Партыя БНФ » Заява Партыі БНФ з нагоды сьмерці сябры Сойму БНФ Вітольда Ашурка
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Заява Партыі БНФ з нагоды сьмерці сябры Сойму БНФ Вітольда Ашурка

Дададзена 22.05.2021 11:07:41 | 1,660 праглядаў

Партыя БНФ выступіла з заявай з нагоды заўчаснай сьмерці за кратамі палітзьняволенага, сябры Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка. Партыя патрабуе праверкі ўмоваў утрыманьня ў Папраўчай калёніі №17 і расследваньня абставінаў сьмерці сябры сваяго кіруючага органа. З гэтай мэтай партыя зьвяртаецца ў структуры МУС, пракуратуру, а таксама заклікае прыцягнуць да расследваньня беларускую грамадзкасьць (у тым ліку правабарончыя арганізацыі і грамадзкія назіральныя камісіі пры органах юстыцыі) з запрашэньнем міжнародных экспэртаў са складу нядаўна прызначанай Місіі Офіса Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека па ўстанаўленьні фактаў, што заснаваная рэзалюцыяй 46/20 Савета ААН па правах чалавека. У заяве падкрэсліваецца, што дзяржаўныя органы і іх службовыя асобы нясуць прамую адказнасьць за стан здароўя асуджаных.

Заява Партыі БНФ 22 траўня 2021 году

З нагоды сьмерці сябры Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка

БНФ лого21 траўня Партыя БНФ з больлю сустрэла трагічную вестку, якая прыйшла з-за кратаў: падчас адбываньня зьняволеньня ў Шклоўскай папраўчай калоніі №17 пайшоў з жыцьця наш паплечнік, сябра Сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак. Перастала біцца сэрца  адданага патрыёта, сапраўднага змагара, які самаахвярна і мужна працаваў дзеля Бацькаўшчыны і Беларускага Адраджэньня, а ў патрэбны момант – стаў у першых шэрагах барацьбы супраць прыгнёту. Рэжым прысудзіў Вітольду Ашурку пяць гадоў пазбаўленьня волі – але не зламаў ягоны дух, ня здолеў пазбавіць яго ўнутранай свабоды і асабістай годнасьці. Вечная памяць герою! Спі спакойна, дарагі дружа – твая самаахвярнасьць не была дарэмная!

Нажаль, сьпіс палітвязьняў, у дачыненьні да якіх Партыя БНФ выказвае цьвёрдае патрабаваньне безумоўнага вызваленьня, скараціўся ў самы трагічны спосаб.

Мы чарговы раз заяўляем патрабаваньне пра вызваленьне ўсіх людзей, якія былі кінутыя за краты на падставе выказваньня палітычных перакананьняў альбо ўдзелу ў мірных акцыях пратэсту.

Але глыбокі смутак і боль з прычыны страты добрага сябра не перашкаджаюць, а нават і вымагаюць заявіць пра глыбокае абурэньне тымі ўмовамі, у якіх адбываюць пакараньне палітзьняволеныя. Мы заклікаем неадкладна спыніць ганебную практыку стварэньня невыносных умоваў для палітзьняволеных у месцах несвабоды.

Згодна з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах усе асобы, пазбаўленыя волі, маюць права на гуманнае абыходжаньне і павагу да годнасьці, якая ўласцівая чалавечай асобе. Ніхто не павінны падвяргацца катаваньням або жорсткаму, бесчалавечнаму або зьневажальнаму для яго годнасьці абыходжаньню ці пакараньню.   Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах абавязвае дзяржаву ствараць умовы, якія забяспечвалі б усім медыцынскую дапамогу і медыцынскі дагляд у выпадку хваробы. Згодна з Мінімальнымі стандартамі ААН па абыходжаньні са зьняволенымі (Правілы Нэльсанa Мандэлы), пра здароўе зьняволеных павінны клапаціцца лекар, а медычныя службы ўстановы павінныя выяўляць усе захворваньні і лячыць іх.

Згодна з законам Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя”, асобам, якія пазбаўленыя волі, гарантуецца аказаньне неабходнай медыцынскай дапамогі. Згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, зьняволеныя маюць права на ахову здароўя, а адміністрацыя папраўчых установаў нясе адказнасьць за выкананьне ў папраўчых установах санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, якія забяспечваюць ахову здароўя асуджаных.  Згодна з артыкулам 161 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, неаказанне медыцынскай дапамогі хворай асобе без паважных прычынаў медыцынскім работнікам альбо іншай асобай, абавязанай яе аказваць, з’яўляецца крымінальным злачынтвам.

Нягледзячы на адназначныя патрабаваньні міжнародных і нацыянальных стандартаў, паведамленьні і скаргі на адсутнасьць доступа да якаснай і сваечасовай медыцынскай дапамогі сыстэматычна паступаюць ад асобаў, якія знаходзяцца ў месцах несвабоды (папраўчыя калёніі, СІЗА і ІЧУ). У тым ліку паведамляецца пра наўмыснае стварэньне невыносных умоваў, жорстае і прыніжаючае чалавечую годнасьць абыходжаньне са зьняволенымі і арыштаванымі ў адміністрацыйным парадку, што несумяшчальна з прынцыпамі гуманнасьці і ўзятымі на сабе Рэспублікай Беларусь абавязкамі згодна з міжнароднымі стандартамі.

