Партыя БНФ » У Бялынічах развіталіся з пісьменнікам і журналістам Васілём Дзеравяшка
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У Бялынічах развіталіся з пісьменнікам і журналістам Васілём Дзеравяшка

Дададзена 10.10.2021 10:16:41 | 568 праглядаў

У Бялынічах 6 кастрычніка спынілася сэрца журналіста, паэта і празаіка Васіля Марцінавіча Дзеравяшка. Ён крыху не дажыў да 73 год…

snimok-11Васіль Марцінавіч Дзеравяшка нарадзіўся 10 лістапада 1948 года ў невялікай вёсцы Запакулле Бялыніцкага раёна. Амаль усё яго далейшае жыццё было звязанае з родным Бялыніцкім раёнам.

Васіль Дзеравяшка скончыў сярэднюю школу № 1 г.п. Бялынічы. У 1971 годзе — Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Працаваў галоўным інжынерам калгаса “Ленінскі заклік”, дырэктарам вытворча-гандлёвай фірмы “Меліса”. Шмат гадоў Васіль Марцінавіч аддаў журналісцкай дзейнасці на пасадзе загадчыка аддзела эканомікі рэдакцыі раённай газеты “Зара над Друццю”. Лаўрэат прэміі ленінскага камсамола Магілёўшчыны (1980), дыпламант рэспубліканскіх і абласных творчых конкурсаў.

Творы Васіля Дзеравяшкі былі надрукаваны ў калектыўных зборніках “Анталогія беларускай байкі”, “Галасы Прыдняпроўя”, “Праменьчык сонца ў маёй душы”,“Васільковае поле Айчыны”, у газетах і часопісах. Асобнымі зборнікамі ў Бялынічах у 2013 годзе былі выдадзены кнігі “Ілюзія шчасця” і “Навелы ля каміна”.

У пачатку і сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя Васіль Марцінавіч Дзеравяшка актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Руху БНФ “Адраджэнне” і Партыі БНФ, узначальваў раённую арганізацыю БНФ. Пазней Васіль Марцінавіч адыйшоў ад палітычнай дзейнасці, і нават значна змяніў свае погляды, але ўсё роўна падтрымліваў сяброўскія стасункі з былымі аднадумцамі.

Рэдакцыя і журналісты інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” выказваюць шчырыя спачуванні сям’і Васіля Марцінавіча Дзеравяшкі, усім яго родным і блізкім.

Вянком памяці Васілю Марцінавічу няхай прагучыць яго верш “Малая радзіма”…

Запакулле. Дом бацькоўскі. Воля.
Маладзенькіх яблынь частакол.
Тут сусед, хахол, Шаўчэнка Коля
Топіць лазню ды пільнуе пчол.
Не суняць тугі і хвалявання,
Калі ў клямцы звякае замок…
Хто мяне разбудзіць на світанні?
Хто намые бульбы ў чыгунок.
Тут не мулка на жалезным ложку
Прыдрамнуць у цішыні вякоў.
Дбайна пчолы жоўтую абножку
Валакуць з духмяных дзьмухаўцоў.
Зойдуць пасля лазні маладухі,
Соты ў місе выстаўлю на стол,
Нацаджу з біклагі медавухі,
Госцям келіх паднясе хахол.
Радаўніца божая настане…
Вёска йдзе на могілкі са мной.
З душамі нябожчыкаў спатканне
Мне заменіць шчасце і пакой.

Паводле сайта “Магілёўскі рэгіён

Снежань 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.