Партыя БНФ » Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу палітвязня і сябры БНФ Дзмітрыя Казлова
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу палітвязня і сябры БНФ Дзмітрыя Казлова

Дададзена 22.05.2021 1:36:07 | 800 праглядаў

Стала вядома, што Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў пад нумарам 3794/2020 індывідуальную скаргу аршанскага блогера і сябры БНФ Дзмітрыя Казлова («Шэры кот»). Сеткавы журналіст настойвае на тым, што ўлады Беларусі парушылі яго права на публічнае выказванне меркавання і на ўдзел у выбарах у якасці кандыдата ў дэпутаты парламенту ў 2019 годзе.

Шэры КотАле ўжо цяпер у Магілёве сябру БНФ Дзмітрыя Казлова судзяць па крымінальным абвінавачваньні ў складзе групы палітвязьняў, разам з Паўлам Севярынцам ды іншымі сябрамі Партыі БНФ Паўлам Юхневічам, Максімам Вінярскім і Андрэям Войнічам, а таксама Ірынай Шчаснай ды Яўгенам Афнагелем. Падсудныя пачуюць вырак Магілёўскага абласнога суда 25 мая (аўторак) у 11:00. Дзмітрый Казлоў быў абвінавачаны па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Працэс пачаўся 12 мая і праходзіў у закрытым рэжыме.

Нагодай звароту ў Камітэт ААН па мінулых парламенцкіх выбарах стала рашэнне акруговай выбарчай камісіі Аршанскай гарадской выбарчай акругі ад 8 лістапада 2019 году па адмене рэгістрацыі Дзмітрыя Казлова кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Дзмітры Казлоў быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты парламенту ад Партыі БНФ.

Падставай для адмены рэгістрацыі з’явілася нібыта паўторнае парушэнне Казловым выбарчага заканадаўства. Па версіі выбарчай камісіі, ён парушыў закон пры правядзенні перадвыбарчай агітацыі, а менавіта выкарыстоўваў плакаты, на якіх меліся заклікі да зрыву або адмены выбараў.

Рашэнне акруговай выбарчай камісіі журналіст абскардзіў у Віцебскую абласную выбарчую камісію і ў Віцебскі абласны суд, але яны адмовілі Дзмітрыю ў абароне яго грамадзянскіх і палітычных правоў.

Адмова суду азначала, што журналіст вычарпаў ўсе магчымыя эфектыўныя сродкі прававой абароны. Таму для працягу змагання за свае правы і законныя інтарэсы Казлоў падаў індывідуальную скаргу на беларускую дзяржаву ў КПЧ ААН.

У сваёй скарзе Казлоў прыводзіць довады, што «дзяржава не падала доказаў таго, што лозунгі «Фальшывым выбарам – баста!» і «Калгаснай дыктатуры – баста!» хоць нейкім чынам замахнуліся на інтарэсы дзяржаўнай і грамадскай бяспекі, грамадскі парадак, ахову здароўя і маральнасць насельніцтва або на правы і свабоды іншых асоб».

У паведамленні аўтар сцвярджае, што ў адпаведнасці з артыкулам 25 Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны грамадзянін павінен мець права і магчымасць быць абраным на сапраўдных перыядычных выбарах, якія праводзяцца на аснове ўсеагульнага роўнага выбарчага права пры таемным галасаванні і якія забяспечваюць свабоднае волевыяўленне выбаршчыкаў. І мяркуе, што выбарчыя камісіі, а таксама суд не былі кампетэнтнымі, паколькі яны пры прыняцці рашэньня занядбалі ўзятыя на сябе міжнародныя абавязкі ў рамках Пакту.

Нягледзячы на актыўны пратэст з боку кампетэнтных органаў Рэспублікі Беларусь, Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу Дзмітрыя Казлова, і яна будзе разгледжаная гэтым міжнародным органам ва ўстаноўленыя Пактам тэрміны.

 

Снежань 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.