Партыя БНФ » Сяргей Пантус: «Буду несці праўду пра майго найлепшага сябра – Вітольда Ашурка»
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сяргей Пантус: «Буду несці праўду пра майго найлепшага сябра – Вітольда Ашурка»

Дададзена 19.12.2021 10:56:43 | 1,059 праглядаў

Брат і блізкі сябар загінулага ў беларускай калоніі палітычнага зняволенага Вітольда Ашурка вымушаныя былі пакінуць Беларусь. Цяпер Андрэй Ашурак і Сяргей Пантус знаходзяцца ў Варшаве.

Сяргей Пантус -Яшчэ на мінулым тыдні мужчыны даведаліся, што адноўленая старая крымінальная справа аб беспарадках – і цяпер іх могуць пасадзіць. Справу завялі пасля таго, як падчас вынясення прысуду Вітольду Ашурку прысутныя ў зале сталі скандаваць «Ганьба!».

Самога Ашурка тады асудзілі да пяці гадоў калоніі, дзе ён і памёр. Афіцыйная прычына смерці – падзенне і як вынік траўма галавы. Сябры і сваякі ў гэта не вераць.

Вось што расказаў currenttime.tv пра свой ад’езд і смерць блізкага сябра Сяргей Пантус:

– Я блізкі сябар Вітольда Ашурка, а таксама кіраўнік Лідскай раённай арганізацыі партыі БНФ. Мы цяпер у Варшаве з братам Вітольда, на каранціне знаходзімся, у бяспечным месцы.

На мінулым тыдні, за пару дзён да ад’езду, з крыніцаў, якія я не магу назваць, але якім мы не можам не давяраць, паведамілі, што справу, закрытую пару месяцаў таму, у Гародні абласны следчы камітэт і пракуратура зноўку аднавілі. І ўсе людзі, якія прысутнічалі на судзе, на абвяшчэнні прысуду (нават тыя, якія і не праходзілі раней паводле справаў, і тыя, якія былі сведкамі), – цяпер усе пераводзяцца ў статус падазраваных. Паводле маіх падлікаў, калі я не памыляюся, блізу 70 чалавек было. [Паведамілі], што справы аднаўляюцца, і канкрэтна датычна некалькіх людзей: брата Вітольда Андрэя, мяне, яшчэ некаторых людзей – на іх прыйшла разнарадка, што гэтыя людзі – не важна, за што, не важна, якім спосабам – павінны сядзець. Таму ў нас выбару не заставалася.

Параіўшыся са сваякамі, мы пастанавілі пакінуць межы Беларусі, каб і ў сваякоў менш праблемаў было, ну і дзеля сваёй бяспекі. Бо калі нас пасадзяць, то зразумела, што праўду пра Вітольда не будзе каму раскрыць, не будзе каму гэтым займацца. Ну, і сваякам праблемы. Маці Вітольда… страціць другога сына ёй было б вельмі цяжка, практычна немагчыма гэта перанесці.

[Мае сваякі] мне сказалі, што лепш будзь там і дашлі нам што-небудзь адтуль, чым мы табе ў турму будзем перадаваць перадачы, якія цяпер, як вядома, у Беларусі палітычным абмяжоўваюць, поўная ізаляцыя, шалёныя тэрміны выносяць. Сказалі: так, будзе цяжка, але мы моцныя, мы перажывем.

Перад выходнымі, у пятніцу, мы з Андрэем зарэгістраваліся на сайце беларускага МУС, праверылі, выязныя мы ці не – здзівіліся, былі выязныя. Нам дапамаглі: у панядзелак літаральна за гадзіну зрабілі польскую візу. І ў аўторак уначы мы пастанавілі з Андрэем не чакаць, таму што лік ішоў ужо на гадзіны, цалкам магчыма, – мы паехалі. Прайшлі мяжу даволі спакойна, пахваляваліся, вядома. Ужо будучы на польскім баку, Андрэй тэлефанаваў дадому, пакуль яшчэ беларускія вышкі працавалі, тэлефанаваў жонцы дадому. Даведаўся, што шмат міліцыі падазрона круціцца каля дома, але ў дом пакуль яшчэ не заходзілі, з ператрусамі пакуль не прыходзілі. Будзем спадзявацца, што яны ад сваякоў, даведаўшыся, што мы ўжо тут, адвяжуцца, бо зразумела, што там яны нічога не знойдуць.

У найбліжэйшыя два тыдні мы будзем на каранціне, а потым крыху адаптуемся, знойдзем працу. Бо мы маладыя, дужыя мужчыны, мы на чужых плячах сядзець не збіраемся, будзем працаваць. Але, зразумела, мы не будзем спыняць сваю грамадскую, палітычную актыўнасць, будзем змагацца за будучыню Беларусі. Будзем даносіць праўду пра брата Андрэя і майго найлепшага сябра – пра Вітольда, каб гэтая справа не спусцілася проста на тармазах.

Крымінальная справа наконт ягонай смерці да гэтага часу не заведзеная: спасылаюцца на тое, што яшчэ ідзе праверка. Апошняя адпіска, якую мы атрымалі з пракуратуры Магілёва, што запыт Андрэя быў перасланы ў Генеральную пракуратуру Беларусі, – літаральна за дзень да нашага ад’езду. А сваім меркаваннем я магу падзяліцца толькі тым, што я не веру ў натуральнасць смерці Вітольда. На маю думку, калі гэта было не прамое забойства, то гэта былі створаныя такія ўмовы, якія проста прывялі да смерці. Гэта, можа быць, і катаванні, і адсутнасць сну, і адсутнасць харчавання, неаказанне дапамогі. У прынцыпе, на маю думку, гэта тое самае забойства.

Жнівень 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.