Беларусы развіталіся з Вітольдам Ашуркам
Дададзена 26.05.2021 3:09:14 | 1,485 праглядаў
У Бярозаўцы развіталіся з 50-гадовым палітвязнем, сябрам Партыі БНФ Вітольдам Ашуркам, які памёр у зняволенні. У апошні шлях патрыёта правадзілі сотні людзей з розных гарадоў Беларусі.
Труну з целам Вітольда Ашурка прывезлі ў Бярозаўку ўчора. Сёння спачатку адбылося грамадскае развітанне, затым некалькі соцень чалавек прайшлі з труной да касцёла, дзе адбылася служба. А пасля рушылі да могілак
Сярод прысутных на развітанні былі грамадскія дзеячы – намеснікі старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў і Юрась Меляшкевіч, Алесь Лагвінец, Андрэй Юркоў, Таццяна Малашчанка, Павел Батуеў, Віктар Янчурэвіч, спявак Андрэй Мельнікаў, рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько.
Пра смерць Вітольда Ашурка стала вядома ў пятніцу, ён памёр у шклоўскай калоніі.
18 студзеня на судзе за зачыненымі дзвярыма ў Лідзе ён быў асуджаны па двух артыкулах: 364 «Гвалт ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па першым артыкуле суд пастанавіў пакараць актывіста чатырма гадамі калоніі, а па другім — двума гадамі і чатырма месяцамі. Шляхам частковага паглынання у выніку выйшла пяць гадоў.
У апошні месяц зь пераводам у шклоўскую калёнію ад Ашурка перасталі прыходзіць лісты сваякам і блізкім. У адным з апошніх лістоў ён паведаміў, што ў Шклове «палітычным» нашываюць жоўтыя пазнакі. Ён правёў за кратамі 8 месяцаў.

















Труну з целам Вітольда Ашурка накрылі бел-чырвона-белым сьцягам – па словах брата нябожчыка, такая была ягоная воля.