Партыя БНФ » Май 1996: першая ў постсавецкай Беларусі турэмная палітычная галадоўка
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Май 1996: першая ў постсавецкай Беларусі турэмная палітычная галадоўка

Дададзена 03.07.2021 6:09:24 | 469 праглядаў

У найноўшай гісторыі Беларусі разам з маніфестацыямі, мітынгамі і шэсцямі ў якасці формы палітычнага пратэсту трывала замацавалася галадоўка. Часцей за ўсё яна выкарыстоўваецца ва ўмовах турэмнага зняволення, калі вязні іншым спосабам ня могуць прыцягнуць увагу грамадства і міжнароднай супольнасці да свайго лёсу. У турме галадалі Віктар Ганчар, Славамір Адамовіч, Аляксандр Казулін, Сяргей Скрабец; сёння на такі адчайны крок наважыліся Ігар Лосік, Дзмітрый Фурманаў і Ігар Банцар. Да іх са спецыяльным зваротам звярнулася нават Святлана Ціханоўская.

Хто ж першым прайшоў праз галадоўку ў турэмных мурах і, рызыкуючы сваім жыццём, здабыў свабоду?

Гэтая гісторыя пачалася 26 красавіка 1996 года, калі адбыўся знакаміты Чарнобыльскі шлях. Ён стаўся апагеем т.зв. «мінскай вясны-96», якую прапаганда пасля ахрысціла першай ў свеце спробай каляровай рэвалюцыі.

chsh96fotalihtarovicha

Галоўным арганізатарам “Чарнобыльскага шляху” быў Беларускі Народны Фронт, таму яго лідары і актывісты сталі галоўнай мішэнню для рэпрэсій. Увечары таго самаго дня каля станцыі метро «Няміга» быў затрыманы сакратар Управы фронта Вячаслаў Сіўчык. Пасля быў здзейснены налёт на штаб-кватэру БНФ, якая месцілася тады на вул. Варвашэні. Там былі затрыманыя дванаццаць чалавек, у тым ліку былы дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання Лявон Баршчэўскі, дэпутат дзейнага Вярхоўнага Савета 13 склікання Павел Знавец (быў вызвалены на наступны дзень пасля заступніцтва намесніка старшыні парламента Генадзя Карпенкі). Лідар БНФ Зянон Пазьняк паспеў пакінуць памяшканне праз задні выхад і так пазбегнуў арышту.

Адказ на пытанне, якія сілы задзейнічалі ў гэтай акцыі, стаў вядомы толькі праз два месяцы. У сваім выступе перад дэпутатамі 27 чэрвеня 1996 года першы намеснік старшыні КДБ Леанід Ерын заявіў, што гэта былі байцы спецпадраздзяленняў «Алмаз» і «Альфа».

Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. У гэты раз у следчым ізалятары на Валадарцы апынуліся Вінцук Вячорка і прафесар Юрый Хадыка, якія збіраліся ўзяць удзел у прэсавай канферэнцыі ў штаб-кватэры БНФ. Іх затрымалі літаральна на ганку ўласнага дома.

chadyka

Юры Хадыка

30 красавіка некаторыя выйшлі на волю: Лявон Баршчэўскі — паводле судовага выраку, Вінцук Вячорка — па рашэнні пракурора.

Юрый Хадыка і Вячаслаў Сіўчык, якія засталіся за кратамі, абвясцілі галадоўку. Магчыма, яны натхніліся прыкладам свайго аднадумца, колішняга члена БНФ Валерыя Сядова, які быў арыштаваны за ўдзел ў антыкамуністычным шэсці 7 лістапада 1990 года і вытрымаў тады шматдзённую галадоўку ў СІЗА КДБ.

Улады вырашылі не саступаць галадуючым. Так, 6 мая 1996 года Маскоўскі раённы суд разглядзеў хадайніцтва адваката Надзеі Дударавай, аб вызваленні Хадыкі і Сіўчка з-пад варты, але яго не задаволіў і пакінуў меру стрымання без зменаў. Тады Дударава падала касацыйную скаргу ў Мінскі гарадскі суд. Тэрмін яе разгляду быў даволі працяглы — трыццаць дзён.

7 мая затрыманым актывістам БНФ было прад’яўлена абвінавачванне: арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак (частка трэцяя артыкула 186 Крымінальнага кодэкса). Здзіўленне выклікаў той факт, што за кратамі апынуліся далёка не самыя радыкальныя лідары БНФ, якія да таго ж прыкладалі намаганні, каб падчас “Чарнобыльскага шляху” не адбылося гвалтоўных сутыкненняў дэманстрантаў з міліцыяй.

