Партыя БНФ » Вадзім Саранчукоў з БНФ: «Украіна пераможа, а для Беларусі — гэта шанец на лепшае»
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вадзім Саранчукоў з БНФ: «Украіна пераможа, а для Беларусі — гэта шанец на лепшае»

Дададзена 26.03.2022 8:27:28 | 887 праглядаў

Намеснік старшыні БНФ Вадзім Саранчукоў быў адным з арганізатараў пратэстаў у Гародні. Ужо працяглы час ён вымушана знаходзіцца за мяжой, як кажа, у «доўгатэрміновай камандзіроўцы».

ВАДЗІМ САРАНЧУКОЎЗ Вадзімам журналісты паразмаўлялі аб пратэстах-2020, «гродзенскім феномене» і вайне ва Украіне.

— Калі сёння глядзець на падзеі 2020-га ў Беларусі, пра якія памылкі або здабыткі можна казаць?

— 2020-ы ў Гродне быў вызначальным. На жаль, так не атрымалася па ўсёй Беларусі. Тады мы знайшлі агульную мову з мясцовай уладай, сілавікамі, ладзілі прамыя трансляцыі па ТБ, падключалі нашы калонкі ў гарвыканкаме… Па-вайсковаму гэта называецца «увязнуть в атаке». То бок ты азіраешся назад, а там нікога са сваіх няма. Калі б тое, што было ўлетку 2020-га ў Гродне, паўтарылася па ўсёй Беларусі, мы жылі б у іншай краіне.

— Ці тады казаць пра «гродзенскі феномен»?

— Я б не перабольшваў. Няма ніякага «гродзенскага феномену», бо ў нас няма падзелу на захад і ўсход. Няма падзелу, як ва Украіне, як было — прарасійскія і празаходнія. У нас усе аднолькавыя і гэта нармальна — усе хочуць жыць у свабоднай еўрапейскай заможнай краіне.

— Пасля 2020-га паўстала шмат канспіралагічных тэорый: хто з кандыдатаў на каго працаваў, ці была гэта «спецаперацыя» Расіі і г.д. Што думаеш пра гэта?

— Я не думаю канспіралагічнымі катэгорыямі. Трэба рабіць сваю справу і мець ясныя ўяўленні, якой мае быць наша краіна, і з гэтага зыходзіць. Тое самае, што зараз разважаць, ці павінна была адбыцца вайна ва Украіне, чаму менавіта зараз… Гэта не мае сэнсу.

Для мяне няма асобнай вайны ва Украіне. Ёсць вайна Расіі з усім цывілізаваным светам. І Беларусь, і Украіна ў гэтым ключы стаяць на адным фронце. Акупацыя Беларусі адбылася даўно, а зараз — вострая вайсковая фаза гэтай вайны праходзіць ва Украіне. Але прынцыпова нічога не мяняецца. І ўсе мінулыя падзеі, і 2020-ы ўпісваюцца ў гэтую канву.

Таму не трэба пра канспіралогію, трэба мець бачанне будучыні Беларусі. Яно павінна быць не проста прапісанае, а, не ведаю… выбіта наколкамі на целе. Беларуская незалежная нацыянальная дзяржава — так мае быць.

— Украінцы любяць казаць, што беларусы «не даціснулі», «не хапіла духу» у 2020-м. Што думаеш пра гэта?

— У мяне няма шкадавання аб тым, што сам раблю. Я ў палітыцы з сярэдзіны 90-х гадоў. І для ўкраінцаў, якія не разумеюць нашу сітуацыю, у мяне адказ просты: яшчэ паўтара месяцы таму ўкраінцы лічылі Лукашэнку эталонам палітыка. Ну, а сёння гэты «эталон» дазваляе выпускаць ракеты па ўкраінскай тэрыторыі…

Ёсць беларускі народ, перакананы ў сваёй еўрапейскай ідэнтычнасці і сваім выбары. А ёсць тыя, хто заўсёды будзе казаць, што недзе там «не даціснулі». Мне не сорамна за тое, што я беларус. Мой народ заслугоўвае на лепшае.

— Чаму ты з’ехаў з Беларусі?

— Склалася сітуацыя, пры якой маё знаходжанне там было небяспечным. Таму — часова давялося выехаць. Я знаходжуся ў доўгатэрміновай камандзіроўцы. Гэта не выезд, не эміграцыя.