У сьвятле выкладзенага Партыя БНФ патрабуе:

-          Ад Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў МУС ды іншых упаўнаважаных органаў унутраных справаў: правядзеньня расследваньня абставінаў сьмерці асуджанага Вітольда Ашурка, з прадастаўленьнем грамадзкасьці вычарпальнай інфармацыі пра прычыны і абставіны сьмерці Вітольда Ашурка, а яго блізкім сваякам – інфармацыі пра вынікі медычнай экспэртызы датычна прычыны сьмерці зьняволенага і вынікаў паталагаанатамічнага дасьледваньня;

-          Ад Пракуратуры Рэспублікі Беларусі: правядзеньня праверкі ўсіх абставінаў сьмерці Вітольда Ашурка на прадмет  чыньнікаў, якія маглі наўмысна, ненаўмысна ці ўскосна пацягнуць сьмерць зьняволенага (уключна са створанымі ў папраўчай установе ўмовамі ўтрыманьня), а ў выпадку сувязі сьмерці з віноўнымі дзеяньнямі (бяздзеяньнямі) службовых асобаў ці іншых людзей – узбуджэньня крымінальнай справы і правядзеньня поўнага расследваньня з прыцягненьнем вінаватых да ўстаноўленай адказнасьці і з інфармаваньнем блізкіх сваякоў як пацярпелых па гэткай справе.

Дзеля забесьпячэньня паўнаты і даверу грамадзкасьці да вынікаў азначаных праверак і расьледваньняў прапануем запрасіць да ўдзелу ў іх прадстаўнікоў грамадзкасьці ў асобе праваабрончых арганізацыяў Беларусі, органаў грамадзкага кантроля за выкананьнем правоў асуджаных (Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі і Магілёўскай абласной грамадскай назіральнай камісіі), а таксама з інфармаваньнем і запрашэньнем экспэртаў Місіі Офіса Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека па ўстанаўленьні фактаў, што заснаваная рэзалюцыяй 46/20 Савета ААН па правах чалавека.

Партыя БНФ зьвяртае ўвагу органаў выкананьня пакараньня, у тым ліку Дэпартамэнта выкананьня пакараньня, адміністрацый папраўчых калоній і турмаў на неабходнасьць выкананьня стандартаў доступу зьняволеных да якаснай і сваечасовай медыцынскай дапамогі без якой кольвек дыскрымінацыі. Асабліва пільная ўвага павінная быць аказаная тым зьняволеным і асобам, якія ўзятыя пад варту, якія маюць хранічныя альбо абвостраныя захворваньні, траўмы альбо інваліднасьць. Мы заклікаем да гуманнага абыходжаньня з усімі асобамі, што зьмешчаныя ў месцы няволі, у тым ліку тымі, у дачыненьні да якіх ужытыя меры спагнаньня (штрафны ізалятар) з абавязковым прыпыненьнем мер спагнаньня, калі гэта неабходна па медыцынскіх паказчыках.

Партыя БНФ прапануе Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі, а таксама Магілёўскай абласной грамадскай назіральнай камісіі на падставе пункта 13.1  Палажэньня аб парадку ажыццяўленьня грамадзкімі аб’яднаньнямі кантролю за дзейнасьцю органаў і ўстановаў, якія выконваюць пакараньне і іншыя меры крымінальнай адказнасьці, наведаць Папраўчую калонію №17 у г. Шклоў як дзеля ўдзелу ў высьвятленьні абставінаў сьмерці асуджанага Вітольда Ашурка, так і дзеля вывучэньня сыстэмы і ўмоваў аказаньня медычнай дапамогі асуджаным, што ўтрымліваюцца ў азначнай установе, дзеля паляпшэньня ўмоваў утрыманьня і медыка-санітарнага забеспячэньня асуджаных. Таксама прапануем іншым рэгіянальным назіральным камісіям супольна з Міністэрствам аховы здароўя сыстэмна вывучыць парадак аказаньня медычнай дапамогі асуджаным і медыка-санітарнага забеспячэньня ў месцах няволі і выпрацаваць рэкамэндацыі па яе ўдасканаленьні.

Па азначаных патрабаваньнях і прапановах Партыяй БНФ будуць накіраваныя звароты ў пазначаныя вышэй дзяржаўныя органы згодна з устаноўленым артыкулам 21 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях” правам абараняць правы і законныя інтарэсы, а таксама прадстаўляць законныя інтарэсы сваіх сябраў у дзяржаўных органах і іншых арганізацыях.

Цяпер у месцах няволі знаходзяцца асуджаныя альбо ўзятыя пад варту старшыня Партыі БНФ Рыгор КАСТУСЁЎ, а таксама сябры Партыі БНФ Вольга ГАЛУБОВІЧ, Юрась ЗЯНКОВІЧ, Максім ВІНЯРСКІ, Дзмітры КАЗЛОЎ, Андрэй ВОЙНІЧ, Павал ЮХНЕВІЧ, Дзяніс ІВАШЫН ды іншыя грамадзка-палітычныя дзеячы і журналісты.

Асаблівую трывогу выклікае стан здароўя хворага на анкалогію Уладзіміра МАЛАХОЎСКАГА, якому патрэбныя неабходныя лекі і абследваньні ў сувязі з інваліднасьцю.

Мы заклікаем зрабіць усё, каб пазьбегнуць новых сьмерцяў у зьняволеньні! Дзеля гэтага трэба забясьпечыць доступ вязьняў да сваечасовай медычнай дапамогі, не ігнараваць іх скаргі і звароты, выконваць заканадаўства і не ствараць дыскрымінацыйных умоваў для палітзьняволеных, забясьпечыць належны кантроль за становішчам у вязьніцах.

Дзяржаўныя органы і іх службовыя асобы нясуць прамую адказнасьць за стан здароўя асуджаных.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.