Партыя БНФ » Людміла Івашына: Дзяніс пра прэмію «Журналіст года» ведаў раней за нас
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Людміла Івашына: Дзяніс пра прэмію «Журналіст года» ведаў раней за нас

Дададзена 17.12.2021 12:14:44 | 866 праглядаў

Гродзенскі журналіст Дзяніс Івашын, сябра БНФ, які знаходзіцца за кратамі з сакавіка 2021 года, атрымаў прэмію праваабарончай супольнасці «Журналіст года». Таксама вядома, што ад Дзяніса цягам некалькіх апошніх месяцаў не даходзяць лісты.

Дзяніс ІвашынЗ маці журналіста Людмілай Івашынай паразмаўляў прадстаўнік службы маніторынгу асацыяцыі журналістаў:

— Што значыць для вас і для яго прэмія «Журналіст года»?

— Гэта хіба што адзіная радасць за апошні час, якую немагчыма выказаць словамі. Канешне, мы былі вельмі радыя такой пашане сына. Наколькі быў рады гэтай прэміі Дзяніс, я магу толькі ўявіць.

Жонка Дзяніса Вольга Івашына некалькі дзён таму напісала ў сацыяльных сетках наступную інфармацыю ад Дзяніса: “Шчыры дзякуй за такі вялікі давер мне як журналісту і неабыякаваму да лёсу Беларусі грамадзяніну! Гэтае прызнаньне адназначна натхняе й матывуе мяне, надае псыхалягічную падтрымку ў складаны для мяне й маёй сям’і час. І безумоўна, новы статус патрабуе ад мяне, як той казаў, трымаць марку, годна й аддана працаваць надалей на карысьць Беларусі і яе Народу!”

Маці Дзяніса Івашына кажа, што сын пра тое, што яго адзначылі прэміяй даведаўся раней, чым сям’я змагла яму паведаміць.

“Дзяніс прасіў перадаць усім вялікую падзяку за адзнаку яго працы. А мы спадзяемся, што ён працягне сваю працу дзеля Бацькаўшчыны”, — кажа Людміла Івашына.

— Якія зараз ёсць кантакты з Дзянісам? Ці атрымліваеце вы ад яго нейкія лісты?

— Пачаўся чацвёрты месяц, як мы не атрымалі ад яго ніводнага ліста. Ніякіх вестак ад яго апроч тых, што перадае адвакат пра стан здароўя сына.

З лістамі гэта проста анекдатычная сітуацыя — парушэнне ўсіх правоў і свабод, парушэнне ўсіх іхніх унутраных інструкцый. Мы амаль штодня пішам «турэмшчыкам» скаргі і просім растлумачыць, што адбываецца. Усе інстанцыі проста баяцца нам патлумачыць, хто забараніў яму атрымліваць лісты і адпраўляць нам. Я была ў намесніка начальніка турмы, і ён мне сказаў, хто канкрэтна забараніў ліставанне. У свой час гэтая інфармацыя будзе вядомая ўсім. Сітуацыя вартая жалю, і я так разумею, не толькі ў нас. Але я перакананая, што ўсе атрымаюць напоўніцу за свае парушэнні закона, за гвалт і знішчэнне людзей у засценках, людзей, якіх там ужо тысячы.

— Ці можа Дзяніс атрымліваць пасылкі і перадачы?

— Наколькі нам вядома, арышт быў накладзены на ўсё: і на пасылкі, і на перадачы. Напрыклад, адна з пасылак з Германіі так да Дзяніса і не дайшла. Як паведаміў нам юрыст, гэтую пасылку «прысавакупілі».

Цяпер пасылкі даходзяць, адну канфіскавалі, дзве нашыя недзе боўталіся некалькі тыдняў, але дайшлі ўрэшце. На сёння пасылкі прымаюць, што будзе заўтра — невядома!

Дзянісу Івашыну прад’яўлена два абвінавачанні. Першае паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса (умяшанне ў справы службовай асобы), на падставе яго 12 сакавіка 2021 года журналіста затрымалі супрацоўнікі КДБ. Другое абвінавачанне дадалі ў кастрычніку 2021 года — паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Журналісту пагражае да 15 гадоў зняволення.

 

Напісаць ліст ці адправіць пасылку можна па адрасе:

Івашыну Дзянісу Яўгеньевічу

Турма № 1, 230023, Гродна, вул. Кірава, 1.

 

Дзянісу можна таксама адправіць грашовы перавод:

Турма № 1, Гродна

УНП 590003691

BIC: BAPBBY2X

IBAN: BY81BAPB36429050005540000000

Травень 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.