Партыя БНФ » Расея памылілася ў разьліках, але вайна ўступае ў больш крывавую стадыю, — даклад GLOBSEC
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Расея памылілася ў разьліках, але вайна ўступае ў больш крывавую стадыю, — даклад GLOBSEC

Дададзена 09.03.2022 11:50:06 | 984 праглядаў

Праз 10 дзён ад пачатку вайны ва Ўкраіне стала ясна, што Масква пралічылася ў сваім ваенным авантурызьме, — гаворыцца ў дакладзе міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC, што мае сядзібу ў Браціславе.

Галоўная палітычная мэта Масквы — хуткая зьмена рэжыму ў Кіеве — правалілася.

Замест бліцкрыгу ў крымскім стылі ці карнай апэрацыі супраць постмайданнага ўкраінскага кіраўніцтва Расея загразла ў сур’ёзнай вайне, дзе страціла ўжо больш вайскоўцаў, чым за шмат гадоў другой вайны ў Чачні. Калі паглядзець на цяперашнюю сытуацыю ва Ўкраіне, робіцца ясна, што расейскія палітычныя рашэньні прымаюцца ў ізаляцыі: Уладзімер Пуцін дзейнічаў адзін.

Зь іншага боку, Украіна перамагае ў інфармацыйнай вайне і нават у кібэрвайне. Украінская армія працягвае адчайна абараняць краіну, а ўсё грамадзтва мабілізаванае і робіць свой унёсак. Магутныя грамадзянскія пратэсты ў прысутнасьці акупацыйных войскаў ставяць пытаньне, як і за якую цану Масква хоча ўціхамірыць нават расейскамоўныя тэрыторыі Ўкраіны. Складаецца ўражаньне, што вайна можа завяршыць зьмену ідэнтычнасьці, якая пачалася ў 2014 годзе рэвалюцыяй на Майдане — абсалютна насуперак таму, чаго хацеў дасягнуць Пуцін.

Улічваючы, што Расея не дасягнула ніводнай са сваіх палітычных мэтаў, але нясе большасьць выдаткаў, дзякуючы беспрэцэдэнтным заходнім санкцыям, яна мае матывацыю павялічыць інтэнсіўнасьць вайны. Сапраўдная рызыка для Масквы — гэта слабы стан яе арміі, а таксама патэнцыйны рост унутранай незадаволенасьці па меры працягу вайны. Эканамічны шок у сувязі з уплывам санкцый агромністы, супастаўны з распадам СССР. Як ускосны эфэкт вайна будзе мець сурʼёзны ўплыў на заходнія эканомікі, прыводзячы да росту коштаў — ад харчовых тавараў да энэрганосьбітаў. У залежнасьці ад пазыцыі Кітаю наступствы патэнцыйна могуць падзяліць глябальную эканоміку, якая дагэтуль застаецца крохкай у сувязі з пандэміяй.

Расейская памылка ў разьліках

Слабое плянаваньне расейскай арміі, слабая лягістыка, састарэлае абсталяваньне, недахоп эфэктыўнай камунікацыі і каардынацыі, а таксама адчайны ўкраінскі супраціў прадухілілі хуткую перамогу. Праўдападобнае тлумачэньне стратэгічных і тактычных памылак — у тым, што Пуцін быў шчыра перакананы, што пачынае паліцэйскую, а не ваенную апэрацыю. Гэта, прынамсі, можа патлумачыць, чаму расейскія Ўзброеныя сілы на пачатку сваёй місіі дзейнічалі так, нібыта праводзяць міратворчую апэрацыю.

Тым ня менш на паўднёвым фронце ўварваньне расейскіх войскаў з Крыму было нечаканасьцю для ўкраінскіх Узброеных сілаў. Там расейскія войскі мелі неабходную колькасьць жывой сілы, а таксама тэхнічнае і іншае дамінаваньне. Дзякуючы гэтаму Расея кантралюе марскія шляхі і ўчасткі ўзьбярэжжа ад Херсону да Марыюпалю.

Яшчэ адзін «сухапутны мост» знаходзіцца на шляху на Прыднястроўе, атачаючы Адэсу, а расейскія войскі на Данбасе таксама памалу атачаюць украінскія Ўзброеныя сілы. Графічнае параўнаньне расейскага наступу сьведчыць, што, нягледзячы на шматлікія памылкі і страты, расейскія Ўзброеныя сілы працягваюць рухацца наперад. Хоць магутныя пратэсты супраць прысутнасьці расейскіх войскаў ствараюць дадатковы ціск на іх ужо слабы баявы дух, чакаецца, што вайна ўступае ў больш крывавую стадыю.

Ірпень

Эвакуацыя зь мястэчка Ірпень на паўночны захад ад Кіева, 8 сакавіка 2022

 

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Снежань 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.