Партыя БНФ » Сябра Сойму БНФ Ігар Казмярчак – пра жыццё Чарнігава пад бомбамі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сябра Сойму БНФ Ігар Казмярчак – пра жыццё Чарнігава пад бомбамі

Дададзена 02.04.2022 7:45:29 | 896 праглядаў

«Самае страшнае — авіяцыйная бамбёжка. Калі ляціць самалёт, ад яго характэрны шум. Авіябомбы страшныя па сваёй разбуральнасці. Я назіраў, як падалі авіябомбы: гэта было далекавата, але такі «грыб» вогненны вырастаў, што на плошчы ў 100-200 метраў, відаць, нічога жывога і не заставалася, — прыгадвае беларускі журналіст і сябра Сойму БНФ Ігар Казмерчак месяц пад бамбёжкамі ў Чарнігаве.

КазьмерчакІгар Казмерчак — сябра Сойму БНФ і кіраўнік аршанскай арганізацыі Фронту, заснавальнік рэгіянальнага медыя Orsha.eu, восенню мінулага года з’ехаў пад ціскам рэпрэсій у Чарнігаў, будаваў планы развіваць беларускую супольнасць. Але. Ён месяц пражыў пад бамбёжкамі ў Чарнігаве, на днях змог выехаць у Львоў. Ігар расказаў пра падзеі ў горадзе, новы досвед, новыя каштоўнасці і свой прагноз, як будзе развівацца сітуацыя.

Эвакуацыя: Звычайна дарога ад Чарнігава да Львова заняла б 8 гадзін, а мы ехалі трое сутак

— Эвакуацыя мне больш за ўсё, асабліва ў першыя гадзіны, нагадала фільм «Імгла» (Фільм зняты па матывах аповесці Сцівена Кінга «Туман» (The Mist, 1980)) — туман накрывае горад, напрыканцы фільму выходзяць з гандлёвага цэнтру і бачаць, што адбылося з горадам, яны ўвесь час адчуваюць небяспеку, бо на іх могуць напасці монстры. Адзін у адзін так выглядала наша эвакуацыя.

Мы ехалі праз разбомбленыя вуліцы, разумелі, што ў любы момант можа накрыць мінамётны агонь, бачылі расстраляныя машыны — пару вайсковых, але большасць былі цывільныя. Наступствы вайны шмат дзе відавочныя: праязджалі палі, на іх тырчалі неразарваныя ракеты, як кукурузіны непрыбраныя. Бачыў лагеры для бежанцаў, дзве ночы там правёў.

Звычайна дарога ад Чарнігава да Львова заняла б 8 гадзін, а мы ехалі трое сутак. Уражвае гэта ўсё.

Чым далей ад Чарнігава, тым менш слядоў вайны. Здаецца, у Вінніцкай вобласці ўбачыў трактар, за якім ішоў чорны шлейф, думаў, нешта гарыць. Але гэта быў узняты пыл ад сухой зямлі. У мяне дагэтуль парушаныя асацыяцыі — што норма, а што не норма. Напэўна, так і выглядаюць ваенныя сіндромы.

У Чарнігаве засталося шмат эмоцый — я любіў гэты горад і да вайны. Недзе праз год пасля «аранжавай рэвалюцыі» першы раз трапіў у Чарнігаў, з таго часу бываў там штогод, так лёс складаўся. Таму быў рады, калі пасяліўся ў гэтым горадзе.

Думаю, у нейкі момант усё адно давядзецца туды вярнуцца. Там кавярня была, дзе сёмая кава — бясплатна, а ў мяне за дзень да вайны набралася шэсць купонаў. За сёмай бясплатнай дакладна давядзецца паехаць (смяецца).

Моцна пацярпелі ўскраіны Чарнігава — дзе даставала расійская артылерыя, ускраіны бамбілі моцна. Кепска ўсё стала з медыцынай. Я не ведаю, па шчырасці, колькі бальніц было ў Чарнігаве, але ёсць адчуванне, што іх усе бамбілі ці побач праляталі снарады і павыбівала вокны. Пацярпелі помнікі архітэктуры. На шчасце, не самыя важныя, але гэта ўсё адно непрыемна.

Разбураная інфраструктура. Пакуль я быў там, то не зусім усведамляў, наколькі ненармальна ў ХХІ стагоддзі хадзіць з зарадкаю, спадзеючыся, што дзесьці атрымаецца падзарадзіць тэлефон. Некалькі дзён я праседзеў без электрычнасці — не чытаў навін, не было ніякай інфармацыі.

Я не асэнсоўваў, што набіраць ваду з ракі, якая да таго ж крыху смярдзіць, для мыцця і туалета таксама не норма, так не павінна быць. Людзі не павінны гатаваць ежу на вогнішчы ў двары.

Пачало даходзіць, што гэта ўсё ненармальна, толькі калі пабачыў у полі той самы трактар. Чым далей ад Чарнігава, тым усё больш мірнае жыццё. Нават сустрэлася крама з нізкаградусным алкаголем. У Чарнігаве, калі вайскоўцы бачылі людзей з алкаголем, разбівалі бутэлькі. У Чарнігаве ўсё гэта здавалася нормай, бо ўсе так жывуць. Але не.
Жыццё падчас вайны: Калі чуеш авіябомбу, арганізм патрабуе, каб ты некуды бег, хаваўся

Першыя дні арганізм не разумее, як паводзіцца пад бамбёжкамі. Можа баяцца, у мяне ён «прасіў» спаць, змяншаецца апетыт. А потым разумееш, што ў крамах цяжкавата знайсці нешта. То, можа, гэта і добра.

