Суд па „справе аб змове” можа пачацца ў студзені-лютым 2022 года?Дададзена 13.12.2021 12:36:25 | 1,762 праглядаў Судовы працэс па „справе аб змове” можа пачацца ў студзені-лютым 2022 года. Пра гэта пішуць СМІ са слоў знаёмых Юрася Зянковіча — аднаго з абвінавачаных па гэтай справе.
Дачка Кастусёва Кацярына кажа, што хадзіла да доктара, каб даведацца вынікі біяпсіі бацькі — у яго было падазрэнне на анкалагічнае захворванне, якое пацвердзілася. Акрамя таго, палітык на нагах перанёс інфаркт. «На днях у бацькі была адвакат. І што мяне радуе, дык гэта тое, што настрой у яго бадзёры, ён больш аптымістычна настроены, а гэта ўжо нямала», — дадае Кацярына. Кастусёва і Фядуту перавялі з турмы КДБ („Амерыканкі”) ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Жонка Фядуты Марына Шыбко кажа, што аніводнага ліста ад мужа з „Валадаркі” яшчэ не атрымала. Следчыя дзеянні з Фядутам не вяліся з лістапада. «У апошнім лісце муж пісаў пра літаратуразнаўцу Марыэту Чудакову. Яна нядаўна памерла, а АІФ (Аляксандр Іосіфавіч Фядута) быў знаёмы з ёй: яны разам былі на канферэнцыі па Булгакаву ў Кіеве: «Гэта была дзіўная кабета, поўная энергіі стварэння.» Пісаў таксама, што гуляюць з сукамернікамі ў нарды. Згадваў Пятра Марцава і ўсю рэдакцыю тагачаснай «БДГ»». Жонка Юрася Зянковіча ад каментароў адмовілася. Але яго знаёмыя і паплечнікі па партыі кажуць, што сітуацыя ў яго такая ж, як і ў затрыманых з ім па адной справе Фядуты і Кастусёва. Ëн проста існуе ў чаканні суда. «З лістамі справа зусім дрэнная. З тых, каго я ведаю, ніхто ад яго нічога не атрымліваў», — пракаментаваў адзін з членаў Партыі БНФ становішча з перапіскай з Юрасём Зянковічам. Праблемы з ліставаннем адзначаюць і іншыя сваякі: «Юрась сам лістоў практычна не атрымлівае. Ад яго да бацькоў таксама іх мала. Але пачуваецца ён больш-менш. Тое пацвярджае і адвакат (калі казаць пра фізічны стан). Следства ідзе, і на сёння кажуць пра магчымы суд у студзені-лютым». З навінаў, якія дачка старшыні Партыі БНФ яшчэ ведае пра бацьку — тое, што Рыгору Кастусёву забаранілі ўзяць з сабой плед і тэлевізар. «Мы яшчэ жартавалі: а як без тэлевізара палітінфармацыю да затрыманых даносіць? А яшчэ ведаю, калі іх нядаўна хацелі вывесці на шпацыр, то вызваліся толькі два чалавекі, таму што выхад затапіла вадой няслаба, і трэба было ісці праз яе. Сказалі, што іншай дарогай нельга ісці. Абсурдная рэч, канечне. Здавалася б, такога ў ХХI стагоддзі быць не павінна» – кажа Кацярына Кастусёва. Тэрмін утрымання Рыгору Кастусёву працягнулі на чарговыя два месяцы — да лютага 2022 года. Хадайніцтвы аб змене меры ўтрымання на хатні арышт праз стан здароўя да гэтага ўвесь час заставаліся без задавальнення.
|
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|