Беларуска з Палесся: Патрабую вывесці чужое войска з Беларусі!
Дададзена 03.03.2022 10:44:24 | 945 праглядаў
Беларусы патрымліваюць змаганне ўкранскага народу за свабоду і незалежнасць сваёй дзяржавы, пратэстуючы супраць уцягваньня Беларусі ў агрэсію Крамля супраць братняга народу.
Актывістка Партыі БНФ з Маларыты Людміла Рамановіч, былая кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, напісала ў адміністрацыю Лукашэнкі ліст супраць вайны.
«Я, грамадзянка Рэспублікі Беларусь, палешучка. Нарадзіліся за 5 км ад украінскай мяжы, жыву за 15 км ад украінскай мяжы. Усё жыццё гавару на дыялекце ўкраінскай мовы. З задавальненнем карыстаюся беларускай мовай.
Я бачу небяспеку, у якую ўвязаў нас Пуцін са сваімі войскамі. Мы не можам прымаць у гэтым удзел. Краіна Беларусь – гэта не чыёсьці там лецішча: каго хачу, таго і запрашаю на шашлыкі. Я патрабую вывесці чужое войска з Беларусі!
Украінцы нам не чужыя. І такім, як я і спадар Лукашэнка, варта падумаць аб тым, колькі ў нас украінскай крыві. Мне сорамна, што з нашай зямлі ляцяць ракеты ў бок мірных жыхароў Украіны.
Баюся, што беларускіх сыноў могуць адправіць на пагібель. Паляшук не павінен забіваць палешуку па тым баку мяжы. Палешукі з украінскага боку не павінны ўважаць беларускіх палешукоў забойцамі. Нам з украінцамі дзяліць няма чаго.
У кожнага з нас ёсць свой участак зямлі. Мы ганарыліся нашымі добрасуседскімі дачыненнямі. Спадар Лукашэнка не стамляўся пра гэта казаць. Я хачу, каб спадар Лукашэнка прыгадаў, як ён абяцаў украінцам, што ніхто з Беларусі ніколі не прыйдзе да іх са зброяй. Мы не бандыты. Нашы дзеці не акупанты.
Я хачу, каб мае патрабаванні і погляды былі пачутыя ў адміністрацыі, і ў Беларусі, і ва Украіне. Я ўвогуле супраць любой вайны. А вайна з Украінай проста недапушчальная. Я адной крыві з імі. Адной культуры і адной мовы».
