Партыя БНФ » Родным памерлага палітвязьня Ашурка вярнулі ягоныя рэчы. Сярод іх няма турэмнага дзёньніка
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Родным памерлага палітвязьня Ашурка вярнулі ягоныя рэчы. Сярод іх няма турэмнага дзёньніка

Дададзена 11.07.2021 12:06:40 | 888 праглядаў

Сьледчы вярнуў асабістыя рэчы памерлага ў шклоўскай калёніі актывіста БНФ Вітольда Ашурка, але сярод іх няма дзёньніка, які вёў палітвязень.

Вітольд Ашурак - магілаКрымінальная справа дагэтуль не заведзеная, паведаміў БелаПАН брат загінулага Андрэй Ашурак.

«Крымінальнай справы пакуль няма, яшчэ не гатовыя экспэртызы. Матэрыялаў праверкі сабралася на цэлы том. Але канкрэтыкі асаблівай пакуль няма, на жаль, і калі яна будзе, невядома», – сказаў Андрэй Ашурак.

Сваякі палітвязьня забралі рэчы ў турме ў Горадні і ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці. Аддалі адзеньне, гадзіньнік, прадметы гігіены. Сярод атрыманых рэчаў, па словах Ашуркаў, не было дзёньніка, пра які той неаднаразова ўспамінаў у лістах і часам цытаваў адтуль фрагмэнты.

«Я напісаў скаргу на адсутнасьць дзёньніка. Вітольд пісаў, што яго вядзе. Гэта павінен быць агульны сшытак або некалькі сшыткаў. Магчыма, дзёньнік застаўся ў »карантыне« Шклоўскай калёніі», – сказаў брат палітвязьня.

Палітвязень Вітольд Ашурак памёр 21 траўня ў шклоўскай калёніі пры незразумелых абставінах. Родным назвалі прычынай сьмерці «спыненьне сэрца», а цела выдалі зь перабінтаванай галавой.

Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у Бярозаўцы Лідзкага раёну на Горадзеншчыне. Працаваў у будаўніцтве «сам на сябе». Быў мясцовым актывістам, сябрам Сойму Партыі БНФ, каардынатарам руху «За свабоду». Падымаў экалягічныя пытаньні — забруджваньне рэк Дзітвы і Нёмана, забруджваньне паветра бярозаўскім шклозаводам. Выходзіў на адзіночныя пікеты. Усталёўваў разам з паплечнікамі крыжы і помнікі паўстанцам 1863–1864 гадоў у Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях. Шанаваў беларускую мову.

Ашурка затрымалі на некалькі дзён у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, а потым — 19 верасьня 2020 году за падзеі 9 жніўня ў Лідзе. Яго вінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ў тым, што нібыта ўдарыў міліцыянта каленам у жывот. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Ашурку далі 5 гадоў калёніі і прысудзілі кампэнсаваць шкоду міліцыянту ў памеры 1000 рублёў. Пасьля абвяшчэньня прысуду прысутныя выгукнулі «Ганьба!» і «Верым, можам, пераможам!», на іх завялі крымінальную справу за хуліганства.

Кастрычнік 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.