Сябра Сойму БНФ Сяргей Пантус быў вымушаны пакінуць краіну
Дададзена 16.12.2021 10:08:15 | 1,993 праглядаў Актывісты зь Бярозаўкі Андрэй Ашурак і Сяргей Пантус тэрмінова пакінулі Беларусь. Яны даведаліся, што іх плануюць пасадзіць на вялікі тэрмін.
«Нам паступіла інфармацыя, што няважна якім чынам, няважна за што, але мы павінны сесьці надоўга», — камэнтуе сябра Сойму Партыі БНФ і кіраўнік Лідскай арганізацыі БНФ Сяргей Пантус.
Цяпер актывісты знаходзяцца ў бясьпецы ў Польшчы, паведамляе Радыё Свабода.
Напярэдадні, 15 сьнежня, да жыхароў Лідчыны сталі прыходзіць сілавікі ў межах крымінальнай справы, якую завялі неўзабаве пасьля прысуду Вітольду Ашурку — за тое, што людзі выгукнулі ў залі «Ганьба» (артыкул 339 КК Беларусі «хуліганства»).
Праваабаронцы паведамлялі, што тыя, хто раней праходзіў па справе сьведкамі, сталі падазраванымі. Брат Вітольда Андрэй Ашурак праходзіў па гэтай справе сьведкам. Да яго дадому таксама напярэдадні прыходзіла міліцыя.
Актывісты зь Бярозаўкі змагаліся за вырашэньне экалягічных праблем у рэгіёне. Яны ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі Вітольда Ашурка на парлямэнцкіх выбарах. Усталёўвалі крыжы і помнікі паўстанцам Кастуся Каліноўскага.
Вітольд Ашурак загінуў у шклоўскай калёніі пры нявысьветленых абставінах сёлета ў траўні. Пасьля пратэстаў 2020 году яго асудзілі на 5 год калёніі.
У Бярозаўцы засталася 83-гадовая маці Вітольда і Андрэя Ашуркаў Алена Міронаўна.
|