Партыя БНФ » У лідэра БНФ Рыгора Кастусёва, які знаходзіцца пад вартай, падазрэньне на анказахворваньне
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У лідэра БНФ Рыгора Кастусёва, які знаходзіцца пад вартай, падазрэньне на анказахворваньне

Дададзена 14.07.2021 12:16:23 | 1,238 праглядаў

У СІЗА № 1 завершанае мэдыцынскае абсьледаваньне 64-гадовага лідэра Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які знаходзіцца пад вартай, паведаміла БелаПАН дачка зьняволенага Кацярына Кастусёва.

Рыгор КастусёўПаводле яе слоў, стан здароўя бацькі пагоршыўся, вынікі тэстаў паказваюць на анказахворваньне. Сям’я і ён сам асьцерагаюцца, што вяртаньне ў СІЗА КДБ пагоршыць стан яго здароўя.

«13 ліпеня абаронца наведала бацьку. Праз адваката бацька перадаў інфармацыю для грамадзкасьці. Яго стан здароўя пагоршыўся, прыйшоў вынік аналізу на ПСА (тэст на вызначэньне ўзроўню анкамаркера раку ў крыві. — БелаПАН.). У Рыгора Андрэевіча паказчык ПСА вышэйшы за норму ў два разы — 8 адзінак пры норме 4», — паведаміла Кастусёва.

«Бацька скардзіцца на пагаршэньне стану здароўя, прасіў праз адваката дапамогі для шпіталізацыі ў профільную ўстанову аховы здароўя. Асьцерагаецца, што ў яго разьвіваецца пухліна, тым больш што ў 2012–2016 гады ён ужо назіраўся ў мэдыкаў з гэтай жа нагоды. Тады хваробу ўдалося прыпыніць», — сказала дачка.

Са спасылкай на лекара палітык перадаў, што абсьледаваньне, якое прадугледжанае пратаколам рэспубліканскай бальніцы для асуджаных, праведзенае, і яго гатовыя выпісаць найбліжэйшымі днямі. Як заявіла яго дачка, у гэтым выпадку Кастусёў «можа зноў вярнуцца ў невыносныя ўмовы «амэрыканкі», як неафіцыйна называюць СІЗА КДБ.

Адвакат зьвязвалася са сьледчым і прасіла прыняць усе меры для таго, каб Кастусёў атрымаў якаснае мэдыцынскае абслугоўваньне.

2 ліпеня палітык быў экстранна шпіталізаваны ў бальнічную камэру СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Туды ён трапіў з праблемамі з сэрцам, ціскам, ацёкамі канечнасьцяў, дыхавіцай, зблытанай сьвядомасьцю з камэры СІЗА КДБ, дзе ўтрымліваўся з іншымі зьняволенымі ва ўмовах сьпёкі, вільготнасьці і дрэннага доступу сьвежага паветра. Паводле слоў Кастусёва, 17 начэй ён вымушаны быў спаць на падлозе, паколькі для яго не знайшлося спальнага месца.

Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове (Магілёўская вобласьць) і даставілі ў КДБ.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Чэрвень 2023
M T W T F S S
« May    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.