Партыя БНФ » Праваабаронцы ўключылі лідэра БНФ Рыгора Кастусёва ў сьпіс палітвязьняў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Праваабаронцы ўключылі лідэра БНФ Рыгора Кастусёва ў сьпіс палітвязьняў

Дададзена 21.12.2021 9:17:20 | 1,083 праглядаў

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які знаходзіцца за кратамі ад 12 красавіка бягучага года, зхяўляецца палітзьняволеным, правабарончая супольнасьць Беларусі патрабуе яго вызваленьня з-пад варты.

кастусёў 0Пра гэта паведамляецца ў заяве, якая была падпісаная правабарончымі арганізацыямі Беларусі.

У дакумэнце адзначаецца, што цяпер у Беларусі ў дачыненьні да апанэнтаў улады неабгрунтавана прымяняецца ўтрыманьне пад вартай пры адсутнасьць дастатковых падставаў для прымяненьня гэткай меры стрыманьня. У сувязі з гэтым датычна справы старшыні Партыі БНФ асуджаецца ўтрыманьне Рыгора Кастусёва пад вартай па абвінавачаньні ў змове або іншых дзеяннях, што учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады па артыкуле 357 Крымінальнага кодэкса, калі абставіны справы, узрост, стан здароўя зьмешчанага пад варту палітыка сьведчаць аб адсутнасьці неабходных падставаў для ўтрыманьня пад вартай на працягу працяглага часу.

Таксама ў заяве ўзгаданыя і справы яшчэ пяцёх вязьняў, якія ўтрымліваюцца пад вартай працяглы час без дастатковых падставаў, хоць яны не заклікалі да гвалтоўных дзеяньняў па нацыянальных, этнічных, расавых, рэлігійных прыкметах, а іх дзеяньні не прывялі да цяжкіх наступстваў для пацярпелых. Ацэньваючы гэтыя выпадкі крымінальнага перасьледу, праваабаронцы прыйшлі  да высновы аб існаваньні ў кожным з іх палітычнага матыву перасьледу абвінавачаных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэньні паняцьця “палітычны зьняволены”, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці заяўляюць, што далейшае пазбаўленьне волі Рыгора Кастусёва, Сяргея Петрушэнкі, Андрэя Гаруна, Тацьцяны Карповіч, Руслана Кузьміча і Андрэя Аўсіевіча з’яўляецца палітычна матываваным, а яны самі ёсьць палітычнымі зьняволенымі.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных вязьняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Нядаўна тэрмін утрыманьня пад вартай у дачыненьні да старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва быў падоўжаны на чарговыя два месяцы – следства пастанавіла падоўжыць тэрмін яго дасудовага зьняволеньня да лютага 2022 года. У зьняволеньні здароўе Рыгора Кастусёва значна пагоршылася – нядаўна ён быў пераведзены з СІЗА КДБ (“Амерыканка”) ў турэмны шпіталь ў СІЗА №1 МУС на вул. Валадарскага.

Агулам паволе дадзеных правабарончаў у Беларусі на сёньня ў сьпісе палітвязьняў цяпер налічваецца 933 чалавеки. Рашэньне пра прызнаньне чалавека зьняволеным па палітычных матывах прымаецца арганізацыямі беларускай правабарончай супольнасьці на падставе крытэраў, якія былі распрацаваныя экспэртамі Беларусі і краін СНД і былі прадстаўленыя ў 2013 годзе.

Рыгор-Кастусёў-2020Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў

Нарадзіўся 17 красавіка 1957 году ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1982), інжынэр-мэханік.

Служыў у войску (1975-1977).

Працаваў галоўным інжынэрам у гаспадарцы “Друць” Бялыніцкага раёну (1983-1988), дырэктарам гаспадаркі “Іскра” Бялыніцкага раёну (1988-1991), дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (1995-2001).

Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства “Гідрасіла ─ Белая Русь” у Магілёве (2002-2004).

Ад 1989 году удзельнічае ў палітычнай дзейнасьці.

У 1993 годзе абраны старшынём Шклоўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ. З 1996 году — сябра Сойму БНФ. З 2002 па 2009 г. — старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ. У пэрыяд ад 2009 году да 2017 году быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ.

Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў.

У 2004, 2008, 2016 гадах на выбарах дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь быў кандыдатам у дэпутаты ад Партыі БНФ па Шклоўскай выбарчай акрузе, у 2019 годзе вылучаўся ў Менску. У 2012 годзе зьняў сваю кандыдатуру з парлямэнцкіх выбараў у адпаведнасьці з рашэньнем Зьезду Партыі БНФ.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, ад 2008 году узначальваў Магілёўскую абласную кааліцыю АДС.

Рашэньнем Зьезду Партыі БНФ 2010 году быў вылучаны кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад Партыі БНФ. Паводле афіцыйных зьвестак заняў на выбарах чацьвёртае месца з  10 кандыдатаў: паводле абвешчаных Цэнтральнай камісіяй вынікаў, за Рыгора Кастусёва прагаласавалі 126 999 выбаршчыкаў (1,97% галасоў). Заявіў пра нязгоду з вынікамі выбараў, абвінаваціўшы ўлады ў парушэньні выбарчага заканадаўства і незаконных маніпуляцыях пры падліку галасоў. Узяў удзел у акцыі пратэсту пасля выбараў 19 сьнежня 2010 году, быў зьбіты спецслужбамі, арыштаваны і кінуты ў сьледчы ізалятар КДБ. Адзіны з кандыдатаў, які падаў скаргу ў Цэнтральную камісію з патрабаваньнем прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.

30 верасьня 2017 года на XVIII Зьездзе Партыі БНФ (XV Зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”) быў абраны старшынём Партыі БНФ і старшынём Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Пераабраны на новы трохгадовы  тэрмін у лістападзе 2020 году.

Беларус. Праваслаўны. Жанаты. Трое дзяцей.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Травень 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.