Самае складанае — мыцца, калі няма вады, цяпла. Праз некалькі тыдняў я навучаўся ваду з ракі выстаўляць у вядры на балконе на сонца, каб яна прагравалася і можна было хоць крыху галаву памыць. Калі пад Кіевам на аўтазапраўцы змог памыць пад кранам рукі цёплай вадой, гэта было адчуванне поўнага шчасця. А потым яшчэ і цёплая ежа…

Не параіў бы нікому гэта перажываць. Да артылерыйскіх атак прывыкаеш, я хоць ні дня не служыў у войску, але ўжо ведаю па гуку, дзе артылерыя працуе «на выхад», а дзе «на ўваход». Самае страшнае — авіяцыйная бамбёжка. Калі ляціць самалёт, ад яго характэрны шум. Але разумееш, калі і чуеш яго, што ў гэты момант ён ужо ў іншым месцы. Авіябомбы страшныя па сваёй разбуральнасці. Я назіраў, як падалі авіябомбы: гэта было далекавата, але такі «грыб» вогненны вырастаў, што на плошчы ў 100-200 метраў, відаць, нічога жывога і не заставалася.

Авіябомба патрапіла ў гатэль «Украіна» ў Чарнігаве, думаю, шмат хто бачыў гэтыя фота — будынак стаў выглядаць бы літара «м», проста некалькі паверхаў было знішчана. Аскепкі адляталі на сотні метраў. Калі чуеш авіябомбу, арганізм патрабуе, каб ты некуды бег, хаваўся.

Ігар Казмерчак — пра «ваенны сіндром»

Можна доўга распавядаць, але такі досвед немагчыма зразумець. У дарозе я думаў пра гэта і параўнаў з пеклам. Мы як бы разумеем, што яно ёсць, можам паверыць у яго, але пакуль не пабываем, то не ведаем дакладна. Ніхто не зможа да канца зразумець, як гэта. Можна паверыць, але не зразумець.

Шмат адбываецца ўнутры цябе падчас авіяўдару: жаданне бегчы ад авіябомбаў, пры тым, ты не ведаеш, куды бегчы. Проста інстынкты, натуральныя рэакцыі арганізма схавацца. І гэта не паніка.

На вайне таксама шмат побытавых раздражненняў: напрыклад, няма святла — і ты не можаш напісаць родным, што жывы.
Пра інфармацыю і прапаганду: Самасвядомасць украінцаў не пачалася ў 2020 годзе, як у многіх беларусаў

— Людзі пераважана праз Тэлеграм атрымліваюць інфармацыю. Гэта важная крыніца, хаця пакуль у мяне быў тэлевізар, я ўключаў яго. Ноччу можна было пачуць паветраную трывогу на чарнігаўскіх каналах. Давяраюць — хто каму і чаму хоча. У чарзе па ваду можна наслухацца рознай ахінеі і плётак.

Але, не зважаючы на адсутнасць тэлебачання, людзі вераць ва Украіну. Прапаганда Расіі ніяк не паўплывала на іх светапогляд. Іх самасвядомасць не пачалася ў 2020 годзе, як у многіх беларусаў. Украінцы прайшлі доўгі шлях да асэнсавання сябе.

Што тычыцца сайта Orsha.eu, дык мы не адны заблакаваныя. Наведвальнасць упала моцна, але ў нас былі развітыя сацсеткі і мы зрабілі на іх акцэнт пасля блакіроўкі. Раней гэта быў самы папулярны сайт пра Оршу, а хутка будзем самым папулярным аршанскім рэсурсам у сацыяльных сетках: у нас высокае месца ў Instagram, някепскія пазіцыі ў «Вконтакте», хутка раскручваецца Youtube, бо я вёў відэадзённік падчас вайны, таксама з’яўляюцца відэа з нейкіх здарэнняў у Оршы.

Я не бачу катастрофы. У нас цяпер шмат «агентуры», якая дае інфармацыю з горада, але, мяркую, што калі зʼявіцца магчымасць зноў працаваць у Беларусі, то мы не толькі вернем свае пазіцыі, але і ўзмоцнім іх. Гэта добры досвед у экстрэмальных умовах. І я хачу падзякаваць усёй рэдакцыі, якая працавала, пакуль быў без сувязі.

Гэтая вайна насамрэч моцна паскорыла ўсе гістарычныя працэсы, якія і так відавочныя. Я прадказваю — і разумею адказнасць за такія аптымістычныя прагнозы, што да канца года не будзе ні Пуціна, ні Лукашэнкі. Мы вернемся ў Беларусь і зможам нармальна працаваць у легальным полі.

Я паглядзеў, як працуюць СМІ ва Украіне, ведаю, якія медыя ў Польшчы, Літве. Беларускія дзяржаўныя раёнкі — гэта поўны «калгас». Перабіць іх аўдыторыю будзе вельмі проста. Таму я чакаю, калі сітуацыя зменіцца і мы зможам нармальна працаваць і атрымліваць з гэтага добры вынік.

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Травень 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.