вырашэньня цяперашняга крызісу.
Старшыня Партыі Рыгор Кастусёў зьяляецца адным з аўтараў і цьвёрдых прыхільнікаў такой палітычнай лініі. Адпаведна, мы лічым немагчымым і абсалютна выключаем удзел Рыгора Кастусёва ў любых формах абмеркаваньня, а тым болей — плянаваньня якіх-кольвек гвалтоўных дзеяньняў або замахаў. Старшыня Партыі заўсёды строга трымаецца статуту і сочыць за яго выкананьнем, пры гэтым статут Партыі БНФ не прадугледжвае і ня можа прадугледжваць ніякіх іншых, апроч законных, негвалтоўных, празрыстых і талерантных мэтадаў палітычнай дзейнасьці.
Натуральна, на разгляд статутных органаў Партыі БНФ ніколі не выносіліся і не маглі выносіцца прапановы, пляны ці любая іншая інфармацыя, якая мела б дачыненьне да любых змоваў, перамоваў ці іншых дзеяньняў, скіраваных на гвалтоўны захоп ўлады, ці была б звязаная з агучанымі дзяржаўнымі СМІ 17 красавіка звесткамі пра такую змову.
Мы патрабуем вызваленьня Рыгора Кастусёва і перакананыя, што на волі ён здолее абвергнуць усе падозраньні і дасць вычарпальныя тлумачэньні адносна любых абвінавачваньняў у свой адрас.
Кіраўніцтва Партыі БНФ
|