Партыя БНФ » Ілля Дабратвор: «У Варшаве вы практычна не ўбачыце на вуліцы чалавека без маскі…»
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ілля Дабратвор: «У Варшаве вы практычна не ўбачыце на вуліцы чалавека без маскі…»

Дададзена 02.11.2021 12:03:13 | 563 праглядаў

Актывіст Партыі БНФ Ілля Дабратвор распавёў «Народнай Волі» пра тое, як зараз змагаюцца з каранавірусам у Польшчы, а таксама пра сваё жыццё на чужыне.

Нагадаем: пасля допытаў у Следчым камітэце і судоў, якія прысудзілі вялізныя штрафы, Ілля і яго жонка Іна пакінулі Беларусь разам з пяццю дзецьмі, і зараз сям’я жыве ў Варшаве.

Дабратвор 2021Ілля Дабратвор ведае, што днямі ў Беларусі адмянілі масачны рэжым, і распавядае, што ў гэтым плане адбываецца ў Польшчы:

– Месяцы тры таму ў Варшаве таксама адбываліся змены, звязаныя з лакдаўнам. Раней за невыкананне масачнага рэжыму паліцыя магла скласці пратакол. Штраф можна было заплаціць на месцы, або справу накіроўвалі ў суд. Дарэчы, абсалютная большасць пратаколаў паліцыі суд адхіляў, бо закон супярэчыць Канстытуцыі. Тыя пратаколы, што складалі на ўдзельнікаў антыкавідных мітынгаў, суды таксама «адфутбольвалі».

Тым не менш палякі – добрасумленныя грамадзяне, таму вы практычна не ўбачыце чалавека без маскі ні ў магазіне, ні ў грамадскім транспарце. Персанал магазінаў ці, скажам, аўтазаправачных станцый таксама працуе ў масках.

Дарэчы, можна атрымаць штраф, калі не выконваеш правілы каранціну. Раней, калі рабіў ПЦР-тэст і ён даваў адмоўны вынік, то проста тэлефанаваў у санітарную службу, і цябе вызвалялі ад каранціну, а зараз у любым выпадку павінен выконваць каранцінныя меры. Хаця тэрмін каранціну пры адмоўным тэсце скарочаны да 7 дзён.

– Колькі каштуе зрабіць у Варшаве ПЦР-тэст?

– Розныя кошты. Можа быць, гэта будзе дзіўна для беларусаў, але ў Польшчы нават цэны на паліва адной кампаніі могуць быць рознымі на розных АЗС. Тое самае і з тэстамі. Скажам, самыя дарагія ПЦР-тэсты – у аэрапорце, дзе за гэтую паслугу трэба заплаціць 200 злотых (каля 50 долараў). Але ў той жа Варшаве ў спальных раёнах можна зрабіць тэст і ў два разы танней.

– Як праходзіць у Польшчы вакцынацыя?

– Паводле афіцыйных дадзеных, у краіне вакцынавалася ўжо больш за 50 працэнтаў насельніцтва. Але гэта справа добраахвотная.

Калі ты грамадзянін Польшчы, то можаш прыйсці ў любы пункт вакцынацыі. А вось, скажам, беларус, які прыехаў у Польшчу і жадае атрымаць вакцыну, найперш накіроўваецца да ўрача, каб яго занеслі ў адзіную медыцынскую базу.

У Варшаве ёсць пункты вакцынацыі і для грамадзян Польшчы, і для замежнікаў. Ёсць нават такія беларусы, хто спецыяльна прыязджае сюды, каб атрымаць вакцыну Pfizer, Johnson & Johnson ці AstraZeneca.

Калі я вакцынаваўся, то пункт вакцынацыі нагадваў мне «Макдональдс». Пад’ехаў на машыне да аднаго акна – абслужылі і накіравалі на стаянку, дзе зрабілі ўкол. Адразу раздрукавалі і выдалі сертыфікат аб прышчэпцы, хаця дзейнічаць ён пачынае толькі праз два тыдні.

– Без вакцынацыі можна працаваць?

– Безумоўна, таму што, як ужо казаў, гэта справа добраахвотная. Праўда, усё залежыць ад кіраўніка фірмы, дзе працуеш, у многіх існуюць свае карпаратыўныя правілы. Могуць даць зразумець, што невакцынаваны чалавек нясе пагрозу для астатніх.

Напрыклад, я падпрацоўваю, здымаючыся ў масоўках кіно, дык вось там вакцынацыя не патрэбна па той простай прычыне, што кожны дзень перад здымкамі ўсё роўна робяць ПЦР-тэст.

Таксама працую і таксістам, але зноў-такі мне не патрэбна абавязковая вакцынацыя. Хаця, паўтаруся, тут людзі больш адказныя, чым у Беларусі. Без нейкіх дырэктыў зверху робяць усё, каб зберагчы і сваё здароўе, і тых, з кім сутыкаюцца штодзень. Але гэта я кажу пра сталіцу. У польскіх рэгіёнах усё-такі народ менш адказна ставіцца да вакцынацыі. Адпаведна там большы працэнт і захворвання на каранавірус.

– Калі адысці ад тэмы каранавіруса… Вы з сям’ёй у Польшчы ўжо амаль паўгода. Як уладкаваліся? Чым зарабляеце на жыццё?

– Калі прыехаў, то адразу зразумеў: Польшча – гэта краіна, дзе трэба сапраўды працаваць, грошы з неба не зваляцца. Натуральна, калі жадаеш падтрымліваць прыстойны ўзровень жыцця.

Таму я і таксістам працую, і іншыя месцы шукаю, дзе можна зарабіць. У таксі я не прывязаны да пэўнага працоўнага графіка, таму гэта дазваляе пераключацца на іншыя работы.

Дарэчы, мая жонка, калі ёсць настрой, таксама падпрацоўвае таксістам, бо сям’я ж немалая.

– Наколькі вядома, у Мінску яна была настаўніцай у школе…

– Калі прыязджаеш у Польшчу, то твая беларуская адукацыя і спецыяльнасці, што называецца, абнуляюцца. Калі ў цябе не еўрапейскі дыплом, то ён ператвараецца ў звычайны кавалак кардону, таму на гэты момант мы ў Варшаве – людзі з закончанай сярэдняй адукацыяй.

Калі хочаш нечага дасягнуць, то ў Польшчы трэба працягваць вучобу, каб пацвердзіць дыплом. Жонка так і зрабіла, зараз яна вучыцца.

– Як дзеці?

– Ходзяць у школу, але зараз іх з-за пандэміі адправілі дадому на дыстанцыйнае навучанне. Дарэчы, дзецям вельмі спадабалася навучанне ў польскай школе, бо тут зусім іншы падыход да адукацыі, чым у Беларусі. А падыход такі: захацеў вучань пайсці ў школу – пайшоў. Ёсць жаданне ў бацькоў пакінуць дзіця дома – калі ласка. І не патрэбна ніякіх апраўдальных даведак ці тлумачэнняў. Адукацыя школьнікаў – зона адказнасці бацькоў.

– Дзеці наведваюць польскамоўную школу?

– Так, але ў беларускамоўных дзяцей у Польшчы праблем пры навучанні зусім няма. Вельмі лёгка адаптавацца да польскай мовы. Таму хачу ўсім параіць: вучыце мову! Невядома ж, у які бок жыццё можа павярнуцца…

Паводле газэты “Народная Воля”

Снежань 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.