Напярэдадні Дня Волі быў кінуты за краты Сяргей Стрыбульскі
Дададзена 01.04.2022 10:44:38 | 880 праглядаў У Менску напярэдадні свята 25 сакавіка быў затрыманы сябра Партыі БНФ Сяргей Стрыбульскі, былы фігурант справы “Белага Легіёна” (“справы патрыётаў” 2017 года).
Праваабаронцам вядома, што 23 сакавіка спадара Стрыбульскага затрымалі, пры гэтым сілавікі яго збілі. У яго адбыўся ператрус. На наступны дзень — 24 сакавіка — Сяргею прысудзілі 15 дзён адміністрацыйнага арышту. Па якім артыкуле — невядома. Цяпер яго трымаюць у ІЧУ на завулку Акрэсьціна. Пакуль дакладна невядома, у якім статусе знаходзіцца спадар Стрыбульскі і ў межах якой справы яго затрымалі.
Сяргея Стрыбульскага затрымлівалі летась увосень паводле абвінавачання ва ўдзеле ў пратэстах, тады ў яго забралі тэхніку і «пратэставую» сымболіку.
Раней Сяргей Стрыбульскі быў затрыманы вясной 2017-га, калі адбылася “зачыстка” былых сябраў “Белага Легіёна”. Тады ён правёў за кратамі 99 дзён і быў вызвалены — справу закрылі праз адсутнасць складу злачынства. Спачатку затрыманых абвінавачвалі ў падрыхтоўцы да “масавых беспарадкаў”, пасля – у “стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання”. У выніку крымінальную справу закрылі за адсутнасцю складу злачынства. Стрыбульскі сярод іншых фігурантаў справы спрабаваў атрымаць кампенсацыю маральнай шкоды, але суд Маскоўскага раёна Менска вясной 2018-га адмовіў. Пасля гэтага быў зварот у Камітэт правоў чалавека ААН.
Тая справа «Белага легіёну» разгарнулася пасьля таго, як 21 сакавіка 2017 году Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэнаваліся ў лягерах са зброяй». Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых.
|