Партыя БНФ » Вольга Івашына: “Ролікі пра Дзяніса – ілжывая прапаганда”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вольга Івашына: “Ролікі пра Дзяніса – ілжывая прапаганда”

Дададзена 03.04.2022 12:03:16 | 1,649 праглядаў

Больш за год, з сярэдзіны сакавіка 2021 года за кратамі ў гарадзенскай турме знаходзіцца журналіст, сябра БНФ Дзяніс Івашын.

Дзяніс ІвашынЯго жонка Вольга заўважыла, што па дзяржаўным тэлебачанні Беларусі пачалі паказваць ролікі пра Дзяніса. Пра тое, што ў гэтых роліках, распавядае Вольга Івашына.

– Пра нібыта створаную агентурную сетку дыпламатамі Украіны на тэрыторыі Беларусі. І, канешне, паводле версіі камітэтчыкаў, шукалі сярод грамадзянаў Беларусі патэнцыйных агентаў. Адным з іх нібыта выстаўляюць Дзяніса, што ён з куратарамі працаваў, выконваў іх заданні, збіраў суперсакрэтныя звесткі.

Вольга лічыць гэтыя ролікі прапагандай і фэйкам. – Усё што паказана, гэта толькі іхняя інтэрпрэтацыя таго, што нібыта нешта было. Паказваюць толькі адзін бок, прычым займаюцца прапагандай, усё ў роліках выглядае, як чыстая прапаганда. Там шмат хлуслівай інфармацыі. То бок, праўда толькі тое, што яны сачылі за ўкраінскімі дыпламатамі і паказвалі фота з ператрусу ў нашай хаце.

Міністэрства замежных спраў Украіны адрэагавала на заявы Камітэта дзяржаўнай бясьпекі Беларусі аб нібыта «шпіёнах», якія працавалі ў пасольстве Ўкраіны. Як адзначыў сьпікер МЗС Украіны Алег Нікаленка, Беларусь запісала ў шпіёны работнікаў пасольства, якія да поўнамаштабнага ўварваньня сотні разоў сустракаліся з афіцыйнымі асобамі краіны і былі афіцыйнымі прадстаўнікамі розных украінскіх ведамстваў – у тым ліку Міністэрства абароны і Службы бясьпекі. Паводле яго, такую дзейнасьць наўрад ці можна назваць «пад прыкрыцьцём». «Разьлічваем, што канчатковай мэтай гэтай правакацыі не зьяўляецца ўзмацненьне антыўкраінскай гістэрыі ў Беларусі, каб апраўдаць падтрымку ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны», – цытуюць Нікаленку ўкраінскія СМІ.

Раней прадстаўнік КДБ РБ заявіў, што супрацоўнікі амбасады Ўкраіны ў Беларусі ажыцьцяўлялі агентурную выведку, робячы спробы сфармаваць разгалінаваную сетку інфарматараў зь ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама асабіста зьбіралі выведную інфармацыю, у тым ліку ў дачыненьні да беларускіх вайсковых аб’ектаў. «На працягу апошніх гадоў фіксавалася актыўная выведная дзейнасьць з пазыцыі амбасады Ўкраіны ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама консульства гэтай дзяржавы ў горадзе Берасьці», — цытуе БелТА намесьніка начальніка Сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанціна Бычака. Бычак таксама паведаміў, што «ў дзеяньнях асобных украінскіх дыпляматаў ёсьць прыкметы злачынства, прадугледжанага артыкулам 358 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (шпіянаж). Аднак у адпаведнасьці з арт.31 Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных зносінах названыя асобы карыстаюцца імунітэтам ад крымінальнай юрысдыкцыі дзяржавы знаходжаньня». Бычак заявіў, што ягоным ведамствам «прынятыя вычарпальныя меры па скоўваньні разьведдзейнасьці праціўніка і ліквідацыі рэзыдэнтуры, якая дзейнічала пад дыпляматычным прыкрыцьцём». КДБ таксама абвінаваціў у працы на спэцслужбы Ўкраіны журналіста Дзяніса Івашына. Івашын вядомы сваімі расьсьледаваньнямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь, пра скандальную забудову ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх «беркутаўцаў» у сілавыя структуры Беларусі. Ён трапіў у поле зроку КДБ у 2017 годзе дзякуючы «дэструктыўнаму характару» дзейнасьці ў інтэрнэце.

Публічныя абвінавачаньні ў шпіянажы, «зь піярам на ўсю краіну», з пракручваньнем ролікаў у дзяржаўнай тэлевізіі, як сказала Вольга Івашына, крыху зьдзівілі, бо з самага пачатку сьледчае ўпраўленьне УКДБ Горадзенскай вобласьці спрабавала схаваць нават інфармацыю аб выстаўленых Дзянісу абвінавачаньнях.

«Мы амаль два месяцы спрабавалі дабіцца ад сьледчых хаця б назваў артыкулаў. Перапіска з мужам заблякаваная, аб перадачы справы ў суд і азнаямленьні з яго матэрыяламі гаворкі няма. І тут цуд: уласнаручна яны расьпісваюць усе свае выдумкі. Гэта зьвязана з тым, што Дзяніса спрабуюць паказаць удзельнікам выдуманай „агентурнай сеткі“, якую нібыта стварылі ўкраінскія дыпляматы», — кажа Вольга.

Самога Дзяніса, з словаў Вольгі, новы паварот у ягонай справе ня толькі не зьдзівіў, але, магчыма, нават крыху супакоіў:

«Пра яго пачалі гучна казаць, узьнялі яго ўзровень як журналіста(…) Дзяніс паставіўся да гэтых абвінавачаньняў даволі іранічна, сказаўшы, што нічога дрэннага пра яго ў выніку не сказалі, апісалі ўсе яго найлепшыя бакі і дасягненьні. Ён нават падзякаваў ім за піяр. Дзяніс па-ранейшаму пачуваецца ўпэўнена і працягвае змагацца».

Да таго ж, лічыць Вольга, зараз можна паспрабаваць прасунуць ідэю абмену журналіста на расейскіх ваеннапалонных.

«Справа Дзяніса ня можа быць вырашана на ўзроўні палявых абменаў паміж асобнымі баявымі часткамі, а афіцыйных абменаў ваеннапалоннымі да нядаўняга часу не было. Цяпер, калі яны пачаліся, можна зьвяртацца да афіцыйных украінскіх уладаў з прапановай уключыць у сьпіс на абмен Дзяніса», — расказала Вольга.

Ад Дзяніса Івашына ўжо больш за паўгода няма аніякіх лістоў да сям´і і адзіныя звесткі, якія даходзяць да жонкі і маці Дзяніса – гэта тое, што можа паведаміць адвакат, які знаходзіцца пад падпіскаю аб неразгалошванні справы.

Адрас для лістоў падтрымкі: Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірова, 1 – Івашыну Дзянісу Яўгенавічу.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Чэрвень 2023
M T W T F S S
« May    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.