Намесьнік старшыні БНФ асуджае прыпыненьне ўдзелу Беларусі ва Ўсходнім ПартнэрствеДададзена 28.06.2021 4:20:10 | 1,527 праглядаў 28 чэрвеня МЗС Беларусі заявіў пра прыпыненьне ўдзелу краіны ў праграме Эўразьвязу “Усходняе партнэрства”.
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выступіў з рэзка крытычнай заявай у дачыненьні да азначаных крокаў беларускага ўраду і заклікаў не дапусьціць стварэньня новай жалезнай заслоны вакол Беларусі ды ізаляцыі краіны ад вольнага сьвету. Ніжэй падаецца заява намесьніка старшыні Партыі БНФ у поўным выглядзе:
Прычыны той небясьпечнай ізаляцыі краіны ад сусьвету, якія мы цяпер бачым – гэта ўнутраная палітыка ўладаў, парушэньні правоў чалавека і маштабныя рэпрэсіі, якія зьведалі тысячы і тысячы беларусаў. Партыя БНФ лічыць надзвычай небясьпечнай пагрозай штучную ізаляцыю краіны ад Эўропы і ад сусьветнай супольнасьці. У тым ліку мы асуджаем крокі па самаізаляцыі Беларусі ад вонкавага сьвету – а менавіта як самаізаляцыя ад агульнаэўрапейскай супольнасьці выглядаюць абвешчаныя захады. Трывожна, што некаторыя з гэтых захадаў маюць далёкасяжныя наступствы, якія цяжка выправіць (мы памятаем, як выдалены з Беларусі ў 2008 годзе амбасадар ЗША так дагэтуль і не вярнуўся ў краіну). Усе мы ведаем, што можа быць зробленае ўладамі, каб не было абмежавальных захадаў супраць беларускіх прадпрыемстваў – вызваліць палітвязьняў, спыніць перасьлед апазыцыі і ўціск на журналістаў ды грамадзянскую супольнасьць, распачаць дыялёг з тымі, каго цяпер улады пазбаўляюць права голасу і спрабуюць прымусіць замаўчаць. Нельга дапусьціць апусканьня вакол Беларусі новай “жалезнай заслоны”, нельга дапусьціць ізаляцыі краіны ад вольнага сьвету, нельга дапусьціць пабудовы вакол Беларусі новых муроў. Праграма Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу запачаткаваная ў 2009 годзе. Яна ўключае ў сябе Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну. Яе мэта — наблізіць гэтыя краіны да ЭЗ без канкрэтнай прапановы далучэньня. Праз праблемы з правамі чалавека і замарожваньнем дачыненьняў з Эўразьвязам у папярэднія гады Беларусь ня ўдзельнічала ў рэалізацыі двухбаковых праектаў у рамках «Усходняга партнэрства». Першы саміт «Усходняга партнэрства» прайшоў у 2009 годзе ў Празе. Ідэю праекту прадставілі міністры замежных спраў Польшчы і Швэцыі Радаслаў Сікорскі і Карл Більт на Радзе ЭЗ 26 траўня 2008 году. Дыскусія аб стварэньні «Ўсходняга партнэрства» адбылася 19–20 чэрвеня 2008 году на пасяджэньні Эўрапейскай Рады. На пасяджэньні Нямеччына і Францыя выказаліся супраць таго, каб «Усходняе партнэрства» разглядалася як прыступка на шляху да сяброўства ў ЭЗ, у той час як Польшча і іншыя ўсходнеэўрапейскія дзяржавы выступалі за гэта. Рэалізацыя праграмы «Ўсходняга партнэрства» ў мэтах збліжэньня краінаў-партнэраў з ЭЗ прадугледжвае супрацоўніцтва на аснове чатырох так званых тэматычных плятформаў:
Асноўная крыніца фінансаваньня Эўрапейскай палітыкі суседзтва, у тым ліку «Ўсходняга партнэрства», — Эўрапейскі інструмэнт суседзтва (ENI). Бюджэт Эўрапейскага інструмэнту суседзтва на 2014–2020 гады складае 18,2 мільярда эўра. У рамках рэалізацыі Эўрапейскага інструмэнту суседзтва ў 2007–2013 гадах Беларусь атрымала 71,6 млн эўра на праграмы і праекты ў сфэры энэргаэфэктыўнасці, экалёгіі, стандартызацыі, мэдыцыны і рэгіянальнага разьвіцьця. Мытны камітэт Беларусі ў рамках ініцыятывы «Інтэграванае кіраваньне межамі» рэалізуе праект «Спрыяньне стварэньню электроннай сыстэмы абмену папярэдняй інфармацыяй паміж мытнымі органамі Беларусі і Ўкраіны». |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|