Арыштаваная маёмасць старшыні Партыі БНФ Рыгора КастусёваДададзена 06.11.2021 1:02:53 | 1,319 праглядаў У старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які знаходзіцца за кратамі ў СІЗА КДБ, збіраюцца арыштаваць усю маёмасць. Пра гэта сам палітык паведаміў у лістах да сваіх родных і сяброў.
“…мяне азнаёмілі з рашэннем аб накладанні арышту на ўсю нашу маёмасць. Кватэры і гаража ў Шклове, хаты ў Цяхціне, кватэры ў Магілёве, дзе цешча жыве. Бо кватэру цешча падарыла Ларысе. Яшчэ будуць арыштоўваць машыну. Разумею, што гэты арышт – забарона на права продажу, іншага падобнага распараджэння. Але вельмі непрыемны маральны момант”… Рыгор Андрэевіч перажывае за тое, як успрымуць гэтую навіну родныя, асабліва жонка і цешча. Яму самому вельмі непрыемна, што арышт наклалі нават на старую бацькоўскую хату і цешчыну кватэру… Разам з тым палітык піша пра тое, што стаў адчуваць сябе крыху лепш. “Пасля УЗІ 14/10 мне распачалі рабіць уколы па 2 разы у дзень… І вось гэтых два тыдні хоць адыйшлі вострыя болі і спазмы, што мучылі амаль тры месяцы. Зараз хоць магу спаць нармалёва ў начы… …як збілі болі, то і выспаўся, дакладней адаспаўся за ўсе тыя месяцы. Нервы супакоіліся, ды і псіхалагічныя адчуванні прыйшлі у норму разам з думкамі”, – напісаў Кастусёў. Старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка гэтага года. Пазней стала вядома, што ён праходзіць па крымінальнай справе і абвінававаецца ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Палітык знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Мінску. У 64-гадовага кіраўніка Партыі БНФ падазрэнне на анкалогію, аднак ні самому Кастусёву, ні яго сваякам не паведамляюць пра вынікі абследаванняў. Усе хадайніцтвы аб змене меры стрымання Кастусёву ў сувязі са станам здароўя або адхіляюцца, або ігнаруюцца, нягледзячы на тое, што ніякія следчыя дзеянні з ім не праводзяцца ўжо даўно. Пад вартай лідар БНФ знаходзіцца больш за паўгода. У кастрычніку Рыгору Кастусёву ў чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы, да 12 снежня 2021 года. Напісаць ліст падтрымкі старшыні БНФ ў зняволенні можна на гэты адрас: 220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, Кастусёву Рыгору Андрэевічу |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|