Год таму суд Лідскага раёна асудзіў на 5 гадоў зняволення Вітольда Ашурка, які неўзабаве загінуў за кратамі
Дададзена 18.01.2022 12:39:28 | 1,549 праглядаў Роўна год таму – 18 студзеня 2021 года – лідскага актывіста Партыі БНФ і Руху «За Свабоду» Вітольда Ашурка асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд вынес суддзя Максім Філатаў.
Падставай для прысуду стала тое, што ўвечары 9 жніўня 2020 года Вітольд Ашурак удзельнічаў у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў каля Лідскага райвыканкаму. Тады на вуліцы Ліды выйшла каля трох тысячаў чалавек. Ён быў затрыманы і асуджаны на 20 содняў, але вызвалены датэрмінова. Актывіст працягнуў удзельнічаць у пратэстах, і 19 верасня яго зноўку затрымалі. Падчас новага арышту супраць яго распачалі крымінальную справу.
Яму выставілі абвінавачванні паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу – 342, ч. 1 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадкі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і 364 («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»). Суд адбываўся ў закрытым рэжыме, з ініцыятывы суддзі Максіма Філатава. Прычына – нібыта пагроза дзяржаўнай бяспецы.
На пачатку траўня 2021 года Вітольда Ашурка яго этапавалі ў шклоўскую калонію № 17, дзе ён неўзабаве загінуў пры нявысветленых акалічнасцях. Спачатку родным сказалі, што ў мужчыны спынілася сэрца, а праз пяць дзён аддалі цела з перабінтаванай ад макаўкі да носу галавой. У моргу Магілёва патлумачылі, што выпадкова выпусцілі цела, калі даставалі Вітольда з лядоўні. У пасведчанні аб смерці дакладнай прычыны не пазначана.
У адным з апошніх лістоў ён паведаміў, што ў Шклове палітычным зняволеным нашываюць жоўтыя біркі.
Між тым суддзя з Ліды, які асудзіў Вітольда Ашурка, пайшоў на павышэнне. Максіма Філатава прызначылі працаваць у Гарадзенскі абласны суд – на 5 гадоў. Указ пра гэта Аляксандр Лукашэнка падпісаў 31 снежня 2021 года.
|