Орша: па крымінальнай справе быў затрыманы сябра Сойму БНФ, журналіст Ігар КазьмерчакДададзена 09.07.2021 11:01:46 | 1,852 праглядаў Раніцай 8 ліпеня быў затрыманы рэдактарсайта orsha.eu і сябра Сойму Партыі БНФ Ігар Казмерчак.
Прыкладна ў той жа час праходзіў ператрус і канфіскацыя тэхнікі ў супрацоўніка сайта Дзяніса Дубкова, пасля допыту Дзяніс быў адпушчаны. Па стане на 17 гадзін 8 ліпеня супрацоўнікі сайта атрымалі інфармацыю пра тое, што Ігар затрыманы на 72 гадзіны. Яму інкрымінуюць артыкул 341 КК РБ — апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці і іншыя. Абнаўленьне 11 ліпеня: Галоўнага рэдактара сайту Orsha.eu Ігара Казьмерчака раніцай 11 ліпеня выпусьцілі зь ізалятару часовага ўтрыманьня. Паводле сваякоў, ён пад падпіскай аб неразгалошваньні. Крымінальная справа, як пісалася раней, заведзена паводле факту «псаваньня маёмасьці» (нібыта на падставе справы аб размалёўваньні сьценаў), нейкіх іншых падрабязнасьцяў пакуль няма. Паплечнікі кажуць, што Ігар Казьмярчак пачуваецца добра, настроены пазытыўна. Ператрусы ў рэдакцыях недзяржаўных мэдыя і ў журналістаў працягваюцца два дні. Прадстаўнікі сілавых структур наведалі рэдакцыі і (або) асобных журналістаў ня менш чым 12 СМІ. 8 ліпеня па ўсёй Беларусі затрымалі ня менш за 15 прадстаўнікоў мэдыясфэры і грамадзкіх актывістаў, у тым ліку чатырох супрацоўнікаў «Нашай Нівы»: галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча, рэдактара Андрэя Скурко, галоўнага бухгальтара Вольгу Раковіч і галоўрэда «Нашай гісторыі» Андрэя Дынько. Ягор Марціновіч быў затрыманы на 72 гадзіны па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства па арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх»). Сайт «НН» заблякаваны рашэньнем Міністэрства інфармацыі на падставе апавяшчэньня Генпракуратуры. У пятніцу таксама прайшлі ператрусы ў журналісткі з Бабруйска Марыны Маўчанавай і Анатоля Гатоўчыца з Гомля. Вядома, што пасьля ператрусу бабруйскую журналістку Марыну Маўчанаву таксама дапыталі і адпусьцілі з падпіскай аб неразгалошваньні. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|