— Як бачыш беларускіх эмігранцкіх палітыкаў?

— Не існуе эмігранцкіх палітыкаў! Ёсць палітыкі, якія мысляць прабеларускімі катэгорыямі, і тыя, якія не мысляць. Я працягваю выконваць свае абавязкі намесніка старшыні партыі БНФ. Пакуль наш старшыня Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў турме — я прызначаны выконваючым абавязкі старшыні. Гэта і фармаванне бачання для нашай краіны, і ацэнкі падзей, якія адбываюцца.

— Ці падтрымлівае БНФ Ціханоўскую, Латушку або каго іншага?

— Мы ніколі не дыскутавалі сітуацыю, што падтрымліваем персанальна некага. Для нас прынцыповая прабеларускасць кожнага асобнага дзеяча. Гэта крытэрый, па якім мы ацэньваем якасць і перспектывы пэўнага палітыка.

— Але канкрэтна, ці з’яўляецца тая ж Ціханоўская тым лідарам, які адпавядае крытэрыям партыі?

— Крытэрыям партыі адпавядае Рыгор Кастусёў, які сёння ў турме па абсалютна надуманых прычынах.

— Раней, у Беларусі, ты займаўся рамесніцтвам, меў майстэрню. Як з гэтым зараз?

— Працягваю займацца. Зарабляю сваімі рукамі. Мне гэта вельмі падабаецца. У дадатак праца дазваляе трымаць галаву чыстай і спакойнай, утрымліваць сябе і сваю сям’ю. Вось, напрыклад, кольцы з унікальнага матэрыялу — гэта кукурузны крухмал. Вельмі экалагічна, прыгожа. Прадаюцца добра — кольцы, завушніцы, іншая біжутэрыя.

— Вяртаючыся да тэмы Украіны. Ці быў пачатак вайны для цябе шокам?

— Ведаеш, уся папярэдняя камунікацыя, з тымі ж украінцамі, падводзіла да таго, што вайна будзе. Гэта было нават не пытаннем часу, а пытаннем маштабу агрэсіі. Паўтаруся, гэта не лакальная вайна, а цывілізацыйны канфлікт. І ўвесь цывілізаваны свет павінен адэкватна ацаніць перспектывы супрацы з Расійскай імперыяй.

— Здаецца, ты здаваў кроў для падтрымкі Украіны?

— Адразу, як пачалося, паўсталі розныя формы салідарнасці. Літоўскі «Чырвоны крыж» збіраў базы крыві для адпраўкі ва Украіну. Я пайшоў і зрабіў — першы раз у жыцці. Гэта не нешта надзвычайнае, гэта павінны быць нормай.

— Шмат хто цікавіцца, як можна зараз дапамагчы Украіне, што рабіць?

— Галоўнае — не зламацца ў галаве. Тая прапаганда, што ідзе па афіцыйных расійскіх і беларускіх каналах, моцна ламае, прыбівае. Ведаю людзей, якія рэальна паддаюцца. Галоўнае для беларусаў у Беларусі — адэкватна ацэньваць сітуацыю. Для беларусаў за мяжой адэкватная ацэнка прасцейшая, а любая актыўнасць вельмі карысная.

Калі можаш напісаць пост у сацыяльных сетках — зрабі. Калі можаш пайсці здаць кроў — зрабі. Калі можаш сабраць гуманітарную дапамогу — зрабі. Калі можаш памагчы ў пераломе свядомасці для беларускіх чыноўнікаў ці вайскоўцаў, каб нашы хлопцы не паехалі на вайну, — тое самае.

Любая зброя тут карысная. Не бывае слабых людзей. Кожны, нават маленькі крок, — гэта крок да перамогі.

— Ці можа гэтая вайна стаць шансам для Беларусі?

— Вокны магчымасцей сапраўды адчыняюцца. Гэты стрэс, які перажывае ўся цывілізацыя, і ён таксама — гэта акно магчымасцей. Перакананы, што Украіна пераможа ў гэтай вайне, а Расію чакаюць вялікія змены. Для Беларусі, якая сёння знаходзіцца пад расійскай акупацыяй, — гэта таксама шанец на лепшае заўтра.

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Травень 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.