З’явіліся галасы, што ўладам патрэбны паказальны працэс над БНФ і таму ні погляды, ні ўзрост, ні сям’я (у Вячаслава Сіўчыка было сямімесячнае дзіця), ні іншыя абставіны не з’яўляюцца перашкодай для гэтага. Напрыклад, Юрый Хадыка быў доктарам фізіка-матэматычных навук, прафесарам. Аднак Інстытут фізікі, у якім працаваў Хадыка, адмовіўся даваць паручальніцтва для вызвалення з-пад варты. Дырэктар Інстытута, акадэмік Павел Апанасевіч у інтэрв’ю Радыё Свабода заявіў, што лічыць пазіцыю Хадыкі няправільнай.

Між тым галасы ў абарону Хадыкі пачала падаваць міжнародная навуковая супольнасць. У прэзідэнцкую адміністрацыю паступіў зварот Джозэфа Бірмана, старшыні Камітэта па правах чалавека для навукоўцаў Нью-Ёрскай акадэміі навук, у сакратарыят Вярхоўнага Савета — ліст вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута тэарэтычнай фізікі РАН Льва Шчура. У лісце расійскі навуковец заклікаў беларускіх парламентарыяў дабівацца вызвалення Хадыкі з турмы пад падпіску аб нявыездзе.

Паварот у справе Хадыкі-Сіўчыка адбыўся 14 мая 1996 года. Калі раней у іх абарону ладзіліся нешматлікія пікеты з удзелам блізкіх і сваякоў (у скверы каля СІЗА раніцай і вечарам), то ў гэты дзень адбыліся мітынг і шэсце з удзелам (як сцвярджала газета «Фемида») ад двух да пяці тысячаў чалавек. Вядома, людзі выйшлі не толькі асабіста дзеля Хадыкі і Сіўчыка. Яшчэ не сышла хваля вулічнай актыўнасці, выкліканая масавымі пратэстамі. Да таго ж мітынг адбыўся ў першую гадавіну сумнавядомага рэферэндуму па змене дзяржаўнай сімволікі і наданні рускай мове статусу дзяржаўнай.

Збор удзельнікаў мерапрыемства быў прызначаны на 17.00 у скверы ля прэзідэнцкай адміністрацыі. Гэтае месца было ачэпленае сілавікамі, якія для застрашэння падагналі вадамёт.

Сілавікі нікога не пускалі ў будынак прэзідэнцкай адміністрацыі. Калі, напрыклад, туды хацеў прайсці дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання Віктар Кучынскі, яго затрымалі. На дапамогу Кучынскаму, які крычаў: «Руками не трогать!», паспяшаўся Аляксандр Алпееў, рэктар адной з першых прыватных ВНУ — Гуманітарна-эканамічнага недзяржаўнага інстытута. Калі ж Кучынскі трапіў у адміністрацыю, то адразу ж заявіў пратэст камандуючаму ўнутранымі войскамі МУС Юрыю Сівакову. Той, у сваю чаргу, паабяцаў далажыць свайму начальніку — Валянціну Агальцу.

Удзельнікі мітынгу, якія занялі невялікі ўчастак праспекта Ф. Скарыны, паводзілі сябе даволі мірна. Хваляванне выклікаў прэзідэнцкі лімузін, які а шостай гадзіне праехаў у кірунку адміністрацыі. Тады мітынгоўца пачалі скандаваць лозунгі: «Свабоду Хадыку і Сіўчыку!», «Леапольд, выхадзі!», і па тратуары накіраваліся да СІЗА, дзе ўтрымліваліся арыштанты. Наперадзе калоны ішла група моладзі, якая звязала локці, выставіла перад сабой вялікі бел-чырвона-белы сцяг і спявала «Марсельезу» (у арганізацыі шэсця ўлады абвінавацілі другога сакратара пасольства ЗША ў Беларусі Энтані Годфры).

Ля паштамта дэманстранты выйшлі на праезную частку і збочылі направа — у бок вуліцы Валадарскага. Тут адбыліся першыя сутычкі з міліцыянерамі. У прыватнасці, быў збіты намеснік старшыні Ўправы БНФ Станіслаў Гусак і дзясятак-другі маладых людзей. Пэўная частка дэманстрантаў усё ж здолела дайсці да СІЗА (ужо пасля вызвалення Юрый Хадыка заявіў, што ахова Следчага ізалятара была прыведзеная ў поўную баявую гатоўнасць на выпадак штурму). У сваю чаргу, сілавікі праз мегафоны не толькі пагражалі ўдзельнікам мітынгу, але і ўгаворвалі іх разыйсціся , бо насупраць СІЗА знаходзіцца радзільны дом, і выкрыкі перашкаджаюць парадзіхам.

Мітынг у падтрымку Хадыкі і Сіўчыка адбыўся і на наступны дзень 15 мая, але не ў Мінску, а ў Беластоку. І там каля беларускага консульства выступіў тагачасны лідар «Салідарнасці» Мар’ян Кшаклеўскі.

14 мая спадар Кшаклеўскі быў яшчэ ў Беларусі, дзе планаваў сустрэцца з працоўным калектывам Мінскага завода аўтаматычных лініяў. Але калі польская дэлегацыя прыбыла на прадпрыемства, людзі ў цывільным не толькі не пусцілі іх, а яшчэ і парвалі прапускі. У выніку візіцёры правялі сустрэчу з рабочымі (каля 50 чалавек) на школьным стадыёне.

Увечары палякаў затрымалі каля рэстарана «Патсдам». У Партызанскім РАУС іх абвінавацілі не толькі ў парушэнні пашпартнага рэжыму, але і ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу. Пасля дэлегацыю «Салідарнасці» дэпартавалі з Беларусі.

Рэакцыя афіцыйнай Варшавы была імгненнай: яна даслала ноту пратэсту, а польскі консул у Беларусі Кшыштаф Длугаеўскі параўнаў акцыю з затрыманнем сваіх суайчыннікаў з сюжэтам з амерыканскага баевіка.

На галадоўку адрэагавалі дэпутаты Вярхоўнага Савету 13 склікання. 16 мая 1996 года падчас свайго выступу ў «Розным» дэпутат Людміла Гразнова заклікала сваіх калегаў падпісаць заяву імя Генеральнага пракурора Васіля Капітана аб вызваленні Хадыкі і Сіўчыка з-пад варты. На момант заявы стан здароўя арыштантаў рэзка пагоршыўся. Абодва трацілі вагу, а ў Сіўчыка (пасля вызвалення ён апавядаў, што адзін з ахоўнікаў быў упэўнены ў хуткай яго смерці, а таму зняў з шыі галадоўніка металічны нацельны крыжык) да таго ж выявіліся сур’ёзныя праблемы з ныркамі.

1

Вячаслаў Сіўчык падчас галадоўкі

Ініцыятыву Людмілы Гразновай падтрымалі толькі 63 дэпутаты, у прыватнасці, уся фракцыя «Грамадзянскае дзеянне» (Вярхоўны Савет 13 склікання паводле Канстытуцыі складаўся з 260 месцаў, але ў яго было абрана 197 дэпутатаў, з якіх звычайна 150-160 пастаянна прысутнічалі на паседжаннях). Праўда, за яе выказаліся некаторыя аграрыі, камуністы і і прадстаўнікі прапрэзідэнцкай фракцыі «Згода»: Ігар Катляроў, Раман Ананьеў, Георгій Кашкан, які, дарэчы, быў Івана Ціцянкова, кіраўніка Ўпраўлення справамі прэзідэнта.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фядута тады рэзка раскрытыкаваў дэпутата- камуніста Валерыя Драко, які адмовіўся ставіць свой подпіс у абарону галадоўнікаў. У Вярхоўны Савет 13 склікання Драко і Хадыка балатаваліся па адной акрузе, пры гэтым Драко выйграў з мінімальным адрывам. Аднак выбары з-за недастатковай яўкі прызналі не адбытымі. Тады Хадыка звярнуўся ў пракуратуру і дамогся таго, каб Драко атрымаў дэпутацкі мандат.

Супрацьдзеянне аказала не толькі прапрэзідэнцкая фракцыя, але і сам старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі. На той час Шарэцкі праводзіў ярка выражаную палітыку задобрывання Лукашэнкі, лічачы, што такім чынам зможа захаваць палітычны баланс. 3 мая 1996 з вуснаў Шарэцкага прагучала эмацыйная крытыка “Чарнобыльскага шляху”. Ён, у прыватнасці, заявіў, што ў дзеяннях Хадыкі, Сіўчыка, а таксама дэпутата Знаўца «беды народа были поставлены на десятое место». Шарэцкі рэзка асудзіў заклік Зянона Пазьняка ўшанаваць памяць забітага лідара чачэнскіх сепаратыстаў Джахара Дудаева: «Это не лезет ни в какие ворота». І ўвогуле гэтыя падзеі Шарэцкі расцаніў як «всплеск экстремизма с националистической окраской».

Адпаведную лінію вытрымлівала і «Народная газета» — орган Вярхоўнага Савета. Калі беларуская партыя жанчын «Надзея» звярнулася туды з просьбай надрукаваць ліст Шарэцкаму, каб той дапамог свайму равесніку Юрыю Хадыку, а таксама Вячаславу Сіўчыку, то рэдакцыя газеты «задаволіла» яе па-свойму: крытычная частка ліста была апушчаная, а прозвішчы Хадыкі і Сіўчыка выдаленыя.

Дарэчы, такая тактыка Шарэцкага не прынесла поспеху, і праз месяц ён кардынальна змяніў сваю пазіцыю. На паседжанні парламенцкай сесіі 4 чэрвеня Шарэцкі раскрытыкаваў ужо Лукашэнку: «У него много горячности, недоверия к другим, переоценка своих возможностей». У канцы свайго выступу Шарэцкі параўнаў Лукашэнку з генсекам, а яго адміністрацыю — з палітбюро. Лукашэнка не застаўся ў даўгу. У канцы таго ж месяца ён сваім указам ператварыў «Народную газету» ў закрытае акцыянернае таварыства і вывеў з-пад юрысдыкцыі Вярхоўнага Савета.

Тым часам Хадыка і Сіўчык адмовіліся перарваць галадоўку (з такой просьбай да іх, у прыватнасці, звяртаўся Зянон Пазьняк) і напісаць на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні. І ўлада адступіла: 17 мая на свабоду выйшаў Вячаслаў Сіўчык, а 21 мая — Юрый Хадыка. Абодвух змясцілі ў 3-ю клінічную бальніцу г. Мінска. Праўда, пра вызваленне гаворка не ішла: абодва знаходзіліся пад падпіскай аб нявыездзе.

Пачын Хадыкі і Сіўчыка не прайшоў незаўважаным, і неўзабаве ў іх з’явіліся паслядоўнікі. Галадоўку абвясціў паэт Славамір Адамовіч, якога кінулі за краты за публікацыю ў газеце «Віцебскі рабочы» верша «Убей президента!». Галадоўку планаваў і адзін з лідараў Партыі аматараў піва Андрэй Рамашэўскі. Яго затрымалі 30 красавіка 1996 года, але абвінавацілі не ва ўдзеле ў Чарнобыльскім шляху, а ў іншым «злачынстве». 24 мая 1995 года Рамашэўскі быў сярод удзельнікаў пікету каля прэзідэнцкай адміністрацыі супраць рэферэндуму 14 мая. На ім Рамашэўскі спаліў дзяржаўны сцяг БССР узору 1951 года. Аднак Рымашэўскаму галадаваць не давялося: суд над ім адбыўся 19 ліпеня 1996 года, і ён атрымаў пакаранне, не звязанае з турэмным зняволеннем (два года ўмоўна з адтэрміноўкай выраку).

Што да Хадыкі і Сіўчыка, то іх гісторыя зацягнулася амаль на год. Пакуль яны былі пад следствам, іх справу працягнулі іх блізкія. Так, жонка Юрыя Хадыкі Валянціна Зімніцкая ўдзельнічала ў жаночым маршы «парожніх каструляў», які адбыўся ў Мінску 22 лютага 1997 года. Тады каля 2 тысячаў жанчынаў пад звон каструляў прайшлі ад пл. Якуба Коласа да парка Горкага з плакатамі «Печ гарыць, вада кіпіць, ды няма чаго варыць!», «Мужики! Встаньте с колен! Мы любим героев, а не холуёв!»

Як жонка Хадыка сама апавяла газеце «Свабода», вечарам таго самага дня яна прыйшла на прэм’еру фільма «Любить по-русски-2», якая ладзілася ў кінатэатры «Кастрычнік». Там прысутнічаў уласнай персонай і Аляксандр Лукашэнка. Зімніцкая здолела падыйсці і нават звярнуцца да яго. Аднак Лукашэнка не заўважаў яе і глядзей на сцэну, «будто проглотив аршин». На дапамогу свайму босу прыйшлі целаахоўнікі: яны вывелі жанчыну  з залы.

Тады праз газету «Свабода» Валянціна Зімніцкая перадала Лукашэнку тое, што не змагла ў кінатэатры:

«Как долго будет продолжаться следствие по делу моего мужа (Юрия Ходыко) и Вячеслава Сивчика, заведенное ещё в апреле 1996 г. за Чарнобыльскі шлях? За десять месяцев можно родить и слона, а у следователей на руках все материалы, видеозаписи и показания свидетелей. Так в чем же дело? То ли следователи плохо работают, то ли дело будет продолжаться до тех пор, пока будет править А.Г.?».

Не вядома, ці мелі гэтыя словы ўплыў на пазіцыю ўладаў, але 6 сакавіка 1997 года пракурор Мінска Мікалай Купрыянаў афіцыйна паведаміў, што крымінальныя справы ў адносінах да ўсіх удзельнікаў падзей 26 красавіка 1996 года спыненыя.

Паводле ARCHE

Кастрычнік